viasna on patreon

Чарговае папаўненне ў "экстрэмісцкім" спісе, новыя крымінальныя справы: хроніка пераследу 14 лістапада Дапоўнена

2022 2022-11-14T12:00:00+0300 2022-11-14T18:50:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tor-band-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 14 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманая ў кастрычніку аршанка Марыя Яшчанка знайшлася на Валадарцы

У пачатку кастрычніка Марыю Яшчанку затрымалі ў Менску разам з яе хлопцам Раманам Цыганковым. Міліцыя брутальна уварвалася ў іх кватэру, зламаўшы ламамі жалезную дзверы. Пасля затрымання абодвух асудзілі па адміністрацыйных справах на 14 сутак. Паралельна завёўшы крымінальныя справы.

14 сутак скончыліся, але пара не выйшла на волю. Марыю перавялі ў СІЗА на Валадарскага. І распачалі супраць яе справу па артыкуле 342, якая прадугледжвае адказнасць за ўдзел у акцыях пратэсту. Праваабаронцы высвятляюць лёс Цыганкова.


У Спіс «экстрэмістаў» МУС дадалі яшчэ 70 чалавек

Сярод іх 18-гадовыя Максім Імхавік і Іван Пацяйчук, палітзняволены журналіст Сяргей Гардзіевіч, які ў кастрычніку выйшаў на волю, жыхар Віцебска Аляксей Рэзнікаў, асуджаны да 4,5 гадоў калоніі за пасты і рэпосты «ВКонтакте».

На дадзены момант у «Спісу экстрэмістаў» МУС 1784 чалавекі.


Музыкаў Tor Band, верагодна, не выпусцілі на волю пасля 15 сутак арышту

Мінуў тэрмін затрымання ўдзельнікаў рагачоўскага гурта Tor Band Змітра Галавача і Яўгена Бурло, але іх далейшы лёс пакуль застаецца невядомым. Мяркуючы па ўсім, музыкаў не выпусцілі на свабоду пасля 15 сутак арышту, піша @flagshtok.

У Рагачоўскім і Жлобінскім РАУС, дзе маглі ўтрымліваць музыкаў, іх жонак, а таксама фатографа Андрэя Салава, які здымаў для гурта кліпы, адмовіліся паведаміць, дзе цяпер знаходзяцца затрыманыя і паводле якога абвінавачвання. Міліцыянты патрабуюць, каб блізкія родзічы прыходзілі асабіста з пашпартамі, каб атрымаць інфармацыю.


Палітзняволены журналіст Алесь Любянчук пераведзены ў жодзінскі СІЗА

27 кастрычніка журналісту Любянчуку прысудзілі тры гады калоніі паводле ч.3 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім»).

Да 2020 года Любянчук быў журналістам, трапляў пад арышт за працу на акцыях пратэсту пасля выбараў-2020. У апошнія гады ён шмат займаўся дабрачыннасцю, дапамагаў дзецям-сіротам, арганізоўваў турыстычныя паходы і аднаўляў гісторыка-культурную спадчыну Наваградчыны.


Жыхара Зябраўкі падазраюць у “шпіянажы”

Стала вядома пра затрыманне жыхара вёскі Зябраўка Гомельскага раёна Яўгена Глушкова. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, мужчыну падазраюць у “шпіянажы” на карысць Украіны.

Знаёмыя, суседзі затрыманага перакананыя, што гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Хлопец перад затрыманнем працаваў ветэрынарам у адной з клінік Гомеля, мае выключна станоўчыя характарыстыкі ад працадаўцаў. Да пачатку расейскай агрэсіі ў дачыненні да Украіны Яўген жыў працяглы час за мяжой. У апошнія гады -- у Кітаі, дзе займаўся музыкай і планаваў застацца жыць. Але праз эпідэмію каронавіруса застаўся без крыніц прыбыткаў і быў вымушаны вярнуцца на радзіму.

У дадзены момант Яўген Глушкоў знаходзіцца ў гомельскім СІЗА №3. “Штодзень” будзе сачыць за развіццём справы.


Палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна пераводзяць у турму на 1,5 года.

Па інфармацыі праваабаронцаў, суддзя Івацэвіцкага раёна Аляксандр Кірыловіч 11 лістапада пастанавіў перавесці Алеся Пушкіна на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года. Пакуль невядома ў якой турме мастак будзе адбываць тэрмін.

Суд над Алесем Пушкіным 10 сакавіка 2022 года

30 сакавіка Пушкіна асудзілі да 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Ён адбываў пакаранне ў калоніі ў Івацэвічах, вядомай як “Воўчыя норы”.


ГУБАЗіК затрымаў беларускамоўную TikTok-блогерку Антаніну Валькову

На «пакаяльным відэа» дзяўчына кажа, што была затрымана за ўдзел у пратэстах. Напрыканцы відэа сілавік пытаецца ў Антаніны ці не з'яўляецца яна лесбіянкай, на што дзяўчына адказвае адмоўна.


Праваабаронцу Насту Лойку зноў арыштавалі на 15 сутак. Супраць яе ўжывалі катаванні

Учора Наста Лойка не выйшла на волю пасля 15-сутачнага арышту, бо была перазатрымана па новым артыкуле. Сёння яе справу па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) разглядзелі ў судзе Першамайскага раёна Мінска. Вынікам стаў чарговы арышт тэрмінам на 15 сутак.

"На судзе Наста заявіла, што падчас арышту яе двойчы адводзілі на гутаркі з супрацоўнікамі ГУБАЗіКу, дзе адзін раз яе ударылі электрашокерам, а 11 лістапада адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў без вопраткі на 8 гадзін. Наста моцна захварэла.

Праваабаронца Наста Лойка

За ўвесь гэты час на Акрэсціна атрымалася перадаць лекі, аднак ёсць інфармацыя, што лекі так і не дашлі да Насты. Яна па-ранейшаму знаходзіцца ў зняволенні без цёплых рэчаў і сродкаў асабістай гігіены", — паведамляе @humanconstanta.

Нагадаем, Насту затрымалі 28 кастрычніка. Пазней Насту асудзілі на 15 сутак арышту за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП).

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства