"Я дагэтуль не зразумеў, як майткі даказваюць блакаванне дарог", — былы палітвязень распавёў сваю гісторыю
Былы палітзняволены Аляксандр Андрушкевіч, які быў вымушаны пакінуць Беларусь пасля вызвалення з СІЗА, распавёў "Вясне" пра збіванні супрацоўнікамі ГУБАЗіКа і крадзеж імі грошай, перапоўненыя камеры на "Валадарцы" і бела-чырвоныя майткі як доказ па крымінальнай справе, а таксама як супраць палітзняволеных фабрыкуюць справы за парнаграфію.
"Пацягнуў мяне за іх наверх па лесвіцы — проста як пакет"
У межах крымінальнай справы Аляксандра затрымалі сёлета ўвесну. Яго, як і шматлікіх беларусаў, ідэнтыфікавалі праз здымак з Маршаў і распачалі супраць яго крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Супрацоўнікі ГУБАЗіКа жорстка затрымлівалі Аляксандра 14 красавіка:
"Каля 11-й гадзіны раніцы я прачнуўся ад моцнага груку ў дзверы. Я адразу падумаў, што прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, але надоечы мой сусед па кватэры забыўся ключы і дакладна гэтак жа грукаў у дзверы, таму я не быў упэўнены, хто гэта. Сусед не адказваў на маё паведамленне, і хвілін праз 15 я выйшаў з дома пакурыць. Да мяне падышоў хлопец і папрасіў цыгарэту — я яму аддаў сваю. Потым з машыны выйшаў іншы мужчына і таксама папрасіў цыгарэту. Я зразумеў, што гэта супрацоўнікі міліцыі, таму пачаў уцякаць. Я кінуў свой тэлефон на лесвіцу, каб разбіць яго і не даць доступ сілавікам. Супрацоўнік паваліў мяне і пачаў біць па галаве. Ён надзеў мне кайданкі і пацягнуў мяне за іх наверх па лесвіцы — проста як пакет. Пасля гэтага ў мяне некалькі месяцаў было зняменне вялікага пальца на адной руцэ".
Пабіты тэлевізар, выдраная старонка пашпарта і выкрадзеныя грошы
Калі сілавікі прыцягнулі Аляксандра да ягонай кватэры, то пачалі біцца ў дзверы, нягледзячы на тое, што хлопец аддаў ім ключ. Трапіўшы ў кватэру, супрацоўнікі адразу спыталі, дзе ляжыць бел-чырвоны-белы сцяг.
"Я сказаў дзе — яны забралі сцяг. А перад гэтым супрацоўнік, які мяне збіваў, разбіў тэлевізар і, як пасля высветлілася, іншую тэхніку. Я стаяў тварам да сцяны, таму не бачыў, чым менавіта ён разбіваў, але, хутчэй за ўсё, дубінкай. Калі я пацікавіўся, навошта было разбіваць, ён абгрунтаваў гэта тым, што я разбіў тэлефон і нібы кінуў яго ў іх.
Пасля ён паказаў мне фатаграфію "Белсата" з пратэстаў і пачаў пытацца, дзе адзенне, у якім я тады быў. Калі не знаходзілі штосьці, то ён "удрукоўваў" мяне галавой у сцяну".
Пры гэтым усім не было панятых, пастановы на вобшук таксама не склалі.
"Гэты вобшук наогул не фігураваў у матэрыялах крымінальнай справы. Нібыта мяне затрымалі на Акрэсціна пасля праведзенай праверкі з нагоды публікацыі каналам "Жоўтыя слівы" рэпоста майго "пакаяльнага" відэа і фота вобшуку з канала ГУБАЗіКа".
Паводле Аляксандра, супрацоўнік, які збіваў хлопца, вырваў галоўную старонку з ягонага пашпарта. У пашпарце ляжалі 180 даляраў і 5 рублёў.
"Калі мяне прывезлі ў Заводскі РУУС, то высветлілася, што ў мяне выняты толькі 30 даляраў, 15 рублёў і манеты. Адкуль з'явіліся яшчэ 10 рублёў — я не ведаю. Магчыма, гэта кампенсацыя за 150 даляраў, якія былі выкрадзеныя разам з пашпартам і вайсковым білетам. Я адмаўляўся падпісваць вопіс. На нейкім этапе зніклі і 15 рублёў: ці то ў РУУС, ці то на Акрэсціна. Так што мяне абакралі двойчы. Не ведаю, хто менавіта з супрацоўнікаў ГУБАЗіКа выкраў 150 даляраў, але па іроніі лёсу адзін з іх гадоў восем таму шукаў для мяне скрадзеную рэч. Пра гэта ён расказаў мне сам".
Таксама ў хлопца забралі каля 30 лістоў ад палітвязняў, якія пазней далучылі да крымінальнай справы. Сярод іх быў адказ ад Марфы Рабковай.
"Калі мы ехалі ў ГУБАЗІК, то яны смяяліся, што ў Рабковай зубы пасыпаліся. У СІЗА ўмовы такія, што трох месяцаў досыць, каб зубы зрабіліся вельмі крохкімі. У мяне самога пасля чатырох з паловай месяцаў за кратамі зубы пачалі крышыцца. Таксама праз вельмі дрэннае асвятленне там шмат у каго псуецца зрок".
"Пачаў мяне біць, каб я запісаў відэа"
Па прыездзе ў ГУБАЗіК Аляксандра паклалі тварам у падлогу і працягнулі збіваць.
"Яны прыводзяць у кабінет і адразу пачынаюць, па сутнасці, катаванні. Мяне баяліся моцна біць, таму што я вельмі худы. Так што ва ўсім ёсць свае плюсы. Адразу мяне білі чымсьці па азадку. Я не ведаю, што гэта было, але, напэўна, металічны стрыжань, які знаходзіцца ўсярэдзіне дубінкі.
Мяне збіваў толькі адзін супрацоўнік, і яму гэта дакладна падабалася. У адзін момант ён сказаў свайму калегу: "Паглядзі, ён не баіцца болю". Пасля чаго неяк стукнуў ззаду па маім вуху, што яно імгненна апухла і павялічылася ў некалькі разоў".
Пасля збіванняў супрацоўнікі ГУБАЗіКа павялі хлопца запісваць "пакаяльнае" відэа:
"Спачатку я адмаўляўся запісвацца. Тады мне супрацоўнік сказаў: "Што, мне клікаць на дапамогу?". У выніку ён паклікаў таго, хто мяне збіваў. І ён ізноў пачаў мяне біць, каб я запісаў гэтае відэа. Я агучыў тое, пра што яны ведалі з майго тэлефона. Я проста прызнаўся, што я выходзіў на пратэсты і праезную частку і зарэгістраваўся ў чат-боце "Перамога". Яны хацелі, каб я сказаў, што не змог уцячы ад іх, таму што яны хуткія, але я сказаў, што не змог уцячы, таму што вельмі шмат куру. У выніку гэта не ўвайшло ў відэа. Дома ў мяне былі бела-чырвоныя шапка і шалік — яны гэта надзелі на мяне да запісу. Акрамя таго, яны наляпілі мне на лоб паштовыя маркі з памідорамі. Пасля хтосьці сказаў ім адклеіць".
Крымінальную справу супраць хлопца за рэгістрацыю ў чат-боце "Перамога" не распачалі.
"Так супала, што ўвечары, напярэдадні затрымання, мне прыйшло паведамленне ад чат-бота з просьбай выйсці на сувязь. Пашанцавала, што я гэтага не зрабіў. Як сказала следчая, па факце рэгістрацыі справы не заводзяць. Агульная крымінальная справа па плане "Перамога" ёсць, але калі ты пасля рэгістрацыі не здзяйсняў ніякіх дзеянняў, то асобнай справы не будзе. Аднак пазней пачалася праверка ў дачыненні да мяне. Не ведаю, ці звязана гэта з маімі ўцёкамі або я проста своечасова пакінуў краіну".
