Экс-следчага Яўгена Юшкевіча асудзілі да 11 гадоў калоніі Дапоўнена
У Мінскім гарадскім судзе 26 снежня абвесцілі прысуд 33-гадоваму былому следчаму і ініцыятару праекта ByChange Яўгену Юшкевічу — 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Менавіта такі тэрмін і запрашвала дзяржаўнае абвінавачванне. Больш за месяц у закрытым рэжыме яго судзілі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за "арганізацыю масавых беспарадкаў" у 2020 годзе, "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" ў інтэрв'ю і тэкстах у сацсетках, "пагрозу гвалтам" начальніку ІЧУ на Акрэсціна праз твіт. Паведамляецца, што Юшкевіч быў "актыўным удзельнікам Telegram-чата "ХАТА", дзейнасць якога накіравана на арганізацыю злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці". Справу супраць палітвязня разглядала суддзя Алена Ананіч. Яўген за кратамі знаходзіцца год і восем месяцаў.
Яўген Юшкевіч — былы следчы Следчага камітэту. У 2017 годзе ён звольніўся з пасады старшага следчага аддзела па расследаванні эканамічных злачынстваў Упраўлення Следчага камітэта па Мінску, а ў 2020-м стаў распрацоўшчыкам і ініцыятарам праекта bychange.me, які дапамагаў у навучанні, перападрыхтоўцы сілавікоў, дзяржслужачых і людзей, якія сышлі з працы па меркаваннях сумлення ці якіх звольнілі.
Першы раз Яўген быў затрыманы ўвечары 24 лістапада 2020 года ў Мінску. Тады Яўгену інкрымінавалі ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Але праз 10 сутак яго вызвалілі са следчага ізалятара № 1.
Другі раз Яўгена Юшкевіча затрымалі 19 красавіка 2021 года па падазрэнні па арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму). Дома ў яго правялі ператрус, а яго самога змясцілі ў СІЗА КДБ, куды доўгі час не пускалі адваката. За месяц да затрымання ў машыне, якая належыць яго бацьку, невядомыя ўсталёўвалі праслушку — адпаведнае відэа з рэгістратара Яўген апублікаваў у фэйсбуку.
У Яўгена ўзялі падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў справы, каб ён нават сваім сукамернікам не мог распавесці, у чым яго канкрэтна абвінавачваюць. Сам палітвязень расцэньваў у лістах на волю свой пераслед і затрыманне як помсту за выкладзенае відэа з усталёўкай праслушкі ў машыне яго бацькі, на якой ён прыехаў 17 сакавіка на допыт у Следчы камітэт.
4 траўня Юшкевіч быў пазбаўлены звання старшага лейтэнанта юстыцыі запасу.
Што за Telegram-чата "ХАТА"?
Хоць працэс праходзіў у закрытым рэжыме, Генеральная пракуратура паведаміла, што Юшкевіч быў "актыўным удзельнікам Telegram-чата "ХАТА", дзейнасць якога накіравана на арганізацыю злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці". Можна меркаваць, што менавіта ўдзел у чаце кваліфікавалі як арганізацыю масавых беспарадкаў і дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 1 арт. 293 і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Неўзабаве пасля пасадкі самалёта з экс-рэдактарам Nexta Раманам Пратасевічам і адміністратаркай "Чорнай кнігі Беларусі" Соф'яй Сапегай актывіст з'явіўся ў эфіры праграмы "Маркаў. Нічога асабістага" на АНТ. 3 чэрвеня 2021 года ён распавядаў пра чат "Хата", за ўдзел у якім цяпер і асудзілі Юшкевіча. Паводле яго, гэта чат, у якім адміністратары найбуйнейшых тэлеграм-каналаў абмяркоўвалі план акцый пратэсту.
"Можна сказаць, гэты чат «Хата», ён па-рознаму называўся, пераствараўся, меў розныя назвы. Галоўнае, было гэта ключавое слова «Хата». Там былі адміністратары найбуйнейшых каналаў, блогеры і гэтак далей. І менавіта там адбывалася сапраўды, гэта быў такі галоўны каардынацыйны чат вулічных пратэстаў і інфармацыйнага парадку.
Сцяпан Пуціла, Ян Рудзік пазней туды стаў уваходзіць, Тадэвуш Гічан, таксама туды ўваходзіў Франак Вячорка, які мог прыйсці туды і напісаць адразу канкрэтныя тэзісы, па якіх мы павінны былі працаваць. Антон Матолька, Даніла Багдановіч. Раней там прысутнічалі такія персанажы, як Шрайбман, Пальчыс, Юшкевіч, а таксама Настасся Рагатко, якая мае дачыненне да дзейнасці штаба Святланы Ціханоўскай, Вікторыя Пальчыс, жонка Эдуарда Пальчыса. Дзмітрый Навоша, у прынцыпе, дастаткова вядомы медыйны чалавек, Яўген Малахоўскі, які працаваў у асноўным з дваровымі чатамі і дваровымі ініцыятывамі. Там, у асноўным, і прымаліся ўсе асноўныя рашэнні аб тым, дзе пройдзе наступная акцыя, які мы павінны трымаць інфармацыйны парадак у найбліжэйшы час. Там абмяркоўваліся ўсе актуальныя падзеі, усе здарэнні. Па сутнасці, адзін чат выконваў ролю галоўнага каардынацыйнага чата ўсёй інфармацыйнай вайны і вулічных пратэстаў", — сцвярджаў Пратасевіч.
На той момант Юшкевіч быў ужо затрыманы. Верагодна, яго цяпер асудзілі за арганізацыю ўсіх вулічных акцый пратэсту ў 2020 годзе.