viasna on patreon

Агляд Telegram-каналаў і палітычнае становішча — падборка дыфамацыйных прысудаў

2022 2022-08-20T16:42:24+0300 2022-08-29T16:43:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akciabrski_sud_hrodna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра "Вясна", самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій у Беларусі сёння з'яўляецца крымінальны пераслед паводле дыфамацыйных артыкулаў: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек над дзяржаўнымі сімваламі (арт. 368, 369, 370, 391 КК РБ).

Тут сабрана чарговая падборка дыфамацыйных прысудаў. Іх прычынай стала выказванне ў Інтэрнэце сваіх рэакцый у дачыненні да дзеючай улады.


Абраза знойдзена падчас "агляду тэлеграм-каналу"

22 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёна горада Гродна асудзілі Сцяпана Васілевіча. Вядома, што мужчына працуе сантэхнікам у мясцовым ТАА. Абвінавацілі яго ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса), а менавіта — супрацоўніцы органаў унутраных спраў.

Суд Кастрычніцкага раёна горада Гродна

У адным з Telegram-каналаў быў размешчаны пост з інфармацыяй аб працы супрацоўніцы ОУС і ейнай фатаграфіяй. Васілевіч, паводле матэрыялаў справы, апублікаваў там абразлівы каментар, які быў знойдзены супрацоўнікамі ўпраўлення па Гродзенскай вобласці ГУУБ МУС "падчас агляду тэлеграм-каналу".

Сам Васілевіч на судовым працэсе сваю віну не прызнаў і сцвярджаў, што каментар размясціў хтосьці іншы. Суддзя Маргарыта Ланцэвіч паставілася да гэтага крытычна і прыняла да ўвагі паказанні сведкі з боку абвінавачвання — оперупаўнаважанага, які ўдзельнічаў у затрыманні Васілевіча. Са слоў гэтага супрацоўніка, абвінавачваны "не адмаўляў", што каментар на адрас пацярпелай быў размешчаны з прычыны канфлікту, які ўзнік паміж імі падчас хакейнага матчу.

Акрамя таго, суддзя Ланцэвіч палічыла, што каментар Васілевіча ацаніў пацярпелую супрацоўніцу ОУС у непрыстойнай форме. А ў сваёй пазіцыі суддзя абапіралася на "агульнапрызнаныя правілы паводзінаў і нормы маральнасці ў грамадстве".

У выніку Сцяпану Васілевічу прызначылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая "хімія") тэрмінам на два гады.


"З прычыны палітычнага становішча"

28 чэрвеня суд Маладзечанскага раёна разгледзеў справу ў дачыненні да Наталлі Лемневай, якая працуе начальніцай аддзела па турызме. Яе абвінавацілі ў абразе супрацоўніка АМАП ГУУС Мінскага гарвыканкама (арт. 369 КК).

Паводле матэрыялаў справы, Лемнева пакінула ў адным з Telegram-каналаў каментар пад допісам пра амапаўца. І гэта, як палічыў суд, "зневажае ягоныя гонар і годнасць, прыносіць яму маральныя і душэўныя пакуты, падрывае ў вачах асобаў, да ведама якіх даведзены каментар, ягоны аўтарытэт, асабістыя і прафесійныя якасці, а таксама аўтарытэт органаў унутраных спраў наогул".

Суд у Маладзечна. Ілюстрацыйнае фота: rh.by
Суд у Маладзечна. Ілюстрацыйнае фота: rh.by

Наталля Лемнева ў зробленым раскаялася і сваю віну прызнала. Падчас судовага працэсу яна растлумачыла, што напісала каментар "з прычыны палітычнага становішча, якое склалася ў грамадстве".

Суддзя Дзяніс Барэйка палічыў, што "выпраўленне і перавыхаванне Наталлі Лемневой магчымае толькі ва ўмовах накладання на яе абавязкаў, якія абмяжоўваюць ейную волю", і прызначыў жанчыне пакаранне — абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняя хімія") тэрмінам на 1 год. Акрамя таго, Наталля Лемнева павінна выплаціць пацярпеламу амапаўцу 1 000 беларускіх рублёў у якасці матэрыяльнай кампенсацыі ягонай маральнай шкоды. Дзеля гарантыі гэтага суд пакінуў у сіле арышт, накладзены на ноўтбук жанчыны.


Суд Нясвіжскага раёна 8 ліпеня вынес прысуд Уладзілену Дзмітрыеву, якога абвінавацілі ў абразе супрацоўніцы міліцыі (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядала суддзя Алена Гасцеева.

Суд прызнаў Дзмітрыева вінаватым і асудзіў яго да абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ тэрмінам на два гады. Таксама ён павінен выплаціць матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелай у памеры 1 000 беларускіх рублёў.


"Бітва дызайнераў" у Расіі і "тэрарыстычны спіс" у Беларусі

25 ліпеня Магілеўскі абласны суд абвясціў прысуд мясцоваму жыхару, архітэктару Аляксею Парэцкаму — пра гэта паведамляе MAYDAY.TEAM.

Суддзя Алена Картавенка прызнала 40-гадовага мужчыну вінаватым у паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі (ч. 2 арт. 367 КК РБ), а таксама ў распальванні сацыяльнай варожасці (ч.1 арт. 130 КК РБ). Прычынай для крымінальнага пераследу сталі апублікаваныя Парэцкім паведамленні ў Інтэрнэце. У сукупнасці, мужчыну было прызначанае пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Магілеўскі абласны суд. Фота: court.gov.by
Магілеўскі абласны суд. Фота: court.gov.by

Сам Парэцкі да суда знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе і ўжо ў зале суда яго заключылі пад варту. Вядома, што ў мужчыны маецца 3-я група інваліднасці.

13 чэрвеня Камітэт дзяржаўнай бяспекі з невядомых прычын уключыў Аляксея Парэцкага ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да “тэрарыстычнай дзейнасці”.

Аляксей Парэцкі – архітэктар, адукацыю атрымаў ў Маскоўскім архітэктурным інстытуце. Таксама скончыў Маскоўскі дзяржаўны універсітэт імя М. В. Ламаносава, факультэт гісторыі Усходняй Еўропы. Быў удзельнікам рэаліці-шоў "Бітва дызайнераў" на канале ТНТ.


Telegram і Viber — Лукашэнка і Караеў

У жніўні суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы асудзіў мясцовага жыхара Аляксандра Кудловіча. Ён з’яўляецца палітзняволеным.

Згодна з абвінавачваннем, у верасні і лістападзе 2020 года мужчына размясціў у Telegram-канале і мэсэнджэры Viber абразлівую інфармацыю ў дачыненні да Лукашэнкі (ч. 1. арт. 368), а таксама Юрыя Караева, які на той час быў міністрам ўнутраных спраў (арт. 369).

Крымінальную справу разглядала суддзя Інна Паўлоўская. Яна прызначыла Кудловічу пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Сістэмны блок і мабільны тэлефон, як прылады ўчынення злачынства, канфіскаваны ў даход дзяржавы, піша Intex-press.


Абразіла Лукашэнку рэакцыяй "Клас"

17 жніўня суд Кастрычніцкага раёна горада Гродна асудзіў мясцовую жыхарку Таццяну Мацееўскую.

Як паведамляе MAYDAY.TEAM, згодна з матэрыяламі справы, Мацееўская 12 жніўня 2020 паставіла ў "Аднакласніках" адзнаку-рэакцыю "Клас" пад выявай Лукашэнкі, якая суправаджалася "абразлівым запісам".

18 верасня 2020 года Мацееўская паставіла "Клас" яшчэ пад адной выявай, дзе было пудзіла, якое намякала на Лукашэнку.

З-за алгарытмаў сацыяльнай сеткі, абедзве публікацыі сталі бачныя на асабістай старонцы жанчыны. Суд прызнаў, што сваімі дзеяннямі Мацееўская "прычыніла шкоду гонару і годнасці" Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК).

У выніку суддзя Уладзімір Пазняк прызначыў Таццяне Мацееўскай абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ тэрмінам на два гады.


Дыфамацыйныя артыкулы ў Крымінальным кодэксе Беларусі: адказваем на пытанні

Што такое “крымінальная дыфамацыя”?

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства