viasna on patreon

Затрыманні і новыя крыміналкі: хроніка пераследу 28 ліпеня Дапоўнена

2022 2022-07-28T23:57:00+0300 2022-07-29T10:31:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/smaliakou-artur-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28 ліпеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Гродне прама пасярод вуліцы затрымалі мінчука, які адбывае пакаранне ў гродзенскай ПУАТ № 24 

Святаслаў Лепешаў. Фота: spring96.org
Святаслаў Лепешаў. Фота: spring96.org

Раней яго асудзілі па ч. 1 арт. 130 КК "распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы" і арт. 186 КК "пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці". Верагодна, гутарка ідзе пра 49-гадовага мінчука Святаслава Лепешава. Мінскі гарадскі суд 12 жніўня асудзіў яго да чатырох гадоў "хіміі" за пагрозу забойствам расійскаму прапагандысту Канстанціну Прыдыбайлу з RT (арт. 186 КК) і распальванне нацыянальнай варожасці ў адносінах да рускіх (арт. 130 КК). 

Згодна матэрыялам з праўладных тэлеграм-каналаў, знаходзячыся на" хіміі", мужчына распаўсюдзіў у Facebook экстрэмісцкія матэрыялы. На "пакаяльным відэа" ён прызнаў віну ў гэтым і раскаяўся.


Супраць сябра АГП распачалі крымінальную справу 

Артур Смалякоў.

Праваабаронцам стала вядома, што пасля 15 сутак арышту на волю не выйшаў 29-гадовы сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Артур Смалякоў.

Яму інкрымінаваны арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).


Затрыманні ў Мінску

Праваабаронцам паведамілі пра затрыманне ў Мінску мужа і жонкі Асінскага Яўгена і Ганны (увечары вызвалілі). Затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа: выламалі дзверы, у кватэры правялі ператрус, пагражалі. Таксама затрыманы сын Ганны Віталь Міхайлоўскі. Яго арыштавалі на 14 сутак.


У Беларусі пачалі блакаваць сацсетку LinkedIn

У адным з правайдараў @devby пацвердзілі, што LinkedIn заблакаваны па рашэнні Міністэрства інфармацыі Беларусі.

LinkedIn — сацсетка, у якой шукаюць працу (асабліва ў сферы IT), а таксама ўсталёўваюць бізнес-кантакты.


«Што з ім і ў якім стане — адвакат не ведае». Мікалай Аўтуховіч, які васямнаццаць дзён трымае «сухую галадоўку», адсутнічаў на сённяшнім пасяджэнні

Мікалай Аўтуховіч на судзе 18 траўня
Мікалай Аўтуховіч на судзе 18 траўня

«Адвакат сказала, што таты не было сёння на судзе. Яна выступіла з хадайніцтвам, каб яго вярнулі на пасяджэнне. Суд сказаў, што з-за сістэматычных парушэнняў не будзе яго вяртаць яго ў залу суда.

Што з ім і ў якім тата стане — адвакат не ведае. У яго ёсць інфармацыя, што ўчора былі нейкія рухі наконт хуткай — але не вядома яна выклікалася для таты ці для кагосьці іншага. Чакаем навін ад адваката яшчэ ўвечары»,паведаміла ягоная дачка.

Адвакатка Мікалая Аўтуховіча не змагла даведацца пра стан здароўя вязня.

«Пасяджэнне скончылася каля 18:00. Адвакату не ўдалося даведацца пра стан здароўя бацькі. Начальнікаў турмы і медчасткі ўжо не было на працоўных месцах»,паведаміла ягоная дачка.

Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч 18-ты дзень трымае «сухую галадоўку». Сёння на судовым пасяджэнні яго не было — родныя і адвакат не ведаюць што з ім і ў якім ён стане.

Падтрымаць Мікалая пасылкамі і лістамі салідарнасці: Турма №1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Аўтуховічу Мікалаю Мікалаевічу


ГУБАЗіК затрымаў 17-гадовага хлопца за «распальванне варожасці» — ён напісаў, што беларусы заўсёды ваявалі з Расіяй 

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне аўтара газеты «Прэсбол» Рамана Качыны. Хлопец у гэтым годзе скончыў школу і збіраўся паступаць на журфак. Сілавікі сцвярджаюць, што ў 2020-м годзе Раман удзельнічаў у акцыях пратэсту, а таксама «распальваў варожасць у адносінах да жыхароў Расійскай Федэрацыі» — як кажа сам хлопец на «пакаяльным відэа», ён пісаў, што беларусы заўсёды ваявалі з Расіяй.


КДБ унёс у «спіс тэрарыстаў» яшчэ двух чалавек

У спіс дададзены Станіслаў Кузміцкі (жыхар Мінска, абвінавачваеца паводле арт. 130 КК, арт. 290-4 КК, арт. 293 КК і арт. 361 КК) і палітзняволены экс-пракурор Яўген Бабак.

Яўген вядомы вядомы тым, што ў жніўні 2020-га ініцыяваў праверку людзей у форме ДАІ, якія збівалі байкераў ноччу 11 жніўня. Праверка ні да чаго не прывяла, а сам Бабак звольніўся. Яго затрымалі ў чэрвені 2021 года і пазней абвінавацілі паводле арт. 342 КК («актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і ч.1 арт. 130 КК («распальванне варожасці»). 12 траўня экс-пракурору прысудзілі чатыры гады калоніі.

Цяпер у «тэрарыстычным» спісе КДБ 890 чалавек, 149 з якіх — беларусы.


У Баранавічах затрымалі сябру ініцыятыўнай групы Ціханоўскай 

Тамара Патоцкая
Тамара Патоцкая

Стала вядома, што ўчора ў міліцыю выклікалі лідарку Баранавіцкай суполкі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), сябру ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Тамару Патоцкую. Паведамляецца, што з міліцыя яе не выпусцілі.

Стала вядома, што сёння ў міліцыю выклікаюць яе сына.


Пастара з Гомеля Дзмітрыя Падлобка будуць судзіць па артыкуле аб «несанкцыянаваным мерапрыемстве» за здзейсненае без дазволу таемства хрышчэння

Сёння яго выклікалі ў міліцыю, каб скласці адміністрацыйны пратакол.


Маці палітвязня Ягора Дуднікава просіць улады Расіі забраць сына з турмы ў Беларусі 

Ягор Дуднікаў. Фота з сямейнага архіва
Ягор Дуднікаў. Фота з сямейнага архіва

Юлія Дуднікава ў лістах у мінюст Расіі і амбасаду Расіі ў Мінску просіць забраць сына з турмы Беларусі ў расійскую калонію.

Яна скардзіцца, што не можа атрымаць спаткання з Ягорам, бо жыве разам з малодшым сынам у Расіі. Дуднікава просіць расійскі мінюст скарыстацца дамовай паміж Беларуссю і Расіяй, якае дае магчымасць перадаваць асуджаных для далейшага адбывання пакарання ў краіну, грамадзянамі якой яны з'яўляюцца, паведамляе BBC.

Нагадаем, грамадзяніну РФ Ягору Дуднікаву прысудзілі 11 гадоў калоніі. Яго адправілі адбываць пакаранне ў бабруйскую ПК-2, аднак у чэрвені 2022 года мясцовы суд вырашыў змяніць Ягору рэжым з узмоцненага на турэмны на тры гады.

Падтрымайце Ягора: Турма № 4, 212011, Магілёў, Крупскай, 99А, Ягору Аляксандравічу Дуднікаву

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства