viasna on patreon

95 арыштаў і 21 штраф: вынікі адміністрацыйнага пераследу ў кастрычніку

2022 2022-11-08T13:53:35+0300 2022-11-08T14:47:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akrescina_new3.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Цягам 29 месяцаў у Беларусі штодзённа адбываюцца ператрусы, допыты і затрыманні. Сілавікі ўжываюць супраць беларусаў фізічную сілу, катуюць іх і ўтрымліваюць у нечалавечых умовах у ізалятарах. Падставамі становяцца бел-чырвона-белая сімволіка, аркушы паперы на вокнах, перасыл "экстрэмізма" ў прыватных паведамленнях і нават лампадкі каля помнікаў. Па дадзеных "Вясны", у кастрычніку было затрымана мінімум 317 чалавек. Праваабаронцам вядома пра не менш за 193 судовыя пасяджэнні паводле адміністрацыйных спраў. Беларускімі суддзямі было прызначана мінімум 95 адміністрацыйных арыштаў і не менш за 21 штраф. "Вясна назірае" склала традыцыйны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў кастрычніку.   

На электронную пошту «Вясны» на ўмовах ананімнасці даслалі фотаздымкі, зробленыя ў камеры Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна
На электронную пошту «Вясны» на ўмовах ананімнасці даслалі фотаздымкі, зробленыя ў камеры Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна

15 сутак за аркуш паперы з дзіцячым малюнкам на акне

У Мінску асудзілі 33-гадовага Елісея Карпанава паводле арт. 24.23 КаАП "несанкцыянаванае пікетаванне". Яго затрымалі 15 кастрычніка, а асудзілі праз два дні ў судзе Маскоўскага раёна Мінска. Паводле пратакола, Елісей прыняў удзел у несанкцыянаваным пікетаванні, шляхам размяшчэння на акне кватэры белага аркуша паперы.

Сам Карпанаў на суде растлумачыў, што аркуш вывесіў даўно, бо на ім быў малюнак дзіцяці. Ён не прызнаў сваю віну, бо не лічыць гэтыя дзеянні пікетаваннем. Таксама ён пацвердзіў, што ведаў пра такі спосаб пратэсту. У выніку суддзя Таццяна Мотыль прызнала яго вінаватым і арыштавала на 15 сутак.

"Суткі" за непрызнанне вынікаў прэзідэнцкіх выбараў

Аляксея Маісеенку з Наваполацку арыштавалі за пост у "Вконтакте" з назвай "Я не признаю результаты выборов в Белоруссии". Міліцыянты палічылі гэта "пікетаваннем", таму склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП. Аляксей віну не прызнаў і сцвярджаў, што ягоную старонку ўзламалі за месяц да арышту, а ў яго доступа не было.

"У дадзенай публікацыі ёсць тэкст "Я не признаю результаты выборов в Белоруссии", таксама ёсць тэкст са спасылкай "Падтрымайце, калі ласка петыцыю", што сведчыць пра публічнае выказванне грамадска-палітычных, асабістых і іншых інтарэсаў, дзеянні яго накіраваны на прыцягненне ўвагі грамадзянаў", — пазначана ў матэрыялах справы.

Вынік — 15 сутак арышту.

"Пікетаванне" БЧБ-сімволікай на аўтамабілях

У пачатку кастрычніка быў арыштаваны Павел Крывенькі. Яго абвінавацілі ў "пікетаванні" налепкай з "Пагоняй" на люстэрку задняга віду аўтамабіля. Нібыта такім чынам мужчына выказваў свае грамадска-палітычныя інтарэсы. Суддзя Таццяна Мотыль прызнала Паўла вінаватым і арыштавала яго на 10 сутак.

Суд Ленінскага раёна Брэста 6 кастрычніка разглядзеў справу супраць кіроўцы, які нібыта "пікетаваў" на мяжы ў пункце пропуску "Казловічы" на беларуска-польскай мяжы. Падставай для пратакола па арт. 24.23 КаАП стаў бел-чырвона-белы вымпел на шкле аўтамабіля, якую супрацоўнікі беларускай мытні заўважылі падчас агляду машыны. Вынікам стаў штраф у памеры 30 базавых велічыняў (960 рублёў).

У Лідзе мужчыну аштрафавалі за бел-чырвона-белы сцяг на фургоне-рэфрыжэратары

У судзе Лідскага раёна 3 кастрычніка асудзілі мужчыну па арт. 24.23 КаАП "несанкцыянаванае пікетаванне". Паводле пратакола, мужчына «ўзяў удзел у пікетаванні шляхам выпуску на лінію аўтамабіля з фургонам-рэфрыжэратарам KOGEL з бел-чырвона-белым сцягам».

Суд прызнаў мужчыну вінаватым і пакараў яго штрафам у памеры 1 600 рублёў (50 базавых велічыняў). Арышт фургона-рэфрыжэратара суддзя пастанавіў адмяніць.

Суды за "пікет" у сацыяльных сетках

Так, у Оршы мужчыну асудзілі да 15 сутак арышту за публікацыю ў Instagram свайго фотаздымка ў бел-чырвона-белых колерах і з гербам Пагоня.

А ў Глыбокім за фота бел-чырвона-белага сцяга з "Пагоняй" і надпісам "Жыве Беларусь" Аляксандра Цвірко пакаралі велізарным штрафам. Яго прызналі вінаватым у "несанкцыянаваным пікетаванні" і прызначылі 2 560 рублёў штрафу (80 базавых велічыняў).

Аршанец Яўген Бодрыкаў, на думку міліцыянтаў, правёў "пікетаванне" ў "Вконтакте", шляхам размяшчэння фотаздымка, на якім ён знаходзіцца ў цішотцы з "Пагоняй". Вынік — 15 сутак арышту.

На электронную пошту «Вясны» на ўмовах ананімнасці даслалі фотаздымкі, зробленыя ў камеры Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна
На электронную пошту «Вясны» на ўмовах ананімнасці даслалі фотаздымкі, зробленыя ў камеры Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна

Дзяўчыну, якая правяла антываенную акцыю на лінейцы ў Наваполацку 1 верасня, аштрафавалі ў трэці раз за пікетаванне блакітна-жоўтым сцягам. Суд над Ганнай Тукавай адбыўся 11 кастрычніка ў Наваполацку. Справу па двух пратаколах па арт. 24.23 КаАП разглядзела суддзя Зінаіда Балаболава.

Нагадаем, 1 верасня падчас лінейкі ў наваполацкай гімназіі, быў выступ людзей у вайсковай форме. Ганна на сярэдзіне выступу выйшла з антываеннай акцыяй — яна стала перад імі і паказала знак «Віктары». Яе адразу затрымалі, а потым тыдзень утрымлівалі за кратамі нягледзячы на тое, што ў яе ёсць 12-гадовая дачка. Вядома, што раней ёй двойчы прызначалі штрафы: 30 і 100 базавых велічыняў.

Цяпер жанчыне ставілася ў віну «пікетаванне» ў інстаграме выявамі украінскага сцяга. На судзе яна адзначыла, што старонка яе закрытая, таму ўчастковы не меў доступу да яе публікацый. Такое ўмяшальніцтва ў яе прыватнае жыццё яна расцэньвае як "спробу псіхалагічнага ціску". У выніку суддзя прызначыла Ганне 100 базавых велічыняў штрафу. Агулам Тукава павінна сплаціць 7 360 рублёў.

"Прыехалі шукаць экстрэмісцкую літаратуру". 62-гадовую мінчанку арыштавалі за "непадпарадкаванне"

Алену Худыш затрымалі 30 кастрычніка ў Мінску. Згодна з пратаколам затрымання, сілавікі прыехалі да яе "шукаць экстрэмісцкую літаратуру", але яна нібыта аказала "непадпарадкаванне міліцыянтам". У выніку, на жанчыну склалі праткол па арт. 24.3 КаАП.

31 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска над Аленай адбыўся суд. Суддзя Юльяна Шчэрба прызнала жанчыну вінаватай і арыштавала на 14 сутак.

Менавіта Юльяна Шчэрба яшчэ ў Баранавічах асудзіла вайсковага пенсіянера Дзмітрыя Нешту да 12 гадоў калоніі. Дзяржаўныя журналісты тады заблюрылі твар суддзі. Цяпер яна працуе ў Мінску.

Святара Уладзіслава Багамольнікава асудзілі пяты раз запар

28 кастрычніка над праваслаўным святарам Уладзіславам Багамольнікавым адбыўся чарговы суд. Святар павінен быў выйсці 29 кастрычніка на волю пасля 59 сутак за кратамі, але быў перазатрыманы па новай адміністрацыйнай справе. Яго зноў асудзілі на 15 сутак.

Нагадаем, 31 жніўня супрацоўнікі ГУБАЗіК выламалі дзверы ў кватэру святара і затрымалі яго. Вядома, што Уладзіслаў перахварэў у няволі на кавід. Пры гэтым для «палітычных» на Акрэсціна перадачы не прымаюць, таму ён утрымліваецца там без сродкаў гігіены.

Багамольнікаў — выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі, абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка, а таксама служыў літыю па забітым сілавікамі Раману Бандарэнку.

Былую выкладчыцу і каардынатарку страйкама БДУ разам з мужам адправілі за краты

Міхаіла і Святлану Волчак затрымалі 19 кастрычніка пасля ператрусу. Стала вядома, што іх арыштавалі на 15 і 13 сутак адпаведна. Па папярэдняй інфармацыі, пратаколы на іх склалі за "непадпарадкаванне міліцыянтам" (арт. 24.3 КаАП). Таксама вядома, што сваякоў Волчакаў не пусцілі на судовы працэс. "Суткі" яны адбывалі ў іванаўскім ІЧУ.

Святлана — былая выкладчыца і кіраўніца страйкаму БДУ, якую звольнілі ў верасні мінулага году. Яе з мужам неаднаразова затрымлівалі пасля 2020 году.

«Адзін быў збіты так, што мог ляжаць толькі на жываце». Літаратуразнаўца Сяргей Гаранін распавёў пра свае суткі на Акрэсціна

На электронную пошту «Вясны» на ўмовах ананімнасці даслалі фотаздымкі, зробленыя ў камеры Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна На электронную пошту «Вясны» на ўмовах ананімнасці даслалі фотаздымкі, зробленыя ў камеры Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна

Мужчына нядаўна адбыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту паводле арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Яго затрымалі падчас «зачысткі» КДБ у Акадэміі навук, праз якую прайшлі мінімум 44 супрацоўнікі.

Сяргей Гаранін — намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі».

«Было ў камеры з намі і пару крымінальных, але іх трымалі ў руках, нават не дазвалялі мацюкацца. Яны ахвотна ішлі на кантакт і падпарадкоўваліся агульным правілам.

Бялізны, натуральна, няма, прагулак таксама, ад спёртага паветра ва ўсіх кашаль, і вочы заплываюць гноем. Ну, вошы — гэта святое.

Хлопцаў маладых шкада, бо іх вельмі моцна збіваюць у ГУБАЗіКу. Адзін быў збіты так, што мог ляжаць толькі на жываце. Паклалі яго пад краты, дзе троху цягне халодным паветрам. Так ён мог спаць.

Тым, хто памятае Савецкі Саюз, псіхалагічна лягчэй: мы, у адрозненне ад моладзі, не здзіўляемся, што «к людям можно вот так относиться», мы нічога не чакаем, ні на што спадзяемся і ні ў што не верым. Закрылі? Ну дык сядзі і не злуй «гражданина начальника», бо самому ж горш будзе. Прыйдзе час — і ўсё вернецца. Вернецца абавязкова! Бо век так не будзе. Жыве Беларусь!».

Пару мінчукоў, якія нібыта перадавалі дадзеныя сілавікоў у ЧКБ, адправілі на "суткі" 

Рамана Цыганкова і Марыю Яшчанку затрымалі 11 кастрычніка.

На «пакаяльным відэа» хлопец казаў, што на відэа з адной з акцыі сярод сілавікоў ён пазнаў свайго аднакласніка і адправіў ягоныя дадзеныя ў бот "Чорнай кнігі". Акрамя таго, яны сказалі, што ўдзельнічалі ў "несанкцыянаваных мітынгах" і пакідалі "негатыўныя каментары" супраць сілавікоў.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 13 кастрычніка над імі адбыўся суд. Рамана і Марыю арыштавалі на 14 сутак кожнага, але па якім артыкуле — невядома.

Супраць абаіх маладзёнаў, якія маюць сур’ёзныя хранічныя захворванні, узбуджаная крымінальная справа. Пакуль невядома, у чым іх абвінавачваюць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства