Палітвязня з Гомеля пакаралі трыма гадамі калоніі за адміністраванне гістарычнага канала ў тэлеграме Дапоўнена
Гомельскі абласны суд 6 верасня вынес прысуд па крымінальнай справе адміністратара культурна-гістарычнага Telegram-канала Rezystans палітзняволенага Мікіты Слепянка. Юнака абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і кіраванні ім (ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса).
Судовы працэс вёў суддзя Васіль Бягун.
Мікіта Слепянок стварыў і адміністраваў культурна-гістарычны Telegram-канала Rezystans. Працаваў электрыкам у Гомелі, маляваў, намагаўся пісаць музыку, вучыўся граць на гітары. Быў выкліканы на допыт у міліцыю 6 красавіка 2022 г., пасля чаго Мікіту затрымалі. Пазней стала вядома, што на яго заведзеная крымінальная справа. Rezystans, у якім больш за 200 падпісчыкаў, МУС прызнаў "экстрэмісцкім фарміраваннем".
Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі з ім "пакаяльнае відэа".
Да суда Мікіта Слепянок утрымліваўся ў СІЗА-3 г. Гомеля.
Паводле матэрыялаў абвінавачання, "летам 2021-га Слепянок стварыў тэлеграм-канал, які вясной гэтага года прызналі экстрэмісцкім. Сам адміністраваў яго і пісаў тэксты. На судзе запэўніваў, што за рэсурс грошай не атрымліваў. Першапачаткова размяшчаў матэрыялы культурна-гістарычнага характару, хоць назваў канал Resistance, што перакладаецца як супраціў. Потым пераключыўся на публікацыі, у якіх дыскрэдытаваў і абражаў органы ўлады і кіраўніка дзяржавы, перадрукоўваў экстрэмісцкія пасты, размяшчаў нацысцкую сімволіку. Акрамя таго, выстаўляў у негатыўным святле расейцаў. У адным з паведамленняў напісаў, што калі ў хату прыйдзе маскаль, яе трэба спаліць. Пратэсныя думкі выказваў эмацыйна, не саромеўся ў выразах".
Бок абвінавачання 2 верасня запрасіў для Слепянка пазбаўленне волі тэрмінам на тры гады ў калоніі агульнага рэжыму.
Суддзя пацікавіўся ў абвінавачанага, што яго не задавальняла ў нашай краіне. Слепянок адказаў, маўляў, яму цяжка быць беларусам, нібыта яго не разумеюць навакольныя, варожа ставяцца праз тое, што ён размаўляе на роднай мове.
Сёння суд прызнаў Мікіту вінаватым і пакараў трыма гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Для адміністратара Telegram-канала Rezystans Мікіты Слепянка запрасілі тры гады калоніі