За заклікі ў тг-каналах жодзінскаму палітвязню прысудзілі два гады калоніі
У Жодзінскім гарадскім судзе 10 траўня завяршыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Аляксандра Міронава, які абвінавачваўся ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Справу разглядаў суддзя Іван Грынкевіч, дзяржаўны абвінаваўца – старшы памочнік пракурора горада Жодзіна Дзмітрый Ярашэвіч.
Палітвязень Аляксандр Міронаў быў затрыманы супрацоўнікамі АМАП у межах крымінальнай справы 24 лютага 2022 года і дастаўлены ў ГАУС г. Жодзіна.
Першае судовае пасяджэнне адбылося 5 траўня.
Па версіі дзяржаўнага абвінавачання А. Міронаў без атрымання дазволу на правядзенне масавых мерапрыемстваў, з мэтай выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў з 11 кастрычніка 2020 года па 24 лютага 2022 года быў актыўным удзельнікам тэлеграм-канала “Жодино 97%” і “Жодино для жизни-чат”, якія з’яўляюцца экстрэмісцкімі, размяшчаў там паведамленні, якія ўтрымлівалі заклікі да ўдзелу ў групавых дзеяннях, чым ажыццявіў арганізацыю групавых дзеянняў, а таксама падрыхтоўку асобаў да ўдзелу ў гэтых дзеяннях.
Мужчына пакінуў паведамленні з заклікам сабрацца а 17.00 каля крамы Green, каб выказаць свой пратэст супраць вайны Расіі з Украінай. З Аляксандрам зрабілі “пакаяльнае відэа”. На камеру ён раскайваецца ў сваіх дзеяннях і кажа пра тое, што ў 2020-м годзе таксама заклікаў да несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў.
Сваю віну ў судзе прызнаў цалкам. Пракурор запрасіў для абвінавачанага 2 гады калоніі агульнага рэжыму.
10 траўня 2022 году суд вынес прысуд: 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.