viasna on patreon

Маладзечна, Мазыр, Жабінка, Драгічын... Падборка рэгіянальных дыфамацыйных прысудаў

2022 2022-07-22T13:23:41+0300 2022-07-22T13:42:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/suddzia_stankevich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед паводле дыфамацыйных артыкулаў: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за знявагу дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК РБ).

Тут мы падрыхтавалі чарговую падборку дыфамацыйных прысудаў.


"На шлях выпраўлення не стаў"

19 траўня ў судзе Драгічынскага раёна разгледзелі крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандра Козака. Яго абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

Суд Драгічынскага раёна. Фота spring96.org
Суд Драгічынскага раёна. Фота: spring96.org

Па гэтай справе Аляксандра Козака затрымалі 14 сакавіка 2022 года — тады ён знаходзіўся пад вартай тры дні, пасля з 19 красавіка быў пад хатнім арыштам.

Згодна з абвінавачваннем, Аляксандр Козак у перыяд з 22 па 24 студзеня 2022 года ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте", знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, размясціў два абразлівыя паведамленні ў адрас мясцовага маёра міліцыі ДАІ.

Козак на судовым працэсе сваю віну прызнаў цалкам. Ён растлумачыў, што раней некалькі разоў праходзіў праз адміністрацыйныя спагнанні за кіраванне аўтамабілем без правоў. У сувязі з гэтым ён затаіў крыўду на гэтага супрацоўніка ДАІ. А ў студзені 2022 года Козак быў у запоі, ад яго сышла жонка — і тады ён і напісаў два абразлівыя паведамленні. Пасля таго як працверазеў, ён іх выдаліў.

Сам супрацоўнік ДАІ падчас суда пацвердзіў, што ён і ягоныя падначаленыя сапраўды датычныя да шматразовых адміністрацыйных спагнанняў Козака, а каментары абвінавачанага нанеслі яму маральныя пакуты. У сувязі з гэтым супрацоўнік ДАІ папрасіў суд спагнаць з Козака 5 000 беларускіх рублёў у кошт кампенсацыі маральнай шкоды.

Аднак суддзя Лявонцій Станкевіч звярнуў увагу на "невысокае матэрыяльнае становішча абвінавачанага" і пастанавіў спагнаць з Аляксандра Козака ў кошт маральнай кампенсацыі пацярпеламу супрацоўніку ДАІ 3 000 беларускіх рублёў. Таксама суд прызначыў Козаку штраф у памеры 3 200 рублёў у даход дзяржавы, і, акрамя таго, пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").

suddzia_stankevich.jpg
Суддзя Лявонцій Станкевіч. Фота: Першы рэгіён

Сваю пазіцыю суддзя аргументаваў тым, што раней Козак двойчы быў асуджаны за крадзяжы, але "на шлях выпраўлення не стаў".


Сарваны дзяржаўны сцяг і "пакаяльнае" відэа

10 траўня ў судзе Жабінкаўскага раёна разгледзелі крымінальную справу ў дачыненні да Валянціна Шуміка. Яго абвінавацілі ў “знявазе дзяржаўных сімвалаў” (арт. 370 КК), паведамляе "Берасцейская Вясна".

Аказалася, што "зняважаны" быў дзяржаўны сцяг, які вісіць на адной з крамаў у Жабінцы. Уначы 8 сакавіка да яго падышлі двое мужчын, адзін з іх сарваў сцяг і перакінуў яго праз плот, што стаяў там жа. Гэты інцыдэнт трапіў на запісы відэакамеры. На наступны дзень сілавікі апублікавалі "пакаяльнае" відэа з затрыманым Валянцінам Шумікам.

shumik.png
Валянцін Шумік. Скрыншот з "пакаяльнага" відэа

10 траўня быў агучаны прысуд Валянціну Шуміку — два гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ ("хіміі"). Яго вынес суддзя Віктар Новік, які вядомы тым, што таксама судзіў фігурантаў "карагоднай справы" ў Брэсце.

14 чэрвеня ў Брэсцкім абласным судзе разглядалі апеляцыю на прысуд Валянціну Шуміку. Калегія з трох суддзяў (уключаючы суддзю Сяргея Беразюка) пастанавіла пакінуць прысуд без зменаў.


Паклёп на Лукашэнку і закрыты суд

21 чэрвеня ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля вынесены прысуд мясцоваму жыхару Канстанціну Дудараву. Суддзя Сяргей Мальцаў прызнаў яго вінаватым у паклёпе на прэзідэнта (арт. 367 КК) і абвясціў прысуд: год зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. У прыбытак дзяржавы вырашана канфіскаваць мабільны тэлефон абвінавачанага, бо ён прызнаны "сродкам здзяйснення злачынства".

Справу разглядалі ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасці невядомыя.

Праваабарончая супольнасць прызнала Канстанціна Дударава палітычным вязнем.


Супрацоўнік органаў унутраных спраў — пад асаблівай абаронай дзяржавы

22 чэрвеня ў судзе Жабінкаўскага раёна разгледзелі крымінальную справу ў дачыненні да мясцовай жыхаркі Аксаны Макавецкай. Яе абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады, а менавіта супрацоўніка органа ўнутраных спраў (арт. 369 КК).

Суддзёй выступіла Людміла Рубашэўская, вядомая таксама тым, што судзіла фігурантаў брэсцкай "карагоднай справы".

Фота: brestcity.com
Фота: brestcity.com

Аксана Макавецкая працуе аператаркай заправачнай станцыі. Паводле абвінавачвання, яна ў чаце тэлеграм-канала размясціла каментар, што негатыўна ацэньваў супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Падчас судовага працэсу жанчына прызнала віну і патлумачыла, што праглядала ў тэлеграме розныя каналы і чытала навіны. На адным з іх было размешчанае відэа, дзе зняты разгон мірнай дэманстрацыі, а супрацоўнік органаў унутраных спраў збіваў людзей дубінкамі. Таму Макавецкая не стрымалася і пакінула каментар у ягоны адрас.

Сам супрацоўнік ведамства на судовы працэс не з'явіўся. А ў сваіх паказаннях, якія даваў падчас папярэдняга расследавання, ён адзначыў, што каментар "зневажае ягоны гонар і годнасць як супрацоўніка органаў унутраных спраў, гэтак і грамадзяніна Рэспублікі Беларусь".

Суддзя Рубашэўская звярнула ўвагу на тое, што, у адпаведнасці з артыкулам 35 Закона "Аб органах унутраных спраў", прадстаўнікі ўлады знаходзяцца пад асаблівай абаронай дзяржавы. І ў сувязі з гэтым асудзіла Аксану Макавецкую на адзін год і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.


Тры артыкулы адразу

28 чэрвеня суд Мазырскага раёна ў закрытым рэжыме разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да жыхара райцэнтра Уладзіслава Ганчарова адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Згодна з версіяй следства, ён нібы абразіў прэзідэнта Беларусі (ч. 1 арт. 368 КК), прадстаўнікоў улады (арт. 369), а яшчэ здзекаваўся з дзяржаўных сімвалаў — герба Рэспублікі Беларусь (арт. 370).

Справу разглядала суддзя Галіна Кніжонак-Максімава.

Паводле матэрыялаў справы, мужчына размясціў на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках карцінку з публікацыямі, што змяшчаюць абразу ў адрас прэзідэнта Беларусі. Акрамя таго, ён апублікаваў малюнак, на якім дзяржаўны герб Беларусі выяўлены на фоне свастыкі. Пасля падрыхтаваў і апублікаваў пад здымкам і звесткамі намесніка начальніка 4-га аддзела 3-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС Рэспублікі Беларусь каментар, які супярэчыць агульначалавечай маралі.

Суд прызнаў мазырчука вінаватым у публічнай абразе прэзідэнта, абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, зробленым у інтэрнэце, і ў знявазе дзяржаўнага герба. І прызначыў Уладзіславу Ганчарову пакаранне ў выглядзе зняволення на два гады ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры 50 базавых велічынь (1 600 беларускіх рублёў).

У гэты час Ганчароў утрымліваецца ў гомельскім СІЗА № 3.


Назваў Балабу «кавалкам ***»

1 ліпеня ў судзе Маладзечна і Маладзечанскага раёна вынесены прысуд 24-гадоваму Арцемію Картавенкаву. Суддзя Вадзім Петрусевіч прызнаў хлопца вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса ("Абраза прадстаўніка ўлады"). Бок дзяржабвінавачвання ў судзе падтрымлівала памочніца пракурора Юлія Жук.

Пацярпелы па справе — начальнік мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба. Паводле абвінавачвання, Арцемій Картавенкаў у чаце "Карнікі Беларусі" ў жніўні 2020 года пакінуў каментар "мужычок адчуў сябе *** занадта, час нагадаць яму, хто ён — кавалак ***!" пад здымкам, на якім студэнт просіць прабачэння перад Балабам.

Сам пацярпелы начальнік АМАПу на судовы працэс не з'явіўся, але ацаніў нанесеную яму маральную шкоду ў 1 500 рублёў і папрасіў, каб абвінавачаны пералічыў гэтыя грошы не яму, а ў Дом дзіцяці № 1.

Арцемій Картавенкаў прызнаў віну цалкам. Юлія Жук запрасіла для яго адзін год і шэсць месяцаў "хатняй хіміі", аднак суддзя Вадзім Петрусевіч прызначыў меншае на паўгода пакаранне — адзін год абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ. А таксама выплаціць 1 500 рублёў матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды пацярпеламу Балабу.


Асудзілі не ў судзе

19 ліпеня асудзілі Арцёма Дзьякоўскага. Апроч "абразы прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК РБ) яго абвінавацілі таксама ў "паклёпе" (арт. 188 КК). Справу разглядаў Мікалай Кміта — суддзя суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы. Аднак пасяджэнне над Дзьякоўскім праходзіла ў будынку Гарадскога аддзела ўнутраных спраў горада Баранавічы. Вынік — два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.


Дыфамацыйныя артыкулы ў Крымінальным кодэксе Беларусі: адказваем на пытанні

Што такое "крымінальная дыфамацыя"?

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства