viasna on patreon

Баранавіцкага "Мірона" асудзілі за развешванне бел-чырвона-белых сцягоў

2022 2022-09-06T13:30:00+0300 2022-09-06T15:10:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/branavitsky-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Бранавіцкі

Уладзімір Бранавіцкі

У судзе Баранавіцкага раёна 6 верасня вынесены прысуд мясцоваму жыхару Уладзіміру Бранавіцкаму, якога абвінавацілі ў хуліганстве па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядала суддзя Аксана Копач, дзяржабвінаваўца памочнік пракурора Вадзім Карачун.

Палітзняволены Уладзімір Бранавіцкі майстар спорту па паўэрліфцінгу. Быў затрыманы 17 чэрвеня 2022 года. Уладзіміра абвінавачваюць у тым, што з 1 студзеня па 16 чэрвеня 2022 года ён развешваў "пратэсную сімволіку" на лініях электраперадач у Баранавічах, а таксама на тэрыторыях Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў. Супраць мужчыны распачалі крымінальную справу за хуліганства.

Таксама вядома, што Бранавіцкі падпісваў ліст аб спыненні рэпрэсій ад імя спартоўцаў у канцы жніўня 2020 года.

Па матэрыялах абвінавачання Уладзімір Бранавіцкі “у перыяд часу з 1 студзеня па 15 чэрвеня 2022 года ў цёмны час сутак, знаходзячыся ў грамадскіх месцах Баранавіцкага раёна з хуліганскіх памкненняў і выключным цынізмам 17 разоў размясціў на апорах электраперадач каля аўтадарог самаробныя вырабы з палотнішчаў ў бел-чырвона-белых колерах”. 

Мясцовыя жыхары паведамлялі пра сцягі ў міліцыю.

Ад паслуг адваката Бранавіцкі адмовіўся, сваю віну у судзе цалкам прызнаў.

Падчас судовага следства абвінавачаны патлумачыў, што перасоўваўся па тэрыторыі раёна на ровары. Самастойна вырабіў адмысловае прыстасаванне з зачэпам і шпагатам, з дапамогай якога закідваў палотнішчы на правады электраперадач.

Баранавіцкі філіял РУП “Брэстэнерга” выставіў матэрыяльную прэтэнзію ў суме 1 277  рублёў, якую Уладзімір прызнаў. Яна будзе разгледжаная асобна ў межах грамадзянскай судавытворчасці. Пакуль жа пад арыштам застаецца аўтамабіль і іншая тэхніка Бранавіцкага.

Абвінавачанне запрасіла для Бранавіцкага адзін год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Менавіта такі прысуд і агучыла суддзя Аксана Копач.

Мірон — вядомы герой беларускага незалежніцкага руху, чыя асноўная дзейнасць палягала ў вывешванні бел-чырвона-белых сцягоў у цяжкадаступных месцах і на лініях электраперадач. Міронаўскі рух распачаўся на Віцебшчыне ў сярэдзіне 1990-х гадоў з нагоды рэферэндуму 14 траўня 1995 году, які змяніў нацыянальную сімволіку. Надалей гэты рух распаўсюдзіўся амаль па ўсёй Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства