У Гомелі за "гвалт" над супрацоўнікам міліцыі пад час рэферэндуму асуджаны мясцовы жыхар Дапоўнена
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 2 чэрвеня вынес прысуд па крымінальнай справе Аляксея Іванчыкава, якога абвінавацілі ў гвалце або пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 Крымінальнага кодэкса).
Іванчыкава затрымалі 27 лютага 2022 года, калі беларускія ўлады праводзілі рэферэндум па змяненнях у Канстытуцыю. На выхадзе з участка для галасавання, які знаходзіўся ў будынку школы, да Аляксея падышлі некалькі міліцыянтаў у цывільным, ён спрабаваў ад іх збегчы, а пры затрыманні схапіўся за форменнае абмундзіраванне і нібыта адарваў гузік.
На другі дзень яго адміністрацыйна арыштавалі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, за акцыю, праведзеную на выбарчым участку, супраць уварвання расійскіх войск ва Украіну.
Пасля адміністрацыйнага арышту Іванчыкаў не быў выпушчаны на волю – яго затрымалі па крымінальнай справе па артыкуле 364 і змясцілі да суда ў СІЗА № 3 ў Гомелі, піша "Гомельская Вясна".
Вядома таксама што Аляксея Іванчыкава затрымлівалі ў Гомелі 18 кастрычніка 2020 года на нядзельным маршы пратэсту супраць абвешчаных уладамі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
Сутнасць абвінавачання заключалася ў тым, што спачатку на ўчастку для галасавання Іванчыкаў выказаў абурэнне наконт адсутнасці шторак у кабінках. Потым на выхадзе з участку сустрэў знаёмую, і ў размове гучна выказаў сваё адмоўнае меркаванне наконт ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну. Тут жа да яго падышлі два чалавекі ў цывільным адзенні. Адзін з іх быў з апазнавальнымі знакамі міліцыі, якія Аляксей, паводле ягоных тлумачэнняў, не заўважыў. Яны запатрабавалі ад грамадзяніна прад'явіць пасведчанне асобы. Ён адмовіўся і, у сваю чаргу, спачатку папрасіў іх прад'явіць дакументы. Яго сталі затрымліваць, хтосці ззаду пачаў заломваць яму рукі; Аляксей вырваўся і пабег, яго дагналі, пасадзілі ў легкавую машыну без апазнавальных знакаў і павезлі ў новы будынак РАУС Чыгуначнага раёна г. Гомеля на вул. Галавацкага, з мэтай высвятлення асобы.
Іванчыкаў, як ён патлумачыў, не ведаў месцазнаходжання новага будынка РАУС. Убачыўшы, што невядомыя людзі прывезлі яго на незразумелым аўтамабілі ў незнаёмае месца, ён пры выхадзе з машыны зноў імкнуўся збегчы. Пачалася бойка. Згодна матэрыялам справы, грамадзянін хапаўся за куртку аднаго з людзей, які апынуўся міліцыянтам, і ў выніку нанёс шкоду маёмасці. Іншы чалавек, таксама міліцыянт, падчас бойкі пераляцеў праз Аляксея, які прысеў, няўдала прызямліўся на асфальт, і, такім чынам, пацярпеў, бо мае «тонкую душэўную арганізацыю і далікатную фізічную форму».
А. Іванчыкаў працаваў спецыялістам 1-ай катэгорыі ў «Беларуснафце». Грае на акардэоне і спявае; у прыватнасці, у 2017 г. быў пераможцам у карпаратыўным конкурсе «Чалавек года» у намінацыі «Талент года».
Яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады 6 месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Іванчыкаў таксама павінен выплаціць пацярпеламу боку 2,5 тыс. руб.