Новыя затрыманні ў Беларусі 25-26 верасня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 25-26 верасня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У "тэрарыстычны спіс" дадалі двух беларусаў
Гэта 39-гадовы Валер Зіза з Мінска і 31-гадовы Сяргей Лабанок з Міншчыны, якіх асудзілі па арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Падрабязнасці пра іх суды і пераслед праваабаронцам невядомыя.
Палітвязня Аляксандра Целяшмана ўтрымліваюць у ШІЗА паўтара месяца
Праваабаронцам стала вядома, што адміністрацыя наваполацкай калоніі цісне на палітвязня Аляксандра Целяшмана. У ПК-1 ён быў накіраваны ў студзені. За гэты час яго тройчы змяшчалі ў штрафны ізалятар. Цяпер ён утрымліваецца там з 16 жніўня. Сваякі не атрымліваюць ад яго аніякіх вестачак. Прычыны спагнанняў невядомыя.
Аляксандра абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Брэсце 9-10 жніўня 2020 года паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Яму прызначылі 4 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.
Падтрымайце палітвязня тэлеграмамі і лістамі: ПК № 1, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Аляксандр Сяргеевіч Целяшман
Затрыманы супрацоўнік "Гродна Азот" Юры Холад
Яго затрымалі за падпіску на экстрэмісцкія Telegram-каналы і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Ён прызнаў віну і паабяцаў усё выдаліць, паведамляе @nebovkletku
Вядома, што Юрыя затрымалі каля прадпрыемства, дзе ён працуе. Па словах сілавікоў, азотавец падвергнуты адміністрацыйнаму арышту.
Затрымалі яшчэ аднаго былога сілавіка — 26-гадовага Івана Янчука
Спачатку ён займаў пасаду следчага ў Маларыце, пасля перавёўся следчым у Кобрынскі РАУС. Меў званне лейтэнанта.
Па інфармацыі з відэа ГУБАЗіКа, ён звольніўся з сілавых структур і заняўся майнінгам крыптавалют. Як сцвярджаюць сілавікі, Іван перадаваў інфармацыю пра сваіх калегаў розным тэлеграм-каналам. Цяпер ён затрыманы, яму пагражае да 12 гадоў турмы па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.
Праваабаронцам стала вядома, што 21 верасня была затрыманая былая палітзняволеная, 19-гадовая Аніта Бакуновіч
Дзяўчыну затрымалі ў Гродна, цяпер яна знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Паводле папярэдняй інфармацыі, Аніта была затрымана паводле арт. 371 Крымінальнага кодэкса (Незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Беларусі). Ёй пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Нагадаем, у канцы чэрвеня Аніту асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі» паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Папаўненне ў спісе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў
Згодна з рашэнне суда Ленінскага раёну Гродна ад 20 верасня, у спіс дадазеныя:
- Telegram-канал Free Belarus Women;
- Instagram-старонкі freebelaruswomen, help_belarus, bmzbnp, razam.hаmburg, peaceful_bsuir, rada.vіsion, stranadlyazhizni, stranаfund, belaruskidom.
"Мікалая прывезлі на Валадарку з сінімі нагамі", — Анатоль Лябедзька пра палітвязня Казлова
Палітык Анатоль Лябедзька у фэйсбуку паведаміў, што старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалаю Казлову блакуюць ліставанне — ад яго амаль не даходзяць лісты. Акрамя гэтага, па словах Лябедзькі, палітвязня збілі на Акрэсціна, таму на Валадарку яго прывезлі з «сінімі нагамі». Паведамяецца, што на гэтым тыдні справу Казлова перадаюць у пракуратуру. Хутка можа адбыцца суд.
Нагадаем, у жніўні 2021 года Казлова асудзілі да трох месяцаў арышту за разгалошванне дадзеных следства па справе Каардынацыйнай рады. Быў зноў затрыманы 27 ліпеня. Хутка стала вядома, што супраць Мікалая Казлова распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 КК.
Вы можаце падтрымаць Мікалая тэлеграмамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Мікалай Георгіевіч Казлоў
За ўдзел у пратэстах затрыманы 18-гадовы Ілля Салаўёў
На "пакаяльным відэа" хлопец кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і стаяў у счэпцы каля Стэлы.
У Слоніме затрымалі былога футбольнага фаната
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 37-гадовага жыхара Слоніма Дзмітрыя Жукоўскага. Паводле іх, мужчына ў «Аднакласніках» распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы», а таксама абражаў Лукашэнку.
За ўдзел у пратэстах затрыманы яшчэ адзін беларускі навукоўца
Алесю Бярнацкаму нядаўна споўнілася 35 гадоў. Мужчына скончыў БДЭУ на кафедры эканомікі прыродакарыстання, а пасля перайшоў працаваць у Акадэмію Навук.
Цяпер ён займае пасаду вучонага сакратара «Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі». Ягоная профільная навуковая тэма — аднаўляемая і іншая «зялёная» энергетыка. Таксама ён быў чальцом Рады маладых навукоўцаў Беларусі.
Сілавікі кажуць, што супраць яго заведзеная крымінальная справа.