Ціск на палітвязняў і папаўненне ў спісе "экстрэмістаў": хроніка пераследу 15 жніўня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітвязню Яўгену Кіслейку ўзмацнілі рэжым і перавялі з "хіміі" у калонію
35-гадовага Яўгена Кіслейку асудзілі на 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія") за абразлівы каментар пра міністра ўнутраных спраў Кубракова па арт. 364 Крымінальнага кодэксу ("Пагроза гвалтам у дачыненні да прадстаўніка органаў унутраных спраў"). З 9 верасня 2021 года адбываў тэрмін ў мінскай ПУАТ-36. Стала вядома, што нядаўна над палітвязнем адбыўся суд па ўзмацненню рэжыма. Суд пастанавіў перавесці Яўгена з "хіміі" у папраўчую калонію. Цяпер палітвязень перад этапам у калоніі будзе знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага.
Падтрымайце Яўгена лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі. Адрас такі: СІЗА-1, 220030, Мінск, вул. Валадарскага, 2, Яўгену Уладзіміравічу Кіслейку. |
Папоўніўся спіс "экстрэмістаў"
Улады заблакавалі сайт "Народнай Волі".
"Будзем спадзявацца, што часова. Але на сённяшні момант інтэрнэт-рэсурс не адкрываецца ні з Беларусі, ні з-за мяжы. Блакіроўка настолькі глыбокая, што мы не маем доступу нават да адмінкі сайта, каб выправіць тыя недахопы, на якія звярнула нашу ўвагу Міністэрства інфармацыі. Разлічваем, што бліжэйшым часам праблема будзе вырашана, мы робім для гэтага ўсё магчымае. І немагчымае таксама. Рэдакцыя па-ранейшаму знаходзіцца ў Беларусі, мы строга прытрымліваемся дзеючага заканадаўства, працуем адкрыта і легальна", — піша @nvonlineby.
Як паведамляе @zerkalo_io, "Укантакце" абмежаваў доступ да суполкі партала "Зеркало" на тэрыторыі РФ паводле рашэння расійскай Генпракуратуры.
Адміністрацыя "Укантакце" паведаміла рэдакцыі "Хартыя-97", што іх суполка ў сацсетцы будзе заблакаваная па скарзе Мінінфарма Беларусі. Раней доступ да суполкі быў абмежаваны на тэрыторыі РФ паводле рашэння расійскай Генпракуратуры. Таксама стала вядома, што адміністрацыя «Укантакце» папярэдзіла і аб блакіроўцы суполкі "Гомельскі флагшток".
Суполка ва "Укантакце" "ЗА АДЗІНУЮ дзяржаўную МОВУ Беларусі!" прызнаная экстрэмісцкай. Такое рашэнне 5 жніўня прыняў суд Чыгуначнага раёна Гомеля. Таксама "экстрэмісцкімі" былі прызнаныя суполкі "Печать-Фотографий Борисов" і "Печать фото. На майках, холсте! Борисов".