viasna on patreon

Затрыманні футбольных фанатаў, чарговыя "суткі" святару: хроніка пераследу 27 верасня Дапоўнена

2022 2022-09-27T15:30:10+0300 2022-09-27T20:22:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hanylia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 27 верасня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Следчы камітэт назваў беларусаў, якіх хутка пачнуць судзіць завочна

Паводле ведамства, гэта меркаваныя адміністратары «Чорнай кнігі Беларусі» Яніна Сазановіч, Данііл Багдановіч, Вольга Высоцкая, Валерыя Занімонская, Дзмітрый Навоша.

Ім усім інкрымінаваныя ч.3 арт. 130 КК (распальванне варожасці) і ч.3 арт. 203-1 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных).


Святара Уладзіслава Багамольнікава асудзілі трэці раз запар 

Уладзіслаў Багамольнікаў

31 жніўня супрацоўнікі ГУБАЗіК выламалі дзверы ў кватэру праваслаўнага святара Уладзіслава Багамольнікава і затрымалі яго. На наступны дзень святара асудзілі на 14 сутак арышту. Але 14 верасня яго перазатрымалі па новым пратаколе і зноў асудзілі на 15 сутак паводле арт. 19.11 КаАП. Падставай стаў рэпост з «экстрэмісцкага» канала.

16 верасня над Уладзіславам адбыўся трэці суд. Вынікам сталі чарговыя 15 сутак. Агулам за кратамі святара будуць утрымліваць 44 дні. Таксама паведамляецца, што ён перахварэў у няволі на кавід. Нагадаем, для «палітычных» на Акрэсціна перадачы не прымаюць.

Багамольнікаў — выкладнік Мінскай духоўнай акадэміі, абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка, а таксама служыў літыю па забітым сілавікамі Раману Бандарэнку.


ГУБАЗіК затрымаў фаната магілёўскага «Дняпра» з-за татуіроўкі з Каліноўскім

На «пакаяльным відэа» 40-гадовы Яўген Гануля паказвае свае татуіроўкі — кулак з БЧБ-стужкай і гербам «Пагоня», а таксама вялікі партрэт Кастуся Каліноўскага.

Паведамляецца, што Яўгену прызначылі 15 сутак арышту.


За ўдзел у пратэстах затрыманы жыхар Кобрына 

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 42-гадовага Аляксандра Крэмера. Паводле іх, мужчына ўдзельнічаў у паслявыбарчых пратэстах, быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, а таксама распаўсюджваў інфармацыю з іх.

Сілавікі паведамляюць, што Аляксандру прызначылі 12 сутак арышту, але супраць яго можа быць распачата справа паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) — мужчына нібыта дасылаў у чат бот Nexta нейкі фотаздымак.


Папаўненне ў спісе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў

Сярод іх наступныя:

  • Telegram-чаты «Сухарево. Марши», «Чат Уручье 3», «Минск. Первомайский чат», «Уручье-Инфо (Уручье, Копище, Военный городок, Озерище, 9 км», «Новости Маяка Минска», «НСД | Невероятная Истина».
  • Суполкі ва «Укантакце» «Мы народ и мы хозяева страны», «Группа "Тунеядцев" и "Социальных Иждивенцев"».
  • Youtube-канал «VladimirovichLIVE».
  • Telegram-каналы «Сухарево_общий», «Vladimirovich LIVE», «ДаВолi!». 

Стала вядома, што Мэрыем Герасіменка знаходзіцца ў Жодзіне

Пацвердзілася інфармацыя, што спявачка — фігурантка крымінальнай справы, але пакуль невядома па якім артыкуле.


Учора ў Мінску былі затрыманыя мінімум чацвёра чалавек

Гэта Дзмітрый Саковіч, Данііл Марчанка, Вадзім Рудкоўскі і Сяргей Павел. Траіх апошніх затрымліваў ГУБАЗ і КДБ. Паводле папярэдняй інфармацыі, Дзмітрый Саковіч быў затрыманы за вокладку з «Пагоняй» на пашпарце.


Палітвязня Аляксандра Целяшмана ўтрымліваюць у ШІЗА паўтара месяца

Праваабаронцам стала вядома, што адміністрацыя наваполацкай калоніі цісне на палітвязня Аляксандра Целяшмана. У ПК-1 ён быў накіраваны ў студзені. За гэты час яго тройчы змяшчалі ў штрафны ізалятар. Цяпер ён утрымліваецца там з 16 жніўня. Сваякі не атрымліваюць ад яго аніякіх вестачак. Прычыны спагнанняў невядомыя.

Аляксандра абвінавацілі ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» у Брэсце 9-10 жніўня 2020 года паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Яму прызначылі 4 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.


ГУБАЗіК затрымаў фаната мінскага «Дынама» 

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 34-гадовага Антона Гамезы. Паводле іх, мужчына быў падпісаны «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, у каментарах якіх абражаў супрацоўнікаў міліцыі.


Інфармацыя дапаўняецца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства