Віцебск: за "няправільны" каментар пра Лукашэнку палітвязню прысудзілі паўтара года калоніі
Праваабаронцы "Вясны" даведаліся пра вынікі судовага разгляду справы палітзняволенага Аляксея Мацявіна, якога абвінавачваюць ва ўчыненні злачынства паводле арт. 368 за абразу Лукашэнкі.
Справу разглядаў суддзя Першамайскага раёна Віцебска Юрый Урбан.
Абвінавачанаму 49 год. Вядома, што мужчына нарадзіўся ў Расіі, але ў свой час пераехаў у Беларусь. Скончыў Аршанскае медвучылішча, апошнія 15 гадоў працаваў фельчарам у віцебскай паліклініцы № 7. Жанаты, мае 13-гадовае дзіця. Па падазрэнні ва ўчыненні злачынства мужчыну затрымалі 15 ліпеня гэтага года.
Да гэтага, па дадзеных матэрыялаў справы, Аляксей Мацявін актыўна карыстаўся сацыяльнымі сеткамі, неаднаразова пакідаў там каментары з ацэнкамі дзейнасці розных прадпрыемстваў, установаў і гандлёвых аб’ектаў Віцебска.
Паводле звестак "Віцебскай Вясны", у віну Аляксею Мацявіну ставяць тое, што ён "супрацьпраўна падрыхтаваў і апублікаваў тэкст з негатыўнай ацэнкай Аляксандра Лукашэнкі, які ўтрымліваў ненарматыўныя формы маўлення", чым публічна яго абразіў.
На судзе абвінавачаны патлумачыў, што на момант напісання таго каментара ён не ведаў, што тэлеграм-канал "Витебск 97%" прызнаны экстрэмісцкім, а падпісаўся ён на яго з мэтай чытаць там мясцовыя навіны.
Таксама абвінавачаны прыгадаў, што допісы ў тэлеграм-канале тычыліся ў тым ліку жнівеньскіх падзей 2020-га году ў Беларусі, а таксама ваенных падзей гэтага года ва Украіне. Таго, што каментар, які стаў прадметам судовага разбіральніцтва, напісаў менавіта ён, Мацявін падчас суда не адмаўляў. Наадварот, цалкам прызнаў сваю віну.
Свой учынак абвінавачаны патлумачыў тым, што на момант напісання каментара ён знаходзіўся ў стане "выбуху негатыўных эмоцый".
12 жніўня суд Першамайскага раёна Віцебска прызнаў Аляксея Мацявіна вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле арт. 368 "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", прысудзіўшы яму ў якасці пакарання 1,5 года калоніі з адбыццём пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму.
Вы можаце падтрымаць палітвязня лістамі салідарнасці. Адрас такі: СІЗА-2. 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2. Аляксею Барысавічу Мацявіну. |