Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 20:05 па беларускім часе (паўтор у суботу ў 7:00) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Прэм'еру ў эфіры анлайн можна паслухаць праз інтэрнэт тут альбо тут (калі не адкрываецца, то карыстайцеся VPN). А таксама 98,1 FM для Гродна і 99,2 FM для Брэста.
(Анонсы папярэдніх выпускаў глядзіце тут).
Анонс праграмы на 26 красавіка:
Падзея: 26 красавіка — гадавіна катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і гадавіна ўтварэння праваабарончага цэнтра “Вясна”. І гэтае супадзенне не выпадковае. У рубрыцы даведаемся пра дзве даты і звязаныя з імі кантэксты — ядзернае пытанне, вайна, рэпрэсіі падчас Чарнобыльскага шляху і ўтварэнне "Вясны".
Крымінальны пераслед: Двух палітзняволеных праваабаронцаў “Вясны” — Марфу Рабкову і Андрэя Чапюка — пачалі судзіць. І судовы працэс адразу зрабілі закрытым. Абмяркоўваем сітуацыю з юрыстам “Вясны” Паўлам Сапелкам.
Каментар: Журналіст і праваабаронца Сяржук Сыс распавядае пра “Вясну”, як туды трапіў, знаёмства з Алесем Бяляцкім і самыя экстрэмальныя ўспаміны:
“Яны ахоўвалі Адміністрацыю прэзідэнта — і пабеглі ў наш бок. Алесь стаяў на месцы і сказаў мне: “Сыс, уцякай!” За мной кінуліся тры чалавекі, а за вуглом дагналі. Па дарозе я дастаў карту памяці і схаваў яе ў шкарпэтку. У аддзяленні міліцыі ўзялі фатаапарат і пытаюць: “А дзе карта памяці?” — “Ня ведаю” — “Так, не дуры, а то зараз будзем ліхтарыкам у адно месца свяціць”… Потым я зразумеў, што варта мець запасную карту памяці”.
Апытанка: «“Вясна” для нас — гэта як глыток жыцця». Беларусы Варшавы дзеляцца сваім стаўленнем да праваабарончага цэнтра “Вясна” з нагоды яго дня народзінаў.
У музычных паўзах — песні пра вясну (Віктар Шалкевіч, Sciana, S°unduk, Rahis, AKUTE).
*Аўдыёзапіс выпуску: