viasna on patreon

Жлабінчаніна экстрадавалі з Расіі і асудзілі за гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі

2022 2022-05-08T12:02:59+0300 2022-05-10T11:03:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/padlobnikau-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Падлобнікаў. Фота з сацыяльных сетак

Дзмітрый Падлобнікаў. Фота з сацыяльных сетак

Суд Жлобінскага раёна 4 траўня вынес прысуд яшчэ аднаму ўдзельніку жнівеньскіх акцый пратэсту супраць вынікаў выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе. Дзмітрыя Падлобнікава абвінавацілі ў гвалце альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядала суддзя Святлана Андрэева, дзяржабвінаваўца – пракурор Андрэй Аношка.

Да суда абвінавачаны быў змешчаны ў СІЗА №3 Гомеля. Але ў гэтай справе… ёсць адна акалічнасць.

Дзмітрый Падлобнікаў з’ехаў пасля падзей у Жлобіне ў Маскву на заробкі, аднак быў затрыманы паліцыяй, паколькі быў абвешчаны ў вышук.

У Маскве прайшло некалькі судоў аб экстрадыцыі Дзмітрыя ў Беларусь, у выніку якіх абвінавачанага перадалі праваахоўным органам, нягледзячы на забарону Еўрапейскага суда па правах чалавека, куды звярталіся ягоныя адвакаты. 11 студзеня Генпракуратура Беларусі паведаміла аб экстрадыцыі жлабінчаніна.

Прадстаўніца камітэта "Грамадзянскае садзейнічанне" Марыя Красава паведаміла журналістам, што па словах Падлобнікава ён мог пляснуць амапаўца па касцы далонню. Паводле  слоў адвакаткі, у справе таксама фігуруюць запісы тэлефонных размоў знаёмых, дзе ідзе гаворка пра тое, што сілавікі збілі пратэстоўцаў, "але пры гэтым самі зведалі маральныя пакуты".

Вядома, што 9 жніўня 2020 года Дзмітрый Падлобнікаў пайшоў сустракацца з сябрам і патрапіў на плошчу, дзе праходзілі мітынгі супраць вынікаў выбараў, распавядала журналістам маці абвінавачанага Галіна Падлобнікава. Паводле яе слоў, на мітынгу яе сына збілі, ён быў у непрытомным стане.

Аб справе Дзмітрыя Падлобнікава публічна стала вядома толькі ў сярэдзіне снежня 2021 г. – амаль праз паўгода пасля яго арышту.

Па версіі следства, Дзмітрый Падлобнікаў аказваў супраціў пры затрыманні, рукамі і нагамі наносіў удары па шчытах міліцыянтаў, а таксама спрабаваў нанесці ўдары аднаму з іх, прычыніўшы яму такім чынам "маральную" шкоду.

Судовы працэс пачаўся 29 красавіка, а 4 траўня быў вынесены прысуд: асудзіць Падлобнікава да пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на тры гады.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства