viasna on patreon

20-гадовага хлопца асудзілі да года калоніі за каментар у бок Лукашэнкі амаль двухгадовай даўнасці

2022 2022-06-23T16:22:59+0300 2022-06-23T16:22:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/komment_socseti.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 23 чэрвеня 2022 года, у судзе Ленінскага раёна Гродна вынесены прысуд 20-гадоваму Максіму Антановічу. Суддзя Руслан Гурын прызнаў яго вінаватым паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса і вынес вырак: год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Для вынясення рашэння яму спатрэбілася шэсць хвілін. Бок дзяржабвінавачання падтрымаў намеснік пракурора Віктар Гарошка.

У чым яго прызналі вінаватым?

Хлопца прызналі вінаватым у тым, што 5 жніўня 2020 года ён пакінуў каментар "Идиот тупорылый, гореть ему в аду" у бок Лукашэнкі. Ён размясціў яго ў тэлеграм-чаце "Повестка-Чат" пад публікацыяй "Лукашэнка падпісаў загад пра прызыў на тэрміновую ваенную службу ў жніўні-лістападзе" на партале "Гродна s13". Каментар быў звязаны з тым, што Лукашэнка адмяніў адтэрміноўкі у армію для тых, хто навучаецца. Згодна з абвінавачаннем, Антановіч у "зневажальнай і абразлівай форме выказаў сваю рэзка негатыўную ацэнку асобы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выказанную ў ненарматыўнай форме моўнага выказвання". Каментар знайшлі міліцыянты ў 2022 годзе падчас маніторынгу чата.

Згодна з тэкстам абвінавачання, хлопец дзейнічаў з мэтай дысктрэдытацыі ўлады Рэспублікі Беларусі, прычынення шкоды іміджу і разлічваў на далейшае ўспрыняцце інфармацыі шырокім колам асобаў, а таксама ўсведамляў публічны характар сваіх дзеянняў. 

На той момант Антановічу ледзь споўнілася 18 год. За апошні год яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці паврдле 19.11 КаАП: гэта было ў той жа дзень, калі знайшлі ягоныя каментары. Яго затрымалі 27 красавіка 2022 года — з таго часу ён знаходзіцца пад вартай. Калі яго затрымалі, ён працаваў аператарам ЭВМ у школе пасля размеркавання з Гродзенскага тэхнічнага коледжа, а таксама падпрацоўваў як індывідуальны прадпрымальнік. У яго ёсць праблемы са здароўем. 

Абвінаваўца быў упэўнены, што акрамя сведчанняў абвінавачанага, ягоная віна даказваецца аглядам ягонага профіля ў тэлеграм, дадзенымі мабільнага аператара, а таксама лінгвістычнай экспертызай. 

Што сказаў абвінавачаны?

Максім Антановіч цалкам прызнаў віну і тое, што пакінуў каментар у бок Лукашэнкі. Ён распавёў, што напісаў каментары, але быў не ўпэўнены, што яны будуць даступныя шырокай грамадскасці. Прачытаўшы навіны, ён пакінуў каментар праз эмоцыі. Тады ён быў на 3 курсе коледжа, яму было 18 год, ён хацеў вучыцца ва ўніверсітэце, куды ён пазней і паступіў на завочнае аддзяленне. І калі ўбачыў гэтую навіну, падумаў, што магчыма, прызыў на службу зробяць са жніўня. Таксама ў яго прысутнічаў страх арміі праз навіны пра самагубствы і дзедаўшчыну там. 

"А чаму вы абралі такую форму выказвання меркавання? Вас так выхоўвалі? Ці па месцы працы так размаўляюць? З мамай так не размаўляеце? Са сваякамі, магчыма?" — пацікавіўся дзяржабвінаваўца на судзе.

Антановіч адказаў, што проста хваляваўся за свой далейшы лёс.

Абвінаваўца папрасіў пакараць Антановіча годам пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адвакат прасіў абмежавацца пакараннем, не звязаным з пазбаўленнем волі і ізаляцыяй ад грамадства. У апошнім слове хлопец яшчэ раз выбачыўся і папрасіў змякчыць меру пакарання, адзначыўшы, што ягонай сям'і будзе дрэнна без яго. "Пачынаю працаваць на карысць дзяржавы і сваёй сям'і", — адзначыў ён. Аднак суддзя Руслан Гурын пагадзіўся з дзяржабвінавачаннем і накіраваў хлопца ў калонію на адзін год.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства