viasna on patreon

"Тыя, у каго я праходзіў практыкі, асудзілі мяне і выставілі пазоў", — былы палітзняволены студэнт распавёў сваю гісторыю пераследу

2022 2022-08-16T11:02:27+0300 2022-08-16T12:08:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/karpuk_alex_589.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

20-гадовага студэнта чацвёртага курсу Беларускага інстытута права Аляксандра Карпука затрымалі з сябрам на пачатку лютага выпадкова: яго прынялі за злодзея ці закладчыка. У тэлефоне ў хлопца знайшлі відэа з самага масавага Маршу 16 жніўня 2020 года і адпраўлены ў чат-бот "Nexta" здымак спецтэхнікі на стадыёне "Дынама". Тэлеграм-канал не апублікаваў гэта фота, але хлопца абвінавацілі ў дапамаганні арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. У выніку Аляксандра пасля амаль трох месяцаў на "Валадарцы" асудзілі да двух з паловай гадоў "хіміі", і ён ужо пакінуў Беларусь. За час арышту хлопца выключылі з інстытута — за некалькі месяцаў да дыплома. Былы палітзняволены і адлічаны студэнт Аляксандр Карпук распавёў "Вясне" сваю гісторыю пераследу.

Аляксандр Карпук. Фота з асабістага архіва былога студэнта
Аляксандр Карпук. Фота з асабістага архіва былога студэнта

"Або мы даем тэлефоны, або нас будуць зараз біць" 

Аляксандра з сябрам затрымалі выпадкова позна ўвечары 6 лютага гэтага года супрацоўнікі АМАПа ў Заводскім раёне Мінска.

"Затрымлівалі мяне не так, як астатніх. Можна сказаць, што затрымалі памылкова. Мы гулялі з сябрамі, і я праводзіў аднаго са сваіх сяброў да прыпынку. Нам спатрэбіліся запалкі, і мы вырашылі пашукаць іх у партфелі. Было цёмна, таму мы падсвяцілі ліхтарыкам тэлефона. І адразу з ніадкуль пад'ехаў незразумелы затаніраваны мікрааўтобус. Адтуль выйшлі чатыры чалавекі без апазнавальных знакаў, узялі нас пад рукі, не прадстаўляючыся, закінулі нас у аўтобус і сказалі, што нас падазраюць у крадзяжы з аўтамабіля. Нібы паступіла арыентоўка на двух чалавек у чорнай вопратцы. Я так разумею, што нас наогул адразу прынялі за закладчыкаў наркотыкаў. Даглядзелі нашы партфелі — нічога не знайшлі. Зразумелі, што мы недатычныя ні да наркотыкаў, ні да крадзяжу, таму ўзялі на праверку нашы тэлефоны. Мы не хацелі даваць іх. Але нам сказалі: або мы даем тэлефоны, або нас будуць зараз біць. Таму нам давялося аддаць тэлефоны. Там яны знайшлі відэа з Маршаў у 2020 годзе. Калі супрацоўнікі ўбачылі іх, то зразумелі, з кім маюць справу, і адразу пачаліся жарты і называнне нас "змагарамі".

Цэлую гадзіну мы прастаялі ў машыне — нам не давалі сядаць. Пасля нас адвезлі ў Заводскае РУУС. Участковы адразу адпусціў дадому майго сябра, бо відэа ў яго не было ў тэлефоне. Сябар спытаў, ці чакаць мяне. Участковы сказаў, што калі хоча, то хай пачакае ў калідоры, зараз разбярэмся. Калі са мной разабраліся, то я думаў, што пайду дадому з адміністрацыйным артыкулам. Але потым з РУУС патэлефанавалі следчаму, а той сказаў трымаць нас да раніцы. У выніку майго сябра, які чакаў мяне ў калідоры, і мяне закінулі ў камеру на ноч.

Зранку першым на допыт паклікалі сябра. Калі ён прыйшоў, то сказаў, што ўсё вельмі дрэнна, але мне будзе яшчэ горш. На момант затрымання мне было 20 гадоў. Яны глядзелі на мой малады век і казалі: "Вось, ты малады хлопец, навошта табе гэта ўсё? Давай выдавай усё, хто цябе падштурхоўваў на гэта, хто табе плаціць, распавядай, хто ў цябе тут у дварах малюе, і мы цябе адпусцім!" Але я нічога распавядаць не стаў і папрасіў назваць, паводле якога крымінальнага артыкулу мяне трымаюць, на што мне адказалі: "Табе ўжо няважна — паедзеш у турму". З бацькамі і з адвакатам звязацца не далі".

"Наслухаўшыся гісторый за 2020 год з Акрэсціна, нам было страшна"

Пасля гэтага Аляксандра і ягонага сябра павезлі ў іншае ўпраўленне, дзе зноў дапытвалі, даглядалі тэлефон, перапісвалі ўсе падпіскі ў Telegram.

"У мяне яшчэ знайшлі, што адпраўляў відэа ў "Nexta", удзел на платформе "Голас", фота з Марыяй Калеснікавай, таму да мяне ставіліся стражэй. Нас ад раніцы да вечара вазілі па розных інстанцыях. У Следчым камітэце зноў зрабілі вопіс рэчаў. Самае цікавае, што ў вопісы не было запалак, якія мы шукалі".

Паводле былога студэнта, увечары іх ізноў вярнулі ў камеру Заводскага РУУС.

"Для нас гэта было шокам. Нам не давалі есці і піць цэлы дзень. Але ніхто не біў, і на тым дзякуй. У сукамернікаў мы запыталі, куды далей нас адправяць. На гэта нам адказалі, што наступным пунктам будзе Акрэсціна. Наслухаўшыся гісторый за 2020 год з Акрэсціна, нам было страшна. Думалі, што ўсё гэта жарт, але дакладна не на Акрэсціна… Але павезлі нас туды".

Як распавядае Аляксандр, перад этапам з РУУС да ІЧУ забралі некаторыя рэчы, нягледзячы на тое што была зіма. Везлі хлопцаў у "стакане" аўтазака. Дарога заняла каля дзвюх гадзін, таму што аўтазак збіраў людзей з іншых РУУС.

"Нягледзячы на тое, што камерка ў аўтазаку разлічана на аднаго, нас садзілі па чатыры чалавекі. Тады быў перадрэферэндумны час, таму шмат каго затрымоўвалі. І нас заадно".

"Самае страшнае на Акрэсціна — захварэць" 

Адну ноч Аляксандра ўтрымлівалі ў звычайнай камеры, але зранку яго спусцілі ў паўпадвальнае памяшканне — у карцар.

"У аднамясцовым карцары ў нас утрымлівалася 8-11 чалавек. Усе спалі на падлозе ўзімку. У камеры працавала адна батарэя, а ў вакне не было шкла. Спаць нам не давалі: кожныя тры гадзіны — пад'ём, кожныя 15 хвілінаў — глядзяць у вочка. Ранішнія і вечаровыя праверкі праходзілі вельмі пільна, бо ў камеры ўсе былі "палітычныя".

Затое хлопцы ў камеры былі ўсе добрыя! Мы ўсё разумелі, жартавалі, смяяліся. Але, вядома, на Акрэсціна было цяжэй за ўсё. У мяне ў адзінага былі хоць нейкія цёплыя рэчы: байка, штаны. Хтосьці быў і без гэтага. А самае страшнае на Акрэсціна — захварэць, таму што хворага не перавязуць у СІЗА, а вылечыцца на Акрэсціна нельга. У СІЗА на Валадарскага з гэтым лепей — там хаця б цёпла. Мы баяліся захварэць. Але наш адзін сукамернік усё ж захварэў і яго тры дні ператрымалі ў ІЧУ.

З намі ў камеры былі два блогеры, супрацоўнік МТС, да якога асабіста прыходзіў начальнік ІЧУ на гутарку. Ён адчыніў дзверы ў камеру і пачаў яго адчытваць, што праз тое, што ён адпраўляў дадзеныя, яму даводзілася хаваць сям'ю на лецішчы. "Вы разумееце, што вы робіце? Вы сапсавалі мне жыццё!" І, бачачы, што ў нас, дзевяці чалавек, у аднамясцовым карцары няма нічога, пытаецца: "Як вам тут умовы? Усё падабаецца? Усяго хапае? Ну вы ж разумееце…"

Калі мы былі ў ІЧУ, да нас прыходзілі розныя следчыя, і аднаго разу прыходзіў нейкі чалавек, я так разумею, з ГУБАЗіКа. Ён запытваў не пад пратакол, якія ў мяне ёсць сувязі з пратэснымі ячэйкамі, ці фінансуюся Захадам і г. д. Ён пазапытваў чыста фармальна. Магчыма, мне пашанцавала, што трапіўся не самы ідэйны чалавек сярод ГУБАЗа".

