Суд у Оршы: за абразу Караева пракурор прасіў болей, чым за абразу Лукашэнкі
Суд Аршанскага раёна і горада Оршы 26 красавіка вынес прысуд мясцоваму жыхару Андрэю Антаневічу. Яго абвінавацілі ў абразе прэзідэнта (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Разумовіч.
Пра сутнасць абвінавачання інфармацыі мала. Вядома, што ў тэлеграм-канале “Вусы Лукашэнкі” Антаневіч размясціў абразлівыя каментары ў бок прэзідэнта і былога міністра унутраных спраў Юрыя Караева.
Пад час судовага працэсу Антаневіч далучыў да матэрыялаў справы даведку аб тым, што жонка мае групу непрацаздольнасцi, а таксама аб тым, што сям’я мае на ўтрыманні непаўнагадовае дзіця.
Характарыстыка з месца працы – станоўчая.
Пракурор запрасіў па артыкуле 368 абмежаванне волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады, а па артыкуле за абразу прадстаўніка ўлады – тры гады без накіравання.
Суд прызнаў Андрэя Антаневіча вінаватым і пакараў трыма гадамі “хатняй хіміі”.