viasna on patreon

Ціск на палітвязняў, новыя затрыманні: хроніка пераследу 25 жніўня Дапоўнена

2022 2022-08-25T15:44:00+0300 2022-08-25T18:09:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/babaryka_eduard.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі 25 жніўня.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Брэсце затрыманы музыка Сяргей Нікіцюк

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 32-гадовы мужчына нібыта абразіў у каментарах Лукашэнку, на сваёй старонцы у сацсетках размясціў нацыскую сімволіку, а таксама даслаў свой бюлетэнь з лютаўскага рэферэндума «экстрэмісцкім каналам».

Паводле сілавікоў, Нікіцюк атрымаў штраф за распаўсюд нацыскай сімволікі, а таксама супраць яго распачалі крымінальную справу ажно па трох артыкулах:

  • арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі);
  • арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім);
  • арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Алеся Бяляцкага ўтрымліваюць у "спецкалідоры" СІЗА-1 

Алесь Бяляцкі. Фота: @rightlivelihood

Як стала вядома праваабаронцам, палітзняволены старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі ў СІЗА-1 утрымліваецца ў так званым "спецкалідоры" — паўпадвальным памяшканні з дрэннымі ўмовамі.Цягам гэтага года Бяляцкага моцна абмяжоўваюць у ліставанні.

Нагадаем, Алесь быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года і разам з Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам абвінавачаны ў нясплаце падаткаў у буйным памеры. Больш за год ён утрымліваецца за кратамі, а следства працягнутае да 14 кастрычніка.

Падтрымаць правабааронцу можна лістамі, бандэролькамі і грашовымі пераводамі па адрасе:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Алесю Віктаравічу Бяляцкаму


Былой журналістцы TUT.ВY Таццяне Матвеевай прысудзілі восем сутак арышту

Сёння ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска ладзіўся суд над Матвеевай.На яе склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне: за аватарку ў фэйсбуку са словамі Янкі Купалы «Хочам людзьмі звацца» на фоне палосаў белага і чырвонага колераў, піша "БАЖ".


Вядома, што на судовым працэсе па справе журналісткі Таццяны Матвеевай затрымалі віцебскага дысідэнта Барыса Хамайду

Барыс Хамайда

Верагоднай прычынай затрымання стаў медальён з "Пагоняй". Барыс быў сведкам на працэсе. Яго затрымалі адразу, калі ён прыйшоў у суд. 


Выдавецтва "Галіяфы" пачатак працэс ліквідацыі

Пра гэта "Медыязоне" распавёў яго заснавальнік Зміцер Вішнёў.

"Калі выдавецтву не даюць працаваць — выдаваць і прадаваць кнігі, як яно можа жыць далей?"


Затрымалі супрацоўніка «Гроднажылбуда», які нібыта заклікаў калегаў баставаць

Папярэдне, яго клічуць Мікалай Мардовіч, яму 36 гадоў. У 2020 годзе ён нібыта браў удзел у акцыях пратэсту, а таксама «захоўваў сабе на старонку пратэсную інфармацыю і распаўсюджваў яе». Мяркуючы па відэа, мужчыну затрымалі проста на аб'екце, дзе ён працаваў, піша @nebovkletku.


Палітзняволенага Сцяпана Латыпава хочуць перавесці з калоніі ў турму

Сцяпан Латыпаў

29 жніўня ў судзе Івацэвіцкага раёна адбудзецца суд па замене палітвязню Сцяпану Латыпаву, які адбывае тэрмін у «Воўчых норах», пакарання на больш жорсткае. Верагодна, яго збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым. Рашэнне будзе прымаць суддзя Аляксандр Кірыловіч.

Нагадаем, у сярэдзіне траўня Сцяпана перавялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на пяць месяцаў. За першыя два тыдні ў ПКТ палітвязень атрымаў толькі два лісты. 16 жніўня мінулага году Латыпава асудзілі да 8,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічыняў. За пяць месяцаў у калоніі палітвязня змяшчалі ў ШІЗА агулам на 32 дні.

Працягвайце пісаць Сцяпану: ПК №22, 225295, Брэсцкая вобласць, Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Сцяпан Сяргеевіч Латыпаў


Гомельскаму пастару прыгразілі крымінальнай справай у выпадку правядзення абраду хрышчэння

На пастара гомельскай суполкі хрысціян поўнага Евангелля «Жывая вера» Дзмітрыя Падлобкі не спыняецца ціск. Нагадаем, нядаўна яго асудзілі за правядзенне абраду хрышчэння ў двары прыватнага дома, расцаніўшы гэта як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.

А 24 жніўня пастару выдалі ў міліцыі папярэджанне аб недапушчальнасці паўторнага парушэння закона аб масавых мерапрыемствах, распавёў ён на сваёй старонцы:

«Папярэдзілі, што калі будзе парушэнне закону яшчэ, то гэта ўжо можа быць крымінальная справа. А бонусам мяне апавясцілі, што цяпер цягам года кожны месяц са мной асабіста будзе сустракацца ўчастковы міліцыянт — каб праводзіць прафілактычную працу».


Мікалай Аўтуховіч паскардзіўся на ўмовы зняволення

Мікалай Аўтуховіч

Ягоную скаргу да турмы №1 Гродна 25 жніўня разгледзіць суддзя Артур Лешык.


Палітвязень Эдуард Бабарыка падаў скаргу на чарговае падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай 

25 жніўня ў судзе Партызанскага раёна Мінска будзе разгледжана скарга палітзняволенага Эдуарда Бабарыкі, які бесперапынна ўтрымліваецца за кратамі ўжо два гады і два месяцы, на падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай. Рашэнне па скарзе ў закрытым рэжыме будзе прымаць суддзя Міхаіл Макарэвіч.

Дапоўнена. Скарга пакінутая без задавальнення. Эдуард застанецца ў СІЗА мінімум да 14 верасня.

Нагадаем, пасля затрымання 18 чэрвеня 2020 году Эдуарду было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў), а потым яму выставілі яшчэ абвінавачванні ў распальванне варожасці (арт. 130 КК) і ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК).

Падтрымайце яго бандэролькай з прыемнымі дробязямі, грашовым пераводам або тэлеграмай: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Эдуард Віктаравіч Бабарыка

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства