Збіццё ў 2020 годзе, затрыманне амаль праз паўтара года і новы пераслед з агульным прысудам у 9 гадоў калоніі: гісторыя палітвязня Максіма Матыркі
"Назад шляху ўжо няма", — сказаў пасля затрымання і збіцця 13 жніўня 2020 года Максім Матырка. За апошнія два з паловай месяцы яго асудзілі ўжо двойчы — па "народным" артыкуле 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 218 (наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці) Крымінальнага кодэкса. Палітвязня абвінавацілі ва ўдзеле ў паслявыбарчай акцыі пратэсту і ў падпале машыны. Канчаткова Максіму прызначылі дзевяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. "Вясна" распавядае гісторыю пераследу Максіма і што вядома пра яго суд.
Нарадзіўся ў Расеі, але жыў у Беларусі без грамадзянства
Максім нарадзіўся ў Расеі, але на дадзены момант ён не мае ніякага грамадзянства.
"Я сваю пазіцыю хаваць не буду. Ужо пачынаючы з 9 жніўня я актыўна ўдзельнічаю ва ўсіх акцыях пратэсту і працягну рабіць гэта далей. Нягледзячы на тое, што я грамадзянін Расіі, з 2004 года жыву ў Мінску. Так, мне прапаноўвалі беларускае грамадзянства, але пры дзеючай улады мне гэта не цікава. У мяне дачка беларуска, ёй дзевяць гадоў. І ўсё гэта я раблю дзеля яе, каб яна жыла ў спакойнай і цудоўнай краіне", — распавядаў Максім у інтэрв’ю праекту "Август2020".
Вядома, што да затрымання Максім працаваў сталяром-станочнікам, у яго была ўласная мэблевая кампанія.
"З усіх 12 чалавек мне дасталася больш за ўсё". Затрыманне 13 жніўня і збіццё
Максіма затрымлівалі 13 жніўня 2020 года за белую стужку на руках. Пра затрыманне і збіццё ён распавядаў праекту "Август2020":
"З машыны выбеглі мужыкі ў чорных масках, як бандзюгі ў 90-ыя, дагналі, схапілі мяне і міма дзяўчат з хлапчуком і ўсіх разам заштурхалі ў машыну. Я асабліва не супраціўляўся. Усяго нас у бусе апынулася дванаццаць затрыманых. Плюс шэсць "людзей у чорным" разам з кіроўцам. Як потым я зразумеў, нас узялі за БЧБ-сімволіку. Адразу мне сарвалі з рукі белую стужачку.
Я не маўчаў, пытаўся, што дрэннага ім зрабіў. У пачатку яны нават уступалі ў дыялог, казалі: "Ды вы нам усім надакучылі, нам усё гэта ўжо надакучыла". На што я хутка зрэагаваў і адказваю, маўляў, ехалі б вы дадому да жонкі і дзяцей, дык не, са мной тут катаецеся. Пасля чаго я і атрымаў першы ўдар у калена.
А потым мяне панесла. Выказаў усё, што пра іх думаю. Што ўсё, што яны робяць — гэта незаконна, і што ўсіх іх чакае трыбунал. І што вы думаеце? За ўсё гэта яны мяне трошкі папіналі, больш каб закрыў рот, але ў іх вачах чытаўся страх. Яны ўсе нас баяцца. Самі б'юць і пераглядваюцца паміж сабою, разумеюць, што адзін на адзін б не справіліся.
З усіх дванаццаці чалавек мне дасталася больш за ўсё, таму што я ўвесь час бухцеў. "Людзі ў чорным" прасілі мяне памаўчаць, а я ім адказваў, што мне сумна і што я сам па сабе люблю пабалбатаць. Не, вы не думайце, што я бясстрашны. Многія мае сябры да гэтага часу ляжаць пакалечаныя ў бальніцы пасля ўсяго гэтага. Напэўна, мяне проста так загартаваў жыццёвы вопыт.
За ўвесь час, пакуль нас вазілі па горадзе, паўгадзіны выдаткавалі на мяне. На ўсе мае словы адказвалі кулакамі. Відаць, што людзі падрыхтаваныя, б'юць у самыя болевыя кропкі — рэбры, калені, рукі, мышцы. Па твары не білі, стараліся не пакідаць сінякоў. Два разы ўдарылі ў калена так, што да гэтага часу калю абязбольвальныя і кульгаю.
Заяву ў міліцыю я не пісаў. На каго, "людзей у чорным"? Гэта смешна. Магу пайсці з заявай і не вярнуцца. У бальніцу таксама не звяртаўся. Уколы ў калена калю сам. Яно ў мяне да гэтага часу, як каменнае. Але гэта мяне не спыняе схадзіць з усімі на плошчу па нядзелях. Аднойчы нават выступіў у свабодным мікрафоне, распавёў, што са мной адбылося і падзякаваў беларусам за тое, што вы крутая нацыя. На беларусаў зараз глядзіць увесь свет і ганарыцца вамі. І назад шляху ўжо няма".
Новае затрыманне 1 красавіка 2022 года
1 красавіка 2022 года на праўладных тэлеграм-каналах з’явілася "пакаяльнае відэа" з Максімам. У паведамленні аб затрыманні значылася, што мужчына затрыманы ў межах артыкула 342 Крымінальнага кодэкса:
"Вось гэты дзіўны чалавек, які ўдзельнічаў у масавых беспарадках падчас бунту дваццатага года адметны тым, што не мае грамадзянства. Наогул ніякага, грамадзянін свету, касмапаліт. У нас меў від на жыхарства. Навошта ён туды папёрся на масавыя беспарадкі зусім незразумела, але на фотаздымках адзначыўся.
Неўзабаве за ім прыйшоў ГУБАЗ і паведаміў, што намайданіў ён на артыкул 342 КК РБ, а менавіта: арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Навошта яму ўсё гэта было трэба, так і не растлумачылася, а яшчэ незразумела куды яго пасля адседкі дэпартаваць".
Цяпер, як высвятлілася, праз пару дзён у Максіма мусіў пачацца суд па частцы 3 артыкула 218 Крымінальнага кодэкса — наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, якая прадугледжвае ад сямі да дванаццаці гадоў пазбаўлення волі. Вядома, што на суд Матырка прыходзіў самастойна — у якасці меры стрымання ў яго было асабістае паручальніцтва. 6 красавіка ўжо вынеслі прысуд па першай справе.
Першы суд — за падпал машыны
Пра гэты суд вядома толькі з апублікаванага ў адкрытых крыніцах прысуду, у якім схаваныя важныя моманты справы. Згодна з версіяй абвінавачвання, Максім Матырка з "21:52 да 23:22 [дата невядомая] у стане алкагольнага ап’янення, выкарыстоўваючы непрыязныя асабістыя адносіны з пацярпелым абліў канструктыўныя элементы аўтамабіля, у яго пярэдняй частцы сумессю бензіну, дызельнага паліва і мінеральнага алею, якія адносяцца да лёгкаўзгаральных і гаручых вадкасцях, якая выкарыстоўваецца ў якасці ініцыятараў гарэння, пасля чаго з выкарыстаннем запальніцы для атрымання адкрытага агню, падпаліў раней разлітую на аўтамабілі сумесь. У выніку вышэйапісаных дзеянняў і таго, што адбылося ўзгаранне, Матырка з выкарыстаннем лёгкаўзгаральнай, гаручай вадкасці, а таксама некантралюемага полымя, агульнанебяспечным асаблівым – шляхам падпалу, знішчыў аўтамабіль, прычыніўшы маёмасную шкоду на суму 40 256 рублёў 93 капейкі, што на дзень здзяйснення злачынства складае 1 388,17 базавай велічыні.
Матырка на судзе віну прызнаў часткова. На працэсе ён распавёў, што па прычыне крыўды на Г. [невядома, што гэта за чалавек], адчуваючы да апошняга непрыязнасць, узяў каністру з сумессю бензіну і масла для трымера і заліў паказаную сумесь у адтуліну паміж лабавым шклом і капотам названага аўтамабіля, пасля чаго падпаліў сумесь запальнічкай, пасля чаго сышоў. У зробленым чыстасардэчна раскаяўся.
Максім у судовым пасяджэнні аспрэчваў памер нанесенай шкоды ў памеры 40 256 рублёў 93 капейкі, паказаўшы, што кошт аўтамабіля меншы.
Пацярпелы на судзе распавёў, што абвінавачаны Матырка раней выконваў будаўнічыя працы ў яго доме, канфлікту ў іх не было. Пацярпелы заявіў грамадзянскі пазоў аб спагнанні з абвінавачанага грашовых сродкаў у памеры 15000 рублёў у кошт выплаты часткі кошту набытага ў лізінг новага аўтамабіля, а таксама ў кошт кампенсацыі маральнай шкоды, нанесенай злачынствам, 10000 рублёў.
У выніку, суд адмовіў пацярпеламу ў спагнанні кампенсацыі за лізінг новага аўтамабіля, але пра гэтым пастанавіў спагнаць 5000 рублёў маральнай кампенсацыі – у пяць разоў больш.
6 красавіка 2022 года ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска па гэтай справе Матырку асудзілі да васьмі гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яму змянілі меру стрымання з асабістага паручальніцтва на ўтрыманне пад вартай. Максіма ўзялі пад варту ў зале суда. Справу разглядала суддзя Алена Жывіца.
У праваабаронцаў была інфармацыя, што машына, якую падпаліў Матырка, была каля аднаго з РУУСаў Мінску, але дадзенымі, якія выкладзены ў прысудзе, ні пацвердзіць, ні абвергнуць гэта нельга. |
Другі суд — за ўдзел у Маршы
22 чэрвеня, калі Матырка ўжо быў асуджаны да 8 гадоў калоніі за падпал машыны, яго асудзілі ў судзе Ленінскага раёна Мінска па іншай справе. Па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Максіма абвінавацілі ва ўдзеле ў адным з паслявыбарчых Маршаў.
На судзе палітвязень віну прызнаў часткова. Максім пацвердзіў, што прымаў удзел у масавым мерапрыемстве, але дакладна не ведаў, ці санкцыянаваны ўладамі сход. Таксама Матырка распавёў, што ён, як і іншыя, выкрыкваў лозунгі, на ім быў БЧБ-сцяг, а таксама публічна дэманстраваў "жэст рукой у выглядзе двух паднятых уверх пальцаў", блакаваў дарогу "счэпкай" з іншымі пратэстоўцамі.
У выніку, суддзя Таццяна Шоцік прызначыла палітвязню тры гады "хіміі". Канчаткова з улікам прысуду суда Кастрычніцкага раёна суд Ленінскага прызначыў Максіму дзевяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Цяпер Максім утрымліваецца ў мінскім следчым ізалятары № 1.
Падтрымайце палітвязня:Максім Міхайлавіч Матырка СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 |