viasna on patreon

Ціск на палітвязняў, затрыманні па ўсёй краіне і новыя "экстрэмісты": хроніка палітычнага пераследу 19-22 жніўня Дапоўнена

2022 2022-08-22T13:43:00+0300 2022-08-23T16:50:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ablava_amap_zybickaya_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманні

22 жніўня

Дар'я Рэут
Дар'я Рэут

ГУБАЗіК затрымаў Другую Віцэ-Місіс свету-2017 Дар'ю Рэут. Мяркуючы па праўладных-каналах, у віну дзяўчыне ставяць удзел у жаночай акцыі пратэсту ў жніўні 2020 года. Тады Дар'я шпацыравала з іншымі дзяўчынамі з кветкамі па тратуары. У Рэут ёсць непаўнагадовы сын.


Арцём Ананіч
Арцём Ананіч

У Мінску затрыманы 26-гадовы Арцём Ананіч. Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, хлопец удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту і выходзіў на праезную частку. У 2020 годзе Ананіч працаваў у кампаніі "Рэно" — у пакаяльным відэа Арцёма прымушаюць назваць свой заробак у той час.


Мэрыем Герасіменка
Мэрыем Герасіменка

Беларуская спявачка Мэрыем Герасіменка, якую затрымалі з-за песні на ўкраінскай мове, не выйшла на волю пасля 15 сутак арышту Паводле @zerkalo_io, дзяўчыну зноў асудзілі — 10 жніўня ёй прысудзілі 15 сутак арышту. Як сказалі ў канцылярыі суда, спявачку судзілі па артыкуле 24.23 КаАП ("Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў").


Ілля Шчэгалёў
Ілля Шчэгалёў

У Мінску затрыманы кур'ер "Піцы Лісіцы" Ілля Шчэгалёў. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 28-гадовы хлопец нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, а таксама быў падпісаны на "экстрэмісцкія" тэлеграм-каналы, з якіх рабіў рэпосты.


Аляксандра Кандраценка
Аляксандра Кандраценка

Затрымалі студэнтку Факультэта міжнародных адносін БДУ Аляксандру Кандраценку. Як паведамляе @BSU97association, Аляксандра курыравала праект "На крок бліжэй". У рамках яго абітурыенты БДУ маглі размаўляць з цяперашнімі студэнтамі і даведвацца шмат карыснай інфармацыі.


Сяргей Міргародскі з жонкай
Сяргей Міргародскі з жонкай

Разам з сям’ёй затрымалі мінскага рэстаратара Сяргея Міргародскага, які валодае двума рэстаранамі ў Мінску — рэстабарам "Дом" і нэа-бістро "Умамі" на Рэвалюцыйнай. На той жа вуліцы знаходзіцца і ГУБАЗіК. Калі верыць паведамленню праўладнага тэлеграм-канала, рэстаратара затрымалі за ўдзел у пратэстах 2020 года разам з 55-гадовай жонкай Алай і 24-гадовым сынам Серафімам.

21 жніўня

Сяргей Марозаў
Сяргей Марозаў

Па дадзеных @pagoniagrodna, у Гродне на аўтафестывалі "Лакацыя" затрымалі фатографа Сяргея Марозава.

20 жніўня

Ігар Банцэр
Ігар Банцэр

Былога палітвязня музыку Ігара Банцэра не выпусцілі пасля 15 сутак на Акрэсціна. Пра гэта 20 жніўня @radiosvaboda паведамілі ягоныя сваякі. На іх думку, "задача ў сістэмы — пераканаць Ігара не заставацца ў Беларусі". Банцэр раней неаднойчы заяўляў, што з'язджаць з Беларусі не хоча, дзеля таго, каб застацца, ён гатовы сядзець у турме. На якой падставе Банцэр застаецца за кратамі, невядома.

22 жніўня стала вядома, што над музыкам адбыўся новы суд паводле арт. 19.11 КаАП ("Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў"), па выніках якога яму зноў прысудзілі 15 сутак арышту

19 жніўня

Наталля Карнеева
Наталля Карнеева

Затрымалі мінскую керамістку Наталлю Карнееву. Паводле папярэдняй інфармацыі, таксама затрыманы ейны муж. Дзесяцігадовую дачку Карнеевых забралі ў дзіцячы прытулак.

Наталля — мастак, педагог і кераміст, з вопытам работы больш за 13 гадоў. Яна праводзіла майстар-класы па лепцы з гліны. 


Генеральная пракуратура паведаміла аб затрыманні сваёй былой супрацоўніцы, якая ў 2020 годзе перадавала дадзеныя аб сілавіках у тэлеграм-канал "Чорная кніга Беларусі". Паводле папярэдняй інфармацыі, гаворка ідзе пра Наталлю Лашч. Супраць жанчыны распачалі крымінальную справу за "Распальванне сацыяльнай варожасці" паводле арт. 130 КК. Згодна з матэрыяламі справы, яна працавала ў пракуратуры да 2019 года, а ў 2020 перадавала інфармацыю аб супрацоўніках ведамства ў тэлеграм-канал, паведамляе @belsat.


Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым мінчуком, які 9 жніўня запусціў салют у гонар гадавіны выбараў. Аўтары сцвярджаюць, што мінчука клічуць Дзяніс Раманчук, і што разам з ім затрымалі ягоную жонку. На "пакаяльным" відэа Раманчук кажа, што 9 жніўня ў 23.34 запусціў салют на вуліцы Шугаева ў Мінску. Гэта здымала яго жонка, а кадры пары прапанавала апублікаваць некалькім тэлеграм-каналам, паведамляе @mediazona_by. Гэта не першы выпадак затрымання з-за салютаў — за феерверк у навагоднюю ноч былі затрыманыя жыхары сталіцы Алена і Мікалай Гаеўскія. Вынікам суда стаў арышт Мікалая на 15 сутак, а Алены — на 13 сутак.


У Плешчаніцах затрымалі Віктара Мацейковіча. Прычына яго затрымання і цяперашняе месцазнаходжанне высвятляюцца.


Генадзь Драздоў
Генадзь Драздоў

Таксама 19 жніўня @by_culture паведаміла, што днём раней —18 жніўня — быў затрыманы мастак, былы кіраўнік творчай суполкі "Пагоня" Генадзь Драздоў. Абставіны і прычыны затрымання, а таксама месца, дзе ўтрымліваецца Генадзь, пакуль невядомыя.


Затрыманыя на Зыбіцкай музыкі
Затрыманыя на Зыбіцкай музыкі

Гэтым жа днём, паводле @zerkalo_io, адбыліся новыя аблавы на вулічных музыкаў у Мінску. На Зыбіцкай АМАП забраў адразу тры музычныя гурты. Затрымалі без папярэджання і адвезлі ў РУУС.

"Адзін з калектываў — кавер-гурт Best Sound Band. Да іх падыйшлі, спыталі, хто старэйшы, і забралі траіх адразу", — распавёў відавочца. Чытач падкрэсліў, што музыкі не гралі "нічога палітычнага".

Пазней з’явілася інфармацыя, што музыкаў пратрымалі некалькі гадзін у РУУС і адпусцілі без пратаколаў ці папярэджанняў.


Гэтым жа днём, праваабаронцам стала вядома яшчэ пра некалькі затрыманняў, якія адбыліся раней.

Так, 18 жніўня ў Гродне адразу пасля сканчэння працоўнай змены на "Гродна Азот" затрымалі 26-гадовага Ігара Стэфановіча. Падчас затрымання амапаўцы паведамілі, што хлопца затрымліваюць за абразу Лукашэнкі. Дзе зараз знаходзіцца хлопец, праваабаронцы высвятляюць.


Таксама 18 жніўня Ў Мінску затрымалі 31-гадовую Марыю Растоўцаву. Зараз яна знаходзіцца на Акрэсціна.


17 жніўня ў Мінску затрымалі 35-гадовага Яўгена Каваленку. За што затрымалі мужчыну і дзе ён зараз знаходзіцца, пакуль невядома.

Папаўненне ў спісе "экстрэмістаў"

Тэлеграм-канал "Минская Семибоярщина" прызнаны "экстрэмісцкім"

21 жніўня стала вядома, што адпаведнае рашэнне яшчэ 12 жніўня прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска.


У Беларусі заблакавалі "люстэрка" Reform.bу

Як паведаміла 20 жніўня выданне, такое рашэнне прыняў Мінінфарм. Рэдакцыя Reform.bу выкарыстоўвала дамен reform.nеws як люстэрка асноўнага сайта. Сам дамен reform.bу быў заблакаваны Мінінфармам яшчэ 25 жніўня 2021 года.


Экстрэмісцкай прызналі першую частку расследавання Беларускага Расследавальнага Цэнтра аб "справе артапедаў"

Экстрэмісцкай прызналі першую частку расследавання Беларускага Расследавальнага Цэнтра аб

Па дадзеных @Belarus_files, адпаведная пазнака з'явілася ў Рэспубліканскім Спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Там пазначана, што такое рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска 12 жніўня.

Нагадаем, у красавіку гэтага года ў Беларусі прагрымела "справа артапедаў", па выніках якой былі затрыманыя 35 чалавек, многія медустановы падвергліся пазапланавым праверкам, а ў некаторых нават прыпынілі ліцэнзію. Расследаванне выявіла бенефіцыяраў гэтай справы. Адзначым, што другая частка расследавання ў "экстрэмісцкі" спіс не трапіла.

Ціск на палітвязняў

Палітзняволенага Яўгена Рубашку пазбавілі працяглага спаткання ў папраўчай калоніі №2

Яўген Рубашка
Яўген Рубашка

Пра гэта ён паведаміў у сваім лісце:

"Яшчэ сёння прайшоў сваю ініцыяцыю па пазбаўленні мяне чарговага доўгатэрміновага спаткання. Я і іншыя такія ж [палітычныя — Заўв.] атрымалі парушэнне за нібыта дрэнную ўборку яшчэ падчас каранціну. Думаю, вы самі пра ўсё гэта ведаеце. Усё як у людзей".

Нагадаем, усяго для зняволеных у калоніях ва ўмовах агульнага рэжыму прадугледжана тры працяглых і тры кароткатэрміновых спатканні ў год.

Падтрымайце палітвязня лістамі і паштоўкамі салідарнасці: ПК № 2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1. Яўгену Аляксандравічу Рубашку.


Палітвязень Мікіта Слепянок амаль не атрымлівае лістоў

Мікіта Слепянок
Мікіта Слепянок

Пра гэта ў інтэрв'ю "Новаму часу" паведаміла Дана — дзяўчына Мікіты, якая зараз знаходзіцца па-за межамі Беларусі, таму падтрымліваць сувязь с Мікітам ёй таксама складана. Дзяўчына прывяла цытату аднаго з апошніх лістоў ад палітвязня:

"Са здароўем як і раней — усё добра, у тым ліку з сэрцам, нягледзячы нават на інтэнсіўныя трэнаваньні, якія разам з чытаньнем літаратуры — амаль адзінае, чым тут займаюся. Так бы мовіць, намаганьне падтрымліваць у добрым стане розум і цела. Часам малюю, раблю розныя запісы, нататкі, часам складаю вершы, але сканцэнтравацца для гэтага магчыма толькі ўначы, дый тое калі застаюцца сілы не заснуць, што рэдкасьць (удзень бо спаць і ляжаць забаронена). Часта думаю пра тое, што буду рабіць па выхадзе адсюль, бо разумею, што жыцьцё давядзецца пачынаць з чыстага аркуша. Зрэшты, зь цяперашняй сытуацыяй у сьвеце нічога нельга загадваць наперад, таму яшчэ невядома, куды я выйду. Тым ня менш пэўныя ідэі ёсьць, а ці выйдзе рэалізаваць іх на волі — пакажа жыцьцё. Акрамя таго, заўсёды ёсьць зь кім параіцца, бо тут можна сустрэць самых розных людзей: ад звычайнай моладзі да дырэктараў, інжынераў буйных прадпрыемстваў, дзеячоў культуры і г.д. Гэта і магчымасьць пашырыць свае веды, і карысныя сувязі ў будучым. Пра мінулае намагаюся ня думаць".

Падтрымайце палітвязня лістамі і паштоўкамі салідарнасці: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А. Мікіту Антонавічу Слепянку.


Палітзняволены анархіст Дзмітрый Дубоўскі не выйшаў са штрафнога ізалятара пасля 20 сутак знаходжання ў ім

Дзмітрый Дубоўскі
Дзмітрый Дубоўскі

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал "Права на паўстанне". У ШІЗА Дубоўскага змясцілі ў яго Дзень народзінаў — 29 ліпеня. За што менавіта былі вынесеныя спагнанні палітвязню — невядома.

Нагадаем,Дзмітрый Дубоўскі — актывіст анархічнага руху, быў затрыманы пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. 

Яго, а таксама Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Рэзановіча і Сяргея Раманава, абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ і дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. У лютым 2021 года КДБ унёс палітвязня ў спіс "асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці". 22 снежня 2021 года ў Мінскім абласным судзе быў вынесены прысуд фігурантам гэтай крымінальнай справы. Дзмітрый Дубоўскі атрымаў 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці: ПК № 3, атрад 7. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба. Дзмітрыю Мікалаевічу Дубоўскаму.


Палітзняволенаму Ігару Пыж'янаву хочуць узмацніць рэжым

Ігар Пыж'янаў
Ігар Пыж'янаў

Ігар Пыж'янаў — юрыст з Ліды. Да затрымання працаваў ў кампаніі "Белтэкс оптык" намеснікам дырэктара па прававых пытаньнях. Раней працаваў у Лідзкім РАУС, адкуль сышоў у запас капітанам. Быў назіральнікам падчас прэзідэнцкіх выбараў. Яго абвінавацілі па ч. 1 арт. 366 КК ("Гвалт альбо пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі") і прысудзілі тры гады калоніі агульнага рэжыму. Падставай для крымінальнай справы стаў інцыдэнт падчас затрымання Пыж'янава. Юрыст адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі.  25 жніўня адбудзецца суд па замене Ігару пакарання на больш жорсткае. Верагодна, яго збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым. Рашэнне будзе прымаць суддзя суда Полацка і Полацкага раёна Віталь Лапко.

Падтрымаць палітвязня можна лістамі:  ПК № 1, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8. Ігару Юр'евічу Пыж'янаву

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства