viasna on patreon

За ўдзел у "Маршы новай Беларусі" судзяць сябраў АГП

2022 2022-10-27T19:03:28+0300 2022-10-28T10:52:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/agp-sud-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрусь Асмалоўскі, Дзіяна Чарнушына і Артур Смалякоў

Андрусь Асмалоўскі, Дзіяна Чарнушына і Артур Смалякоў

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 27 кастрычніка пачаўся судовы працэс над сябрамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Артурам Смаляковым, Андрусём Асмалоўскім і Дзіянай Чарнушынай. Усіх іх абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўным ўдзеле ў такіх дзеяннях (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Судовы працэс вядзе суддзя Ала Скуратовіч, дзяржабвінаваўца – старшы памочнік пракурора Аксана Саковіч.

Палітзняволены Артур Смалякоў – сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі, быў затрыманы 27 ліпеня 2022 года. Пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту на волю не выйшаў. Да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №1 Мінска.

Палітзняволены  Андрусь Асмалоўскі – сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі, быў затрыманы 29 ліпеня 2022 года. Да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №1 Мінска.

Дзіяну Чарнушыну, грамадзянскую жонку Асмалоўскага, таксама затрымалі 29 ліпеня і змясцілі ў СІЗА №1.

Па матэрыялах абвінавачання, Смалякоў, Асмалоўскі і Чарнушына прынялі актыўны ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску 23 жніўня 2020 года. Сябры АГП груба парушалі грамадскі парадак, на заклікі супрацоўнікаў міліцыі не рэагавалі, парушалі спакой грамадзян і перашкаджалі руху грамадскага транспарту.

"Марш новай Беларусі" праводзіўся супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і жорсткасці міліцыі. У той дзень, у нядзелю, у дэманстрацыі ўдзельнічалі не менш за 100 тысяч чалавек. Колькасць затрыманых удзельнікаў перасягнула за сотню.

Усіх абвінавачаных пад час судовага пасяджэння трымалі ў кайданках.

У судзе, пры даследаванні пісьмовых матэрыялаў справы, пры пералічэнні ўсяго, што знайшлі пры ператрусе ў Артура Смалякова, быў нататнік з запісамі судовых пасяджэнняў. Суддзя запыталася, што гэта за запісы і навошта мужчына іх рабіў.

Артур адказаў, што з інтэрнэту выпісваў, проста для сябе.

– І што вынікае з вашай статыстыкі? – перапытала суддзя.

– Тое, што не варта хадзіць на несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, – адказаў Артур.

Суддзя спытала, ці перадаваў ён каму-небудзь гэтыя звесткі.

– Не, – сказаў Артур, – гэта проста для мяне.

Усе абвінавачаныя прызналі сваю віну.

Судовы працэс працягнецца 28 кастрычніка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства