viasna on patreon

Два з паловай гады калоніі прысудзілі актывісту Мікалаю Арцюхову за заклікі і ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе

2022 2022-11-18T14:56:31+0300 2022-11-18T15:03:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/arciuhou-mikalaj-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Арцюхоў. Фота з сацыяльных сетак.

Мікалай Арцюхоў. Фота з сацыяльных сетак.

У судзе Партызанскага раёна Мінска 4 лістапада вынесены прысуд вядомаму каталіцкаму і грамадскаму актывісту Мікалаю Арцюхову. Яго абвінавацілі ў закліках да акцый пратэсту ў сацыяльных сетках, падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і актыўным ўдзеле ў іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядала суддзя Наталля Дзядкова.

Мікалай Арцюхоў нарадзіўся 22 траўня 1979 года ў Мінску. Навучаўся на юрыдычным факультэце Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута. З 1996 года браў актыўны ўдзел у жыцці каталіцкай моладзі. Удзельнічаў у мясцовых і парламенцкіх выбарах у 2003 і 2004 гадах. Быў адным з ініцыятараў утварэння аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Але з 2011 года адышоў ад актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці.

Па матэрыялах абвінавачання, Арцюхоў у жніўні 2020 года ў фэйсбуку на сваёй старонцы размяшчаў выказванні пабуджальнага характару – заклікі да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў, іх адабрэнне і падтрымку, да прыняцця ў іх асабістага ўдзелу, да блакавання дарожнага руху, захоўваў названую інфармацыю ў вольным доступе ў сетцы Інтэрнэт, забяспечваў яе дубляванне паміж інтэрнэт - рэсурсамі, якія ўтвараюць сістэму абмену дадзенымі, а таксама распаўсюджванне і папулярызацыю іншымі карыстальнікамі.

Такім чынам, навязваў сваё меркаванне і тым самы дапускаў дыскрэдытацыю дзяржаўнай улады, распаўсюджвання сумненняў у дакладнасці вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Ён жа распаўсюджваў у сетцы Інтэрнэт інфармацыю, якая змяшчае звесткі аб месцы і часе збору ўдзельнікаў пратэстных акцый у горадзе Мінску, а таксама іншыя звесткі па кіраўніцтву і каардынацыі супрацьпраўнай дзейнасці, што прывяло да масавых публічных пратэсных акцый.

Так, 15 жніўня 2020 года на сваёй старонцы ён размясціў інфармацыю аб “Маршы Свабоды”, 17 жніўня размяшчае інфармацыю, у якой праводзіць разбор “памылак" мінулага маршу а  20.08.2020 размяшчае інфармацыю аб тым, як трэба дзейнічаць пры падаўленні пратэстаў праваахоўнымі органамі. Такіх паведамленняў ён пакінуў больш дваццаці.

Арцюхова таксама абвінавацілі ў непасрэдным удзеле ў адной такой акцыі ў Мінску ў жніўні 2020 года.

Мікалай у судовым пасяджэнні сваю віну ў здзяйсненні інкрымінаваных яму дзей прызнаў у поўным аб'ёме, не адмаўляў аўтарства тэкстаў і паведамленняў, якія ён пакідаў у сацыяльнай сетцы “Вконтакте” і фэйсбуку.

Таксама ў судзе заяўлены грамадзянскі пазоў КУП "Мінсктранс" аб спагнанні з Арцюхова маёмаснай шкоды, нанесенай грамадскаму транспарту Мінска ў суме 27 416 рублёў 67 капеек.

Суд пастанавіў пакраць Мікалая выглядзе пазбаўленнем волі на тэрмін два гады і шэсць месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства