Справу "светлагорскіх партызанаў", якіх абвінавачваюць у падпале рэлейнай шафы на чыгунцы, перадалі ў пракуратуру
На чыгуначнай станцыі "Жэрдзь-Астанкавічы" 28 лютага быў здзейснены падпал рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ), у выніку чаго святлафоры і стрэлачныя пераводы на гэтым участку былі прыведзеныя ў непрацоўны стан. Перагон знаходзіцца на лініі Жлобін-Калінкавічы, якая затым працягваецца на Оўруч (Жытомірская вобласць Украіны). Гэта магло прывесці да зрываў графіку руху расейскіх цягнікоў з тэхнікай і зброяй. 4 сакавіка ў Светлагорску былі затрыманыя мясцовыя жыхары Дзмітрый Равіч, Дзяніс Дзікун і Алег Малчанаў у межах крымінальнай справы па арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму). Следчы камітэт сёння паведаміў, што следства завяршылася, а справу перадалі ў пракуратуру. Юрыст Павел Сапелка тлумачыць, чаму «светлагорскім партызанам» не пагражае расстрэл, пра які напісалі ў ведамстве.
Пасля пачатку вайны ў Беларусі прайшла хваля затрыманняў за падазрэнне ў зрыве графіку руху расейскіх цягнікоў са зброяй і датычных да фізічнага пашкоджання інфраструктуры чыгункі ў Беларусі. 4 сакавіка ў Светлагорску былі затрыманыя Дзмітрый і Наталля Равіч (муж і жонка), брат Наталлі Дзяніс Дзікун і ягоная дзяўчына Аліса Малчанава з ейным бацькам Алегам Малчанавым. Дзмітрый Равіч, Дзяніс Дзікун і Алег Малчанаў знаходзяцца пад вартай, Алісу і Наталлю адпусцілі. У чэрвені 2022 года КДБ унёс палітвязняў у «спіс тэрарыстаў».
З пачатку вайны затрымалі мінімум 8 "рэйкавых партызанаў": што вядома пра "рэйкавую вайну" ў Беларусі
У праўладных тэлеграм-каналах з'явілася "пакаяльнае відэа" з Дзянісам Дзікуном. На відэа Дзяніс выглядае збітым. Ён кажа, што па ўказанні ByPOL падпаліў яшчэ з двума чалавекамі 28 лютага шафу сігнальнай устаноўкі на станцыі "Жэрдзь-Астанковічы".
Паводле следства, Дзікун у лютым 2022 года ўступіў у экстрэмісцкае фармаванне «BYPOL/мабілізацыйны план "Перамога"» і атрымаў заданне па вывядзенні з ладу чыгуначнай інфраструктуры ў Гомельскай вобласці. Пасля гэтага прапанаваў Равічу і Малчанаву таксама ўступіць у «злачынную групоўку».
Абгаварыўшы план, яны размеркавалі паміж сабой ролі, абмеркавалі варыянты канспірацыі і шляхі адыходу. У прызначаны час, ноччу з 28 лютага на 1 сакавіка, як сцвярджае следства, яны падпалілі рэлейную шафу з абсталяваннем, якое з'яўляецца сродкам сігналізацыі і забяспечвае бяспечны праход пешаходаў і праезд транспартных сродкаў, што «выклікала рызыку наступлення катастрафічных наступстваў, у тым ліку крушэння складаў і гібелі пасажыраў». Мужчыны паехалі на аўтамабілі 51-гадовага фігуранта справы. Каб не прыцягваць да сабе ўвагі, іншамарку пакінулі ў бліжэйшай вёсцы. Кіроўца таксама для падстрахоўкі застаўся там. Да месца падпалу маладыя людзі пайшлі пешшу. Выканаўшы злачынны план, яны вярнуліся да саўдзельніка. Пасля яны схаваліся і паспрабавалі прыняць усе магчымыя меры па ўтойванню слядоў злачынства.
У выніку, шкода склала каля 55 тысяч рублёў. Таксама паведамляецца, што «кіраўнікі фармавання» нібыта перавялі мужчынам прыкладна 1 000 рублёў за падпал.
Палітвязням выстаўленыя абвінавачванні паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні), ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму, здзейснены ў складзе арганізаванай групы, які пацягнуў цяжкія наступствы, што ствараюць пагрозу гібелі людзей і прычыненне ім цялесных пашкоджанняў), ч.ч. 2, 4 арт. 309 КК (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў злучэння, якое пацягнула цяжкія наступствы, а таксама стварыла пагрозу крушэння, аварыі і гібелі людзей) і ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве).
«Следствам устаноўлена, што злачынныя дзеянні фігурантаў, у тым ліку, па аказанні дапамогі замежнай арганізацыі ў прычыненні шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь — і ёсць здрада Радзімы — Здрада дзяржаве», — паведамляюць у Следчым камітэце.
Следчы камітэт сёння адзначыў, што палітвязням можа пагражаць смяротнае пакаранне. Але юрыст Павел Сапелка тлумачыць, чаму гэта не так:
«Сапраўды, апошнімі зменамі ў Крымінальны кодэкс дэпутаты Нацыянальнага сходу істотна пашырылі магчымасці прымянення смяротнага пакарання. Аднак Следчы камітэт спяшаецца — магчымасць расстрэльваць за антываенныя «партызанскія» замахі на чыгуначную інфраструктуру, якімі людзі спрабавалі прадухіліць перакідку расейскай вайсковай тэхнікі і ўзбраенняў ва Украіну, якая стала ахвярай агрэсіі, з'явіцца толькі ў дачыненні да дзеянняў, учыненых пасля 29 траўня 2022 года — дня ўступлення ў сілу адпаведных паправак. А бесперапынная крыважэрная рыторыка ўладных рэсурсаў падказвае, што гэтай магчымасці сілавыя ведамствы чакаюць з нецярпеннем».
Дзмітрый Дзікун пра справу "светлагорскіх партызан": "Хвалююся, што прысуды будуць суровыя, а суд паказальным"
Падтрымаць палітвязняў можна па адрасе: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А |