viasna on patreon

У Гомелі за відэа аб перасоўваннях па Беларусі расійскай вайсковай тэхнікі суддзя Піскуноў прысудзіў падлетку Піскуну 3 гады калоніі

2022 2022-07-19T12:50:01+0300 2022-07-19T13:08:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tank.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: shraibikus.com

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: shraibikus.com

18 ліпеня Гомельскі абласны суд вынес рашэнне па справе Паўла Піскуна, якога абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК.

Судовае пасяджэнне ўзначаліў Аляксандр Піскуноў, які ўжо не аднойчы выносіў палітычна матываваныя прысуды, у тым ліку па справах актывістаў і журналістаў.

Вядома, што на момант здзяйснення злачынства абвінавачаны быў непаўнагадовым — хлопец нарадзіўся ў 2004 годзе.

Паўла Піскуна абвінавачваюць у тым, што 27 лютага гэтага года ён зняў на мабільны тэлефон расійскую вайсковую тэхніку і даслаў гэта відэа ў "экстрэмісцкі" тэлеграм-канал разам з суправаджальным тэкстам, у якім распавёў пра колькасць тэхнікі, напрамак яе руху і адметных асаблівасцях.

Паводле версіі абвінавачвання, гэтымі дзеяннямі Павел Піскун аказаў садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

У віну хлопцу ставяць і тое, што праз некалькі дзён, а менавіта 1 і 2 сакавіка, ён зноў зняў на відэа расійскую вайсковую тэхніку і зноў перадаў матэрыялы "экстрэмісцкаму" тэлеграм-каналу.

18 ліпеня Гомельскі абласны суд прызнаў Паўла Піскуна вінаватым ва ўчыненні злачынства паводле ч. 1 арт. 361-4 КК. У якасці пакарання па гэтым эпізодзе яму прызначылі пазбаўленне волі тэрмінам на 2 гады. Таксама Паўла прызналі вінаватым "у іншым садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненым паўторна". На падставе ч. 2 арт. 361-4 КК за гэта яму прысудзілі 3 гады пазбаўлення волі.

Згодна з ч. 2 арт. 72 КК шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім канчаткова Паўлу Піскуну прысудзілі 3 гады пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

"Вясна" збірае інфармацыю з "палітычных" судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS@spring96info і Email: viasna@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства