viasna on patreon

Дзмітрый Дзікун пра справу "светлагорскіх партызан": "Хвалююся, што прысуды будуць суровыя, а суд паказальным"

2022 2022-06-07T09:20:00+0300 2022-06-07T10:55:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dzikun-dzianis-03.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзяніс Дзікун

Дзяніс Дзікун

Завяршылася следства па справе "светлагорскіх партызанаў", якіх абвінавачваюць паводле арт. 289 Крымінальнага кодэкса "акт тэрарызму" за падпал рэлейнай шафы на беларускай чыгунцы. На гэтым тыдні справу перададуць у пракуратуру з далейшым накіраваннем у суд.

Абвінавачанне прад’яўленае траім жыхарам Светлагорска – Дзмітрыю Равічу, Дзянісу Дзікуну і Алегу Малчанаву.

4 сакавіка ў Светлагорску былі затрыманыя Дзмітрый і Наталля Равіч (муж і жонка), брат Наталлі Дзяніс Дзікун, ягоная дзяўчына Аліса Малчанава і яе бацька Алег Малчанаў. Алісу і Наталлю праз некалькі дзён адпусцілі.

Дзмітрый Равіч з сям'ёй
Дзмітрый Равіч з сям'ёй

28 лютага на чыгуначнай станцыі "Жэрдзь-Астанкавічы" быў здзейснены падпал рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ), у выніку чаго святлафоры і стрэлачныя пераводы на гэтым участку былі прыведзеныя ў непрацоўны стан. Перагон знаходзіцца на лініі Жлобін-Калінкавічы, якая затым працягваецца на Оўруч (Жытомірская вобласць Украіны). Гэта магло прывесці да зрываў графіку руху расейскіх цягнікоў з тэхнікай і зброяй.

“Вясна” паразмаўляла з братам аднаго з фігурантаў справы Дзяніса Дзікуна Дзмітрыем, які знаходзіцца зараз у адноснай бяспецы і пагадзіўся распавесці пра вядомыя яму акалічнасці справы.

Браты Дзяніс і Дзмітрый Дзікуны.
Браты Дзяніс і Дзмітрый Дзікуны

"Брат па жыцці — мэтанакіраваны, заўжды ідзе да сваёй мэты"

Брат палітвязня Дзмітрый Дзікун пасля падзеяў 2020 года ў поўнай меры зазнаў пераслед з боку сілавікоў: неаднаразова затрымліваўся, быў адміністрацыйна арыштаваны, асуджаны да штрафу. Сілавікі проста зладзілі на мясцовага актывіста паляванне, пагражалі пасадзіць пасля дыверсій на чыгуначных шляхах яшчэ ў 2020 годзе, дапытвалі на "дэтэктары хлусні”. Калі начальнік Светлагорскага РАУС даў зразумець, што яго ў спакоі не пакінуць, Дзмітрый з’ехаў з краіны.

Яшчэ са школьных гадоў Дзяніс моцна захапляўся футболам, гуляў за светлагорскую футбольную каманду. Вёў здаровы лад жыцця, перыядычна хадзіў у спартовы клуб. Дзмітрый адзначае, што брат заўжды быў мэтанакіраваным, ставіў перад сабой задачы і йшоў да сваё мэты. Займаўся камерцыяй, часаў ездзіў у Расію, каб болей зарабіць.

Потым у яго з’явілася дзяўчына Аліса і яны сталі жыць разам.

“Часам мы разам працавалі ў бацькоў на лецішчы, дапамагалі па гаспадарцы і адпачывалі разам”, — узгадвае Дзмітрый.

Будзе яшчэ адна крыміналка

“За дзень да затрымання мы размаўлялі з ім па відэасувязі, Дзяніс быў бадзёрым, выглядаў нармальна. А на "пакаяльным відэа", якое я ўбачыў праз некалькі дзён, яго было ўжо не пазнаць. Гэта факт, што з іх выбівалі канкрэтныя паказанні і катавалі. У першыя дні ўсіх траіх утрымлівалі ў розных ізалятарах: Дзяніса ў Светлагорску, Дзмітрыя ў Рэчыцы, а Малчанава адвезлі нават у Жлобін," — распавядае  Дзмітрый. — Калі наш знаёмы ўбачыў, як Дзяніса вялі па калідоры ІЧУ ў кайданках, то адзначыў, што ён кульгаў і трымаўся рукамі за бок. Відаць, яму было балюча".

Сястра Дзікуна Наталля нядаўна атрымала спатканне з Дзянісам, які ўтрымліваецца ў Гомельскім СІЗА. Распавядае, што брат выглядае нармальна, адчувае сябе добра, наколькі гэта магчыма ў зняволенні. Лісты ад яго прыходзяць рэгулярна і сястры, і бацьку.

У СІЗА Дзянісу "прапаноўваюць" верхнія нары, а перасоўваюцца яны толькі ў кайданках, як "тэрарысты".

Дзмітрый Дзікун кажа аб тым, што брата "раскручваюць" яшчэ на адну крымінальную справу, па якім артыкуле пакуль яму невядома. Ён непакоіцца, што расследаванне справы прайшло вельмі хутка, тры месяцы. Хвалююся, што прысуды ўсім траім будуць суровыя, паколькі гэта будзе першая група “рэйкавых партызан” і суд наўмысна зробяць суровым і паказальным.

З пачатку вайны затрымалі мінімум 8 "рэйкавых партызанаў": што вядома пра "рэйкавую вайну" ў Беларусі

Пасля пачатку вайны затрымалі мінімум восем беларусаў за падазрэнне ў зрыве графіку руху расейскіх цягнікоў са зброяй і датычных да фізічнага пашкоджання інфраструктуры чыгункі ў Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства