8 і 1,5 гады калоніі: вынесены прысуды па "справе Фонда «Страна для жизни»"
У Мінскім гарадскім судзе 11 лістапада абвясцілі прысуд па "справе Фонда «Страна для жизни»". Па ёй праходзілі тры валанцёры Фонда — палітзняволены Антон Сташэўскі, Юлія Сырых, Таццяна Астроўская, а таксама Марына Дуброўская. З іх толькі Антон утрымліваўся пад вартай, Юлія і Таццяна пасля амаль гадавога зняволення пакінулі Беларусь, а Марына знаходзілася пад хатнім арыштам. Валанцёрак Фонду абвясцілі ў вышук — іх справы вылучылі ў асобную вытворчасць. А Антона судзілі паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), а Марыну — паводле ч. 2 арт. 342 КК (навучанне і падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама іх фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне). Суддзя Дзіна Кучук прызначыла Антону Сташэўскаму 8 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, а Марыне — 1,5 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, яе арыштавалі ў зале суда. Валанцёр Фонда віну не прызнаў.
Нагадаем, Антона Сташэўскага, Юлію Сырых, Таццяну Астроўскую і Марыну Дуброўскую затрымалі 9 ліпеня 2021 года падчас "шырокамаштабнай аперацыі КДБ па зачыстцы ад радыкальна настроеных асобаў". Спачатку ім прад'явілі абвінавачванні па арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання). Амаль праз год жанчынам змянілі меры стрымання, бо дзеянні перакваліфікавалі на больш "мяккі" артыкул, таму вызвалілі з СІЗА да суда.
Марыну Дуброўскую перавялі з СІЗА на хатні арышт 10 лістапада 2021 года, бо ёй перакваліфікавалі абвінавачванне на больш "мяккі" артыкул. Пад вартай яна правяла чатыры месяцы. Марына з'яўлялася на пасяджэнні, але ёй прызначылі паўтары гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. На жанчыну надзелі кайданкі ў зале суда пасля абвяшчэння прысуда. Яе ўзялі пад варту, негледзячы на тое, што ў яе маленькае дзіця.
Вось, што распавядаў былы палітзняволены акцёр Канстанцін Шульга пра свайго сукамерніка валанцёра фонда «Страна для жизни» і пошукавага атрада «Анёл» Антона Сташэўскага:
"Ён заўсёды "бадрачком". Антон у камеры адказваў за тое, каб дапамагаць навічкам: тлумачыць усё наконт побыту і наконт зносінаў. Калі патрэбныя былі нейкія рэчы першай неабходнасці, то ён усё даваў. У яго велізарныя-велізарныя сумкі — я ніколі такіх сумак не бачыў — з рознымі рэчамі. У гэтых сумках усё што хочаш можна было знайсці! Такі начальнік склада. Ён вельмі круты! Мне было вельмі прыемна з ім мець зносіны.
Раней у яго былі вельмі часта допыты — ад яго ўвесь час штосьці хацелі. Яму дзевяць месяцаў не давалі спатканняў з жонкай. Але ў лютым яму ўсё ж такі дазволілі спатканне. Бачна было, што ён хваляваўся. Ён усім казаў, што так даўно не бачыў жонку, што забыўся на ейны твар нават. Па сабе зразумеў, што ў ізаляцыі вельмі хутка забываецца голас чалавека, але твар… Калі яму сказалі, што будзе ў яго спатканне, то было бачна, як гэта важна для яго, як ён хвалюецца. Ён увесь час усіх падтрымліваў, мы з ім добра кантактавалі. Гэта вельмі добры чалавек".
Падтрымайце палітвязняў пасылкамі, грашовымі пераводамі, лістамі і тэлеграмамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Антон Аляксандравіч Сташэўскі, Марына Паўлаўна Дуброўская