viasna on patreon

«Мікіта расказваў, што білі нагамі, дубінкамі, намотвалі анучу на галаву», — сукамернік пра затрыманага экс-следчага Старажэнку

2022 2022-04-26T12:07:00+0300 2022-04-26T12:55:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/starazhenka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Былога следчага, які звольніўся пасля выбараў у знак пратэсту, Мікіту Старажэнку затрымалі сёлета 1 лютага ў гандлёвым цэнтры ў Мінску. І вось ужо трэці месяц ён утрымліваецца ў СІЗА-1 паводле абвінавачвання ў «распальванні сацыяльны варожасці» нібы за тое, што «зліў» звесткі супрацоўнікаў ГУБАЗіКа ў «пратэсны тэлеграм-канал». Сёння стала вядома, што Мікіту працягнулі тэрмін утрымання да 1 чэрвеня 2022 года. Сукамернік Мікіты, які ўтрымліваўся з ім у карцары ІЧУ Акрэсціна, распавёў «Вясне» пра тое, што даставілі былога следчага туды моцна збітым. Таксама, паводле яго, Старажэнка быў прызначаны ў 2020 годзе весці справу супраць 16-гадовага збітага сілавікамі хлопца (верагодна, гаворка ідзе пра Цімура Міцкевіча) — тады Мікіта звольніўся са следчых органаў.

Мікіта Старажэнка

«Я змог, маё сумленне чыстае». Звальненне і пазбаўленне звання

З 2017 года Старажэнка працаваў у Следчым камітэце: следчым у Партызанскім райаддзеле сталічнага СК. Ён звольніўся са следчых органаў пасля прэзідэнцкіх выбараў і паведаміў пра гэта 17 жніўня 2020 года на сваёй старонцы ў Instagram:

«Да сённяшняга дня я быў супрацоўнікам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Апошнім часам у маю галаву пачалі закрадацца сумневы: ці служу я народу або не? Я прыйшоў да высновы, што не. Я спрабаваў звольніцца яшчэ да выбараў Прэзідэнта, але атрымаў адмову.

Звальняцца было цяжка, разумеючы, што чакае вялізная пазыка за навучанне і ёсць сям'я, але выконваць тое, што супярэчыць сумленню, яшчэ цяжэй. Я не хачу адпраўляць у архіў матэрыялы праверак, якія павінны быць крымінальнымі справамі. Сумленных супрацоўнікаў у нашых органах шмат, але яны заціснуты рамкамі загадаў і абавязкаў перад дзяржавай. Калегі, калі чытаеце гэта, адкажыце сабе на адно пытанне: ці зможаце Вы сказаць "Гонар маю". Я змог, маё сумленне чыстае».

Пасля звальнення 28-гадовы Мікіта працаваў юрыстам. На сваёй старонцы ў Instagram ён прапаноўваў бясплатную юрыдычную дапамогу «ў сувязі з сітуацыяй, што склалася ў нашай краіне».

4 траўня 2021 года Старажэнка, як і іншыя сілавікі, якія звольніліся на знак пратэсту, быў пазбаўлены Лукашэнкам звання старшага лейтэнанта юстыцыі запасу.

«У сувязі з нейкім памутненнем». Затрыманне

Першы раз Мікіта быў затрыманы ў красавіку 2021 года. Яго тады арыштоўвалі на 15 сутак за «несанкцыянаванае пікетаванне». Пасля «сутак» ён выйшаў на волю.

Другі раз Старажэнка быў затрыманы ў межах крымінальнай справы. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа пасля затрымання запісалі са Старажэнкам «пакаяльнае» відэа, у якім былы следчы распавядае, што «ў сувязі з нейкім памутненнем» перадаў у «адзін з пратэсных чатаў» кантакты двух супрацоўнікаў ГУБАЗіК і намначальніка УСК па Мінску. Старажэнка дадае, што ўжо не памятае, куды адправіў кантакты.

Яму інкрымінуецца «распальванне сацыяльнай варожасці» паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса. Мікіту пагражае ад 5 да 12 гадоў калоніі.

На відэа, якое апублікаваў тэлеграм-канал ГУБАЗ, Мікіта Старажэнка выглядае вельмі напалоханым, а на твары бачныя пашкоджанні. Яго сапраўды збівалі пасля