Знішчэнне грамадскага сектару, новыя затрыманні: хроніка пераследу 19 траўня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, ліквідуюцца грамадскія аб’яднанні. Працягваецца наступ на незалежны прафсаюзны рух. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 19 траўня.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Арцём Дубскі, якога расшуквалі некалькі дзён, знайшоўся на Акрэсціна
Арцём Дубскі прыехаў з Польшчы наведаць сваю сям'ю, якая жыве ў Асіповічах. 11 траўня яны паехалі ў Менск. Там Дубскага затрымалі, збілі, пасля чаго адвезлі на допыт у КДБ.З КДБ Дубскага выпусцілі толькі ўначы, узяўшы абавязацельства вярнуцца для дачы тлумачэнняў 12 траўня да 14:30. На наступны дзень Дубскі паехаў у КДБ і з тых часоў на сувязь не выходзіў.
Праз пяць дзён са сваякамі звязалася следчы па пытанні нанясення Дубскаму фізічных калецтваў.
Аказваецца, 13 мая Дубскага даставілі ў бальніцу хуткай дапамогі ў Мінску.
Каля 0.30 яго туды прывезлі супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС г. Мінска. Праз дзве гадзіны яны ж яго адтуль забралі. У мужчыны зафіксаваныя шматлікія гематомы і пашкоджанні на целе.
Верагодна, пасля гэтага Дубскага даставілі на Акрэсціна, дзе ён і знаходзіцца. Вядома, што яго асудзілі нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Паводле інфармацыі MAYDAY TEAM, на волю ён павінен выйсці 27 траўня.
Прызначаная дата суду над сяброўкай Прэзідыўма БСДП Людмілай Волкавай
Вядома, што следства завершана і яе вінавацяць па 9 эпізодах удзелу ў масавых мерапрыемствах пасля прэзідэнцкіх выбарах 2020 г. у межах арт. 342 КК РБ.
Нагадаем, што актывістка БСДП з 19 студзеня знаходзіцца пад вартай. Была затрымана на працы.
У БСДП лічаць, што трыгерам да затрымання стала яе скарга ў пракуратуру, у якой яна прасіла вярнуць ёй канфіскаваную больш за год таму тэхніку: кампутар і смартфон.
У Гародні працягваецца працэс ліквідацыі грамадскага сектару
У Гродзенскім абласным судзе пачалі працэс ліквідацыі дзвюх грамадскіх арганізацый. Гэта - абласны Спартыўна-патрыятычны клуб "Гонар Радзімы" і Гродзенскае абласное грамадскае аб'яднанне былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў.
У той жа час улады рэгулярна кажуць аб «генацыдзе беларускага народа», патрыятызме і захаванні гістарычнай памяці.
Пасяджэнні па абодвух працэсах ліківідацыі пачаліся 17 траўня. "Гонар Радзімы" ліквідуе суддзя Жанна Краўчанка, аб'яднанне былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў - Юрый Карэцкі. Абедзве ліквідацыі пачаліся па пазове ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.
"Няправільнага" святара звольнілі з прыходу
Іерэя Андрэя Ноздрына, настаяцеля праваслаўнага прыходу ў Альшанцы (Гарадзеншчына), вызвалілі з пасады. Пра гэта Наздрын паведаміў на сваёй старонцы ў Instagram.
Указ іерэй Андрэй Ноздрын атрымаў 18 мая 2022 года.
У пачатку траўня з Ноздрыным правялі прафілактычную гутарку. Праўладная актывістка Вольга Бондарава, якая паскардзілася на Ноздрына, у сваім канале яна называе яго “б-ч-б-папом”, які нібыта "тапіў за дзяржаўны пераварот", публікаваў "нацысцкі гімн” - песню “Магутны Божа”, рэпосціў экстрэмісцкія матэрыялы.
Інфармацыя прпа затрыманне Дзяніса Коршуна пацвердзілася
Сілавікі прыйшлі ў менскую пякарню Brø bakery 18 траўня і затрымалі яе супрацоўніка Дзяніса Коршуна.
Учора ўдзень пра «візіт» сілавікоў у Brø bakery напісалі многія каналы, аднак пазней з’явілася інфармацыя, што затрыманне не пацвердзілася. Пазней з Дзянісам Коршунам з’явілася «пакаяльнае відэа» ў праўладных ТГ-каналах. Верагодна, ён затрыманы па артыкуле 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак).
Затрыманая навуковая супрацоўніца філіяла Веткаўскага краязнаўчага музея Вольа Афанасьева
У Гомелі на працоўным месцы 18 траўня сілавікі затрымалі супрацоўніцу філіяла Веткаўскага краязнаўчага музея Вольгу Афанасьеву. Адміністрацыйная справа ў дачыненні да Вольгі разглядалася ў Савецкім раённым судзе Гомеля, аднак чым скончыўся разгляд — пакуль невядома, паведамляе @shtodzien.
Кіраўніка Беларускага Незалежнага прафсаюза Максіма Пазнякова з Наваполацка асудзілі на 15 сутак арышту, паведамляюць праваабаронцы.
Нагодай стала аватарка Пазнякова ў Фэйсбуку. На ёй былі сцяг Украіны і фраза "За незалежнасць".
Мінчанку затрымалі за бел-чырвона-белыя шторы
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне жыхаркі Мінска Алены Жарынай. У «пакаяльным відэа» жанчына «прызнаецца» ў тым, што павесіла бел-чырвона-белыя шторы, а таксама ўдзельнічала ў акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года.
Алене інкрымінаваны артыкул 342 КК Беларусі (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак альбо актыўны удзел ў іх).