viasna on patreon

Затрыманні за ўдзел у пратэстах, падтрымку Украіны і "экстрэмісцкія матэрыялы": хроніка пераследу 23-24 жніўня Дапоўнена

2022 2022-08-24T14:27:50+0300 2023-10-09T14:33:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/serabro_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі 23-24 жніўня.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

24 жніўня

Дома ў палітвязня Аляксандра Казакевіча адбыўся ператрус — сілавікі таксама задавалі пытанні пра ягонага брата

19 ліпеня Аляксандру прысудзілі паўтара года «хатняй хіміі» — суддзя Вольга Дубовік прызнала яго вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса («Абраза прадстаўніка ўлады»). Казакевіча вызвалілі ў залі суда, ён правёў у зняволенні тры месяцы.

Аднак ужо 26 ліпеня Аляксандра зноў затрымалі. Стала вядома, што супраць Казакевіча зноў распачалі крымінальную справу паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) — высветлілася, што хлопец нібыта абразіў яшчэ нейкага прадстаўніка ўлады ў 2021 годзе. 24 жніўня дома ў Казакевіча адбыўся ператрус.


ГУБАЗіК затрымаў жыхара Магілёва Уладзіміра Макоўскага

Паведамляецца, што мужчына нібыта прайшоў рэгістрацыі ў плане «Перамога», а таксама быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы.


Сацсеткі Symbаl.bу, hоdna.bу, bnr100.bу і тэлеграм-канал «Белы легіён» былі прызнаныя «экстрэмісцкімі»

Адпаведнае рашэнне 17 жніўня прыняў суд Партызанскага раёну Мінска.


Сілавікі затрымалі лекарку Вольгу Барушка 

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне лекаркі-анестэзіёлага-рэаніматолага Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Вольгі Барушка.

На «пакаяльным відэа» 35-гадовая жанчына кажа, што затрыманая з-за каментароў у інтэрнэце — нібыта яна абражала супрацоўнікаў міліцыі.


«Газеце Слонімскай» анулявалі пасведчанне аб дзяржрэгістрацыі

Сваё рашэнне Мінінфарм абгрунтаваў тым, што выпуск грамадска-палітычнага выдання «Газеты Слонімскай» і рэкламнай газеты «Аддушына» не ажыццяўляецца на працягу шасці месяцаў запар.

«Ні гродзенская, ні брэсцкая, ні пінская друкарні не ўзялі ў друк «Газету Слонімскую» і газету «Аддушына», спасылаючыся на высокую ступень загружанасці і шчыльны графік друку», — тлумачаць сітуацыю ў рэдакцыі.


Беларуса затрымалі за татуіроўку з Гітлерам — мужчына даказваў сілавікам, што гэта Янка Купала 

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне мінчука Паўла Гіля. Паводле іх, яму прызначылі 15 сутак арышту за татуіроўку з партрэтам Гітлера — аднак мужчына сцвярджаў, што гэта Янка Купала.

Як паведамляюць сілавікі, затрыманаму «ўручана для вывучэння» два зборніка Купалы.


Па рашэнні Мінінфарма ў Беларусі заблакавалі выданне CityDog.іo

«На дадзены момант мы не атрымлівалі ніякіх апавяшчэнняў ад дзяржорганаў аб прычыне блакіроўкі», — паведамляе рэдакцыя CityDog.

Пры спробе адкрыць сайт з'яўляецца надпіс аб блакіроўцы па рашэнні Мінінфарма.


У Мінску сілавікі затрымалі сямейную пару з ЖК «Каскад»

У «пакаяльным відэа» дзяўчына паведаміла, што працуе трэнерам асобаснага росту, а яе муж расказаў, што працуе праграмістам. Таксама яны абодва паведамілі, што ўдзельнічалі ў пратэстах у 2020 годзе. Праваабаронцам стала вядома, што затрыманых клічуць Ганна Чарвонец і Яўген Сляпцоў.


Затрыманы чарговы прадстаўнік IT-індустрыі 

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне жыхара Гродна Яўгена Кіселя.

Паводле іх, хлопец удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы».


Мінчук даслаў сваёй знаёмай запіс з «экстрэмісцкага канала» — яго прыйшлі затрымліваць не менш за пяць амапаўцаў у поўнай амуніцыі

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 36-гадовага Станіслава Рубашэўскага. Паводле іх, мужчына даслаў сваёй знаемай адзін запіс з «экстрэмісцкага канала». Таксама Станіслаў нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, аднак на дарогу не выходзіў.


СК: за апошнія паўгода толькі ў Мінску затрымалі 280 чалавек па крымінальных справах за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах у 2020 годзе

Як паведаміў начальнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Сяргей Паско, 238 з іх ужо прад'явілі абвінавачанні ва «ўдзеле ў масавых беспарадках» і заключылі пад варту.

СК паведамляе, што створана відэатэка, якая ўключае сотні тысяч файлаў, па іх устаноўлена больш за 1400 удзельнікаў акцый.


23 жніўня

У Фаніпалі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе затрыманыя тры чалавекі 

«Пакаяльныя відэа» з імі з'явіліся на адным з праўладных тэлеграм-каналаў. Сярод затрыманых — студэнт БДМУ і індывідуальны прадпрымальнік. У дачыненні да іх узбуджаная крымінальная справа паводле арт. 342 КК РБ.


З-за відэа супраць рускіх вайскоўцаў ГУБАЗіК затрымаў жанчыну, якая даглядае за дзіцём з інваліднасцю 

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 40-гадовай Аляксандры Доўгай. Паводле іх, жанчына на сваёй TikTok-старонцы выклала відэа ў падтрымку Украіны і супраць рускіх вайскоўцаў.

Супраць яе можа быць распачата крымінальная справа паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці).


Галоўнага рэдактара «Народных навінаў Віцебска» Сяржука Серабро выклікалі ў ГУБАЗіК

Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook. «Выклікалі ў ГУБОП па падзях 2020 года. Больш пакуль нічога не ведаю».

24 жніўня стала вядома, што ўСяргея Серабро ўзялі пісьмовыя тлумачэнні, як ён асвятляў падзеі 2020-га на сваім сайце. Мужчынуцягам гадзіны распытвалі пра мірныя шэсці пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Міліцыянтаў цікавіла, ці ішлі людзі па ходніках, ці не пераходзілі дарогу ў неналежных месцах і чым займаўся сам журналіст — ці толькі фатаграфаваў і пісаў тэксты.

Таксама службоўцы з ГУБАЗіК распыталі Сяргея, ці прыцягвалі яго да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях у той перыяд.


Музыка Ігар Банцар атрымаў новыя 15 сутак арышту

22 жніўня ў Цэнтральным судзе горада Мінска прайшоў другі судовы працэс над Ігарам Банцарам па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Яму зноў прысудзілі 15 сутак арышту.

Банцар мусіў вызваліцца 19 жніўня пасля пятнаццаці сутак арышту. Але на волю ён так і не выйшаў. Стала вядома, што яго перазатрымалі ў дзень вызвалення па новай адміністратыўнай справе. Выходныя ён правёў у ЦІПе ў чаканні чарговага суда.

Інфармацыя дапаўняецца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства