Для адміністратара Telegram-канала Rezystans Мікіты Слепянка запрасілі тры гады калоніі
У Гомельскім абласным судзе 2 верасня працягваўся разгляд крымінальнай справы адміністратара культурна-гістарычнага Telegram-канала Rezystans палітзняволенага Мікіты Слепянка. Юнака абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і кіраванні ім (ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса).
Судовы працэс вядзе суддзя Васіль Бягун.
Мікіта Слепянок стварыў і адміністраваў культурна-гістарычны Telegram-канала Rezystans. Працаваў электрыкам у Гомелі, маляваў, намагаўся пісаць музыку, вучыўся граць на гітары. Быў выкліканы на допыт у міліцыю 6 красавіка 2022 г., пасля чаго Мікіту затрымалі. Пазней стала вядома, што на яго заведзеная крымінальная справа. Rezystans, у якім больш за 200 падпісчыкаў, МУС прызнаў "экстрэмісцкім фарміраваннем".
Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі з ім "пакаяльнае відэа".
Да суда Мікіта Слепянок утрымліваўся ў СІЗА-3 г. Гомеля.
Сёння ў судзе адбыліся спрэчкі бакоў. Бок абвінавачання запрасіў для Слепянка пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады ў калоніі агульнага рэжыму.
Прысуд будзе абвешчаны ў аўторак, 6 верасня. Пачатак судовага пасяджэння прызначаны на 10-ю гадзіну.
Пачынаецца суд над адміністратарам культурна-гістарычнага Telegram-канала Rezystans