У РУУС замест туалета бутэлька, на Акрэсціна ў 8-мясцовай камеры — да 43 чалавек
Пасля ГУБАЗіКа Аляксандра даставілі ў РУУС з літаральна сінімі ад збіванняў ягадзіцамі і нагамі. Адразу на яго склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў": нагодай стаў рэпост артыкула пра здароўе з сайта "Наша Ніва". Калі Аляксандр адмовіўся падпісваць пратакол, то супрацоўнік міліцыі стукнуў яго па галаве пры лекару, які мусіў праводзіць агляд, але гэтага не зрабіў. Да раніцы хлопца трымалі ў мясцовай камеры, дзе замест туалета была бутэлька. Зранку над Аляксандрам адбыўся суд. Працэс праходзіў анлайн у прысутнасці ўсіх затрыманых у РУУС. Суддзя задавала пытанні затрыманым і часцяком сама ж на іх адказвала. Як зважае хлопец, усім затрыманым па непалітычных матывах прызначалі да 5 сутак, а па палітычных — 15. Пасля гэтага ў бітком набітай міліцэйскай машыне, дзе немагчыма было ані сядзець, ані стаяць, яго адвезлі ў ЦІП на Акрэсціна. У васьмімеснай камеры ўтрымоўвалася адначасова да 43 чалавек. У камеру перыядычна "падсялялі бамжоў", у якіх былі вошы. Аляксандр бачыў моцна збітых людзей.
"Былі людзі з цалкам сінімі нагамі. Гэта самае распаўсюджанае. Але мяне білі па галаве, таму былі сінякі і пад вачыма. У мяне вельмі дрэнны зрок, але пры паступленні ў ЦІП адзін з супрацоўнікаў адмовіўся мне выдаць акуляры, сказаўшы, што за 15 сутак пачну бачыць".
Пасля адміністрацыйнага арышту на Акрэсціна Аляксандру выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і перавялі ў ІЧУ ў межах крымінальнай справы. Там хлопец пабываў у аднамесным карцары, дзе знаходзілася да 8-12 чалавек.
"У карцары быў хлопец гадоў васямнаццаці, якога катавалі электрашокерам, — у яго былі шматлікія апёкі. Прычым яго затрымалі за тое, што ён крыптавалютай аплачваў нейкую інтэрнэт-гульню, але яго абвінавачвалі ў тым, што ён фінансаваў пратэсты. На момант гэтых аплат яму было 16 гадоў. Таксама быў хлопец, які, паводле яго слоў, "ускрыў" сабе жывот у месцах зняволення, збег з лякарні пасля аперацыі, доўга хаваўся, але яго затрымалі зноў".
Акрэсцінская медсястра адмаўляла ў медыцынскай дапамозе затрыманым па палітычных матывах
Паводле хлопца, некаторыя супрацоўнікі ІЧУ паводзілі сябе агрэсіўна, абражалі, маглі стукнуць. Выводзілі "ластаўкай", нахіліўшы галаву да каленаў. Асаблівай стараннасцю вылучаўся ўжо даволі вядомы "Міша Балаклава". Аляксандр таксама ўзгадвае жорсткасць акрэсцінскай медсястры са светлымі доўгімі кучаравымі валасамі:
"Я з ёй ужо сутыкаўся ўлетку 2021 года, калі мяне затрымалі без тлумачэння прычынаў на працы і адправілі на суткі нібы за непадпарадкаванне супрацоўніку. Магчыма, гэта тая, якая пыталася у сілавікоў: "Хлопчыкі, чаму так мала пабітых галоў?" пасля 9 жніўня 2020 года. Яна адмаўлялася аказваць медыцынскую дапамогу затрыманым паводле палітычных матываў. Калі да яе звярталіся, то яна запытвала артыкул, і калі артыкул палітычны, то яна проста разварочвалася і сыходзіла. На праверках, на якіх яна прысутнічала, заўсёды падколвала нас. Калі прасілі лекара, то казала, што мы абыйдземся".
Перапоўненыя камеры на "Валадарцы" — прынамсі адзін чалавек спаў на падлозе
Пасля васьмі сутак у ІЧУ на Акрэсціна хлопца перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Там ён прабыў амаль чатыры месяцы.
"У першыя дні ў СІЗА злавіў на сабе адну вош, таму дазнаўся, што такое "пражарка". Цябе вядуць у санчастку, стрыгуць, апрацоўваюць галаву, адпраўляюць у душ, а ўсе рэчы змяшчаюць у адмысловую печку. Улетку вельмі цяжка знаходзіцца на "Валадарцы", таму што вельмі душна і горача — увесь час усе мокрыя. Паветра бракуе, а яшчэ і кураць нон-стопам у камеры. Ва ўсіх там штодня баліць галава. У мяне пасля гэтага стаў падвышаны ціск, хоць раней такога не было.
З другой паловы лета на "Валадарцы" былі перапоўненыя камеры. Некаторыя людзі спалі на падлозе. Там і без гэтага вельмі цесна. Са слоў супрацоўнікаў і "дзядоў", раней такога не было ніколі. Спачатку я быў у камеры на восем месцаў, дзе адначасова маглі знаходзіцца да 12 чалавек. Потым я быў у 12-мясцовай камеры, дзе нас магло быць да 16 чалавек. З сярэдзіны лета ў нас амаль заўсёды мінімум адзін чалавек спаў на падлозе [у канцы лета Аляксандра асудзілі да "хатняй хіміі" і адпусцілі]".
Як супраць палітвязняў фабрыкуюць справы па "парнаграфічных" артыкулах
Хлопец распавядае, што першапачаткова затрыманым паводле палітычных артыкулаў прад'яўляюць і іншыя надуманыя абвінавачванні, у тым ліку за "выраб дзіцячай парнаграфіі і здзяйсненне іншых дзеянняў сэксуальнага характару" за фота ці відэа з хатняга архіву, дзе мужчыны, напрыклад, купаюць сваіх маленькіх дзяцей. Так здарылася з адным з ягоных сукамернікаў, якога затрымалі па "справе Зельцэра", — калі справа супраць яго "развалілася", то яму выставілі "парнаграфічныя" артыкулы, выкарыстоўваючы шантаж і пагражаючы пераследам чальцоў сям'і.
"Так і з іншымі па "справе Зельцэра", каго за год не змаглі асудзіць па ёй. Прыходзіў супрацоўнік ГУБАЗіКа, іх выклікалі, прасавалі і прымушалі прызнавацца ў тым, чаго яны не здзяйснялі. Пасля гэтага іх накіроўвалі да следчага.
Па "справе Зельцэра" сядзяць за зусім бяскрыўдныя каментары, за просты смайлік, за малюначак з выявай рукі, якая трымае "Оскар". Хтосьці проста напісаў: "Шкада хлопца". У шматлікіх каментарах нават экспертыза не выявіла ні распальвання варажнечы, ні абразы каго-небудзь. Па адной палітычнай справе экспертыза нічога не вызначыла, па сутнасці, разваліўшы абвінавачванне, але суддзя сказаў, што гэта новая форма пратэсту".
Чырвона-белыя майткі як доказ па справе на судзе
У прысудзе суда доказамі віны Аляксандра, апроч лістоў ад палітвязняў і адзення, у якім хлопец быў на фота з Маршаў, таксама фігуруюць бела-чырвоныя шалік, шапка і майткі.
"Калі шалік і шапку я хаця б сапраўды купіў як пратэсную сімволіку, праўда, ужо пасля завяршэння Маршаў, то майткі былі набытыя шмат гадоў таму і яны проста чырвоныя з белым. Першапачаткова следчая напісала, што майткі бел-чырвона-белыя. Але суддзя, мабыць, задумалася над тым, які гэта абсурд, таму ў прысудзе яны сталі бела-чырвонымі. Я так дагэтуль і не зразумеў, як майткі даказваюць блакаванне дарог, якое мне ставілі ў віну, бо я ў іх не разгульваў на дарозе. Суддзя пастанавіў знішчыць іх. У народзе ёсць выраз "распрануць да майткоў" у значэнні "забраць усё", дык беларускі суд пайшоў яшчэ далей і пакінуў мяне нават без майткоў".
29 жніўня 2022 года Аляксандра асудзілі да трох гадоў "хатняй хіміі". У мэтах бяспекі ён вырашыў пакінуць Беларусі.