У Бабруйску вынесеныя суровыя прысуды за "тэрарыстычныя дзеянні" групе мясцовых жыхароў Дапоўнена
У судзе Бабруйскага раёна і Бабруйска 10 жніўня вынесены прысуд групе мясцовых “тэрарыстаў”. Па справе праходзілі Ігар Казлоў, Канстанцін Ермаловіч, Віталь Мінкевіч, Наталля Кед і Надзея Полькіна.
Іх абвінавацілі па некалькіх артыкулах:
- стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй (ч. 2 арт. 290-4 Крымінальнага кодэкса);
- акт тэрарызму (ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэкса);
- пагроза здзяйснення акта тэрарызму; (ч. 2 арт. 290 Крымінальнага кодэкса);
- абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).
Судовы працэс вяла суддзя Наталля Агладкова.
У першы дзень судовага пасяджэння, 15 ліпеня, суддзя пастанавіла праводзіць працэс у закрытым рэжыме, таму на гэты час вельмі мала інфармацыі аб судовым працэсе.
Вядома, што ўсіх пяцярых бабруйчан абвінавачвалі ў тым, што яны спалілі пудзіла Лукашэнкі ў сакавіку 2021 года.
Асобна Мінкевіча, Казлова і Ермаловіча абвінавачвалі ў шэрагу дзеянняў "тэрарыстычнага характару" летам-восенню 2021 года.
Тады УУС Магілёўскага аблвыканкама заявіла, што каля чыгуначнай станцыі Мірадзіна знойдзены прадмет, падобны на выбуховае прыстасаванне. Падобныя прадметы былі знойдзеныя работнікамі чыгункі 24 і 31 жніўня паміж рэйкамі каля чыгуначнай станцый Цітоўка і Бабіна, а таксама 16 верасня прадаўцом "Табакеркі" каля самога гандлёвага кіёска ў Бабруйску.
Таксама сілавікі палічылі тэрактам падпал стралковага ціра, які належыць вайсковай частцы 5527 (Бабруйск).
Канстанцін Ермаловіч, Віталь Мінкевіч, Ігар Казлоў былі затрыманыя 26 верасня 2021 года, цяпер іх утрымліваюць у СІЗА-5 у Бабруйску. Статус і месцазнаходжанне жанчын невядомыя.
Усіх траіх юнакоў КДБ унёс у "спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".
1 жніўня абвінавачанне запрасіла для іх вялізныя тэрміны зняволення. Так, паводле інфармацыі bobruisk_online, Канстанціну Ермаловічу — 17 гадоў пазбаўлення волі, Віталю Мінкевічу — 16 гадоў, Ігару Казлову — 15 гадоў. Наталлю Кед хочуць асудзіць на 2 гады "хатняй" хіміі, а Надзею Полькіну хочуць адправіць на два гады ў калонію агульнага рэжыму: абедзве жанчыны праходзяць па справе аб спальванні пудзіла.
Сёння вынесены прысуд:
Наталлю Кед, Надзею Полькіну, Ігара Казлова, Віталя Мінкевіча і Канстанціна Ермаловіча прызналі вінаватым у тым, што яны спалілі пудзіла Лукашэнкі ў сакавіку 2021 года, паведамляе MAYDAY.TEAM.
Асобна Мінкевіча, Казлова і Ермаловіча прызналі вінаватымі ў шэрагу дзеянняў "тэрарыстычнага характару" летам-восенню 2021 года.
Такім чынам:
Канстанціну Ермаловічу — 16 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 9 600 рублёў (ч. 1 арт. 368, ч. 1 арт. 14 і арт. 289, ч. 2 арт. 289, ч. 2 арт. 290-4 Крымінальнага кодэкса);
Віталь Мінкевіч — 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму (ч. 1 арт. 368, ч. 6 арт. 16, ч. 2 арт. 290, ч. 1 арт 14 і ч. 2 арт. 289, ч. 2 арт 289);
Ігар Казлоў — 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму (ч. 1 арт 368, ч. 2 арт 290, ч. 2 арт. 289);
Надзея Полькіна — 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму (ч. 1 арт 368 Крымінальнага кодэкса);
Наталля Кед — 2 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).
Абвінавачанне запрасіла вялізныя тэрміны зняволення для некалькіх бабруйскіх "тэрарыстаў"