Былы арыштант прыгадвае самыя эмацыйныя моманты ў ІЧУ на Акрэсціна:

"Засмучала тое, што ў суседнім карцары сядзіць сябар, а я з ім звязацца ніяк не магу. Увесь час думаеш, што будзе далей, што яшчэ могуць вытварыць. Умовы горшымі не зрабіць, але, калі хварэеш і просіш лекара, а ён не прыходзіць некалькі дзён... А таблетка на Акрэсціна адна — вугаль, якім там і зубы чысціш. Самым радасным момантам была сустрэча з сябрам на Акрэсціна. Калі палова людзей з'ехала з майго карцара, то нас перакінулі ў суседні карцар. Нас засталося шэсць чалавек, і мы ўзрадаваліся, што зможам легчы ў поўны рост, але рана было радавацца. У карцары мы пачалі абмяркоўваць усё з сябрам, дзяліцца ўражаннямі і распавядаць, хто чаму навучыўся ў карцары за гэтыя некалькі сутак".

"У нашай камеры ў СІЗА з 24 чалавек, уключна са мной, 17 былі «палітычнымі»" 

Пасля 10 сутак у ІЧУ Аляксандра і ягонага сябра адправілі ў СІЗА-1, дзе яны знаходзіліся каля трох месяцаў. Хлопец атрымаў перадачу, якую бацькі яму адразу перадалі на Акрэсціна — там яе прынялі, але аддалі толькі на этапе на "Валадарцы".

"Мяне адразу адправілі ў душ, а потым пасадзілі ў "адстойнік" — пункт ператрымкі перад камерай, таму што была ноч. Што мяне здзівіла, што там быў ложак і далі нават матрац. Мне было трошкі некамфортна, таму што я бачыў, што іншых у "адстойнікі" запускаюць па тры-чатыры чалавекі, а я чамусьці сядзеў адзін. Мне было страшна, я думаў: "Вось я прыехаў у СІЗА, і калі гэта ёсць усё СІЗА, то як я буду адзін увесь час сядзець, бо я з глузду з'еду?" Зранку пакармілі і сказалі, што хутка перавядуць у камеру. Я пачытаў кнігу "Залатое цяля", паеў печыва з перадачы бацькоў".

Зранку хлопца засялілі ў паўпадвальную камеру, так званы "Шанхай".

"Адчыняецца камера — і я ачмурэў: там на мяне глядзяць 23 чалавекі. Я думаю: "Куды я патрапіў?!" Я яшчэ на волі нагледзеўся гэтых відэа пра турмы, таму адразу было страшна. Але калі я зайшоў, то ўбачыў знаёмыя твары з карцара на Акрэсціна. Яны да мяне падбеглі радасныя, прывіталіся. Я зразумеў, што ўсё добра.

У камеры, нягледзячы на тое што была зіма, было вельмі горача — 24 чалавекі ў невялікім памяшканні. Нам не давалі вентылятараў — было вельмі душна. Шмат хто хадзіў без маек. Коўдра там дакладна была не патрэбная. Цёплыя рэчы я адразу схаваў і больш не даставаў. Толькі ў паўпадвальных камерах такая сітуацыя — у іншых па шэсць-дванаццаць чалавек, ёсць вентылятары. Нават было трохі зайздросна, калі мне іншыя расказвалі гэта.

У нашай камеры з 24 чалавек, уключна са мной, 17 былі "палітычнымі". Мы адразу знайшлі агульную мову з хлопцамі. Цяпер я жыву ў Грузіі — са мной жывуць два мае сукамернікі".

Як распавядае Аляксандр, пра пачатак вайны ва Украіне камера дазналася 24 лютага з тэлевізара:

"Калі ў тэлевізары пачалі круціць, што 24-га пачалася спецаперацыя, то мы былі ў шоку. Не чакалі, зусім не чакалі… Мы думалі, што і нас яшчэ на вайну адправяць. Хоць хтосьці жартаваў, што мы, наадварот, самыя абароненыя і нам аўтамат у рукі не дадуць, так што бяспечней знаходзіцца тут. Людзі распытвалі ў адвакатаў хоць нейкую інфармацыю".

"Судмедэксперт, які сядзеў з намі за "зліў" дадзеных, напісаў заключэнне пра смерць прусака" 

Як кажа былы палітвязень, у СІЗА ён амаль ні з кім, пра каго чытаў раней у СМІ, не сустракаўся. З лістамі асаблівых праблем ён не меў, але так было не заўжды і не ва ўсіх:

"У нашай камеры былі прусакі, пару разоў бачылі пацукоў. І аднойчы мы вырашылі пахаваць з усімі ўшанаваннямі прусака. Я вырашыў падзяліцца з сябрамі гэтай гісторыяй у лісце. Напісаў, што мы пахавалі прусака. Судмедэксперт, які сядзеў з намі за "зліў" дадзеных, напісаў заключэнне пра смерць. Я напісаў усё гэта ў лісце, але мне яго вярнулі, таму што не прайшоў цэнзуру. Я адразу не зразумеў, у чым праблема, але мне сукамернікі нагадалі мянушку галоўнакамандуючага. На наступны дзень нам прынеслі сродак для барацьбы з прусакамі, але потым у мяне каля тыдня былі праблемы з лістамі.

Лістоў я атрымліваў большасць, але не ўсе. Але такая сітуацыя была не ва ўсіх. У нас сядзелі людзі, якім наогул лісты амаль не прыходзілі. Напрыклад, Арцёму Салаўю за чатыры-пяць месяцаў прыйшло толькі тры лісты.

Калі мяне везлі на суд, то ў "адстойніках" сустрэўся з Акіхірам Гаеўскім-Ханадам. Вельмі вясёлы хлопец, быў на пазітыве. Расказаў, што прыязджае на суд: з'ядае бутэрброд і спіць. Ужо пракурор стаміўся чытаць гэтыя матэрыялы справы, суддзя сядзіць у тэлефоне. Яны прыязджаюць і проста засынаюць пад гэту чытку. З ягоных словаў, адзін з эпізодаў, які яму ставяць у віну, гэта арганізацыя мітынгаў, калі яму было шэсць гадоў. Пазычыў мне ўдачы на судзе і сказаў, што там няма чаго баяцца".

"На мяне глядзелі — нібыта слухалі, але, па-мойму, ім была ўсё адно" 

Крымінальную справу супраць былога студэнта вёў следчы, маёр юстыцыі Кудрэка М. У. Разглядалі яе ў судзе Заводскага раёна Мінска. Аляксандра судзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса — ч. 1 арт. 342 (удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у Маршы 16 верасня, а таксама ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 (дапамаганне ў арганізацыі такіх дзеянняў) за адпраўку фота ў "Nexta". Суд Аляксандра пачаўся з таго, што яго згубіў канвой пасля надгляду, вялі яго пустым калідорам, "як асабліва небяспечнага злачынцу".

"У лістах я папрасіў сваякоў і сяброў не прыходзіць на сам суд, каб мяне не бянтэжыць. Суддзя палову працэсу праседзела ў тэлефоне, пракурорка глядзела ў акенца — асабліва мяне не слухалі. Прадстаўніца "Мінсктранса" ўстала, зачытала пазоў з аркуша і папрасіла яе вызваліць.

На судзе я прыдумаў гісторыю, што я студэнт, які вывучае ўплыў палітычных партый на грамадства, таму вырашыў правесці сабе практычны занятак. На мяне глядзелі — нібыта слухалі, але, па-мойму, ім было ўсё адно. Пракурорка запатрабавала тры гады "хіміі". Адвакатка спрабавала мяне абараняць: якое дапамаганне праз фота, і мне было 18 гадоў тады".

У выніку суддзя Анжэла Касцюкевіч 29 красавіка асудзіла Аляксандра да двух з паловай гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хіміі"). Сябра Аляксандра, з якім яго затрымалі, асудзілі праз месяц да трох гадоў "хатняй хіміі".

"Лічылася, што падчас зняволення я вучыўся ва ўніверсітэце" 

Аляксандр Карпук. Фота з асабістага архіва былога студэнта
Аляксандр Карпук. Фота з асабістага архіва былога студэнта

На момант затрымання Аляксандр вучыўся на чацвёртым курсе вочнага аддзялення на факультэце міжнароднага права ў Беларускім інстытуце права, але падчас зняволення яго адлічылі. Сёлета хлопец мусіў атрымаць дыплом. 

"Калі я выйшаў, то адразу пайшоў у свой універсітэт спытаць, чаму мяне адлічылі. Афіцыйная прычына майго неаплата навучання. Хоць затрымалі мяне 6 лютага, а адлічылі толькі ў 20-х днях красавіка. Лічылася, што падчас зняволення я вучыўся ва ўніверсітэце. Мне яшчэ за гэта і рахунак выставілі.

Я вучыўся добра, лічыўся выдатнікам, удзельнічаў у конкурсах. Дарэчы, у 2019 годзе я праходзіў практыку ў судзе Заводскага раёна, дзе праз тры гады мяне і асудзілі. На момант затрымання ў мяне пачалася пераддыпломная практыка ў Міністэрстве транспарту і камунікацый, якое мне ў выніку выставіла пазоў за "блакаванне дарог" у шэсць тысяч рублёў. Тыя, у каго я праходзіў практыку, адны асудзілі мяне, а другія выставілі пазоў.

Але калі абстрагавацца ад усіх акалічнасцяў і сітуацыі, то цяпер у СІЗА я прайшоў добрую і цікавую практыку: я вывучыў артыкулы, на суседнім ложку быў былы юрыст. Мы з ім кансультавалі ўсю камеру па дакументах. Было цікава".

"Рады быў прагуляцца не вакол лавачкі, а наўпрост" 

Пасля суду Аляксандра выпусцілі на волю да накіравання ў папраўчую ўстанову.

"Было цяжка першыя часы, калі я перажываў, што падвёў бацькоў, бо яны забяспечылі адукацыю, ускладалі нейкія надзеі на мяне. А калі стала зразумела, што не так усё страшна насамрэч, і ў камеры трапіліся нармальныя людзі, то стала прасцей з маральнага пункту гледжання.

На волі прыемна было прыняць ванну, а не душ. Рады быў прагуляцца не вакол лавачкі, а наўпрост. Калі паглядзеў, колькі людзей затрымліваюць за мітынгі, то ўспрымаецца па-іншаму гэта ўсё. Калі ездзіў у аўтобусе, думаў, што, магчыма, я цяпер у аўтобусе еду з якім-небудзь былым зняволеным".

"Крута бачыць людзей, аб'яднаных адной ідэяй"

Аляксандр падаў апеляцыйную скаргу на прысуд, але яна нічога не змяніла. Сам працэс заняў каля сямі хвілін. Былы студэнт вырашыў пакінуць Беларусь і цяпер знаходзіцца ў Грузіі. Аляксандр плануе перабрацца ў Польшчу і спадзяецца, што там давучыцца. Хлопец марыць вярнуцца ў Беларусь, калі гэта стане бяспечна для яго.

"У нас там якраз планаваўся рамонт у кватэры трэба было дапамагаць, а я так спрытна сышоў ад гэтага (смяецца).

Вельмі ахвота бачыць Беларусь у іншым святле, таму што я бачыў яе толькі такой, якая яна ёсць, бо я нарадзіўся пры Лукашэнку і жыў пры ім, іншага нічога не бачыў. Тая атмасфера, якая панавала на мітынгах, мне вельмі спадабалася. Гэта крута бачыць людзей, аб'яднаных адной ідэяй. Усе адно аднаму дапамагаюць: калі спякота, то дадуць папіць, калі трэба, то падвязуць кудысьці. Калі ўся сталіца пад бел-чырвона-белымі сцягамі святкуе перамогу на выбарах, то было прыемна ўсведамляць, што ты не адзін. Спадзяюся, гэта нікуды не знікла ў тых людзей, якія засталіся ў Беларусі, і калі надыдзе момант, гэта прачнецца ў іх ізноў і ўсё адбудзецца, як мае быць".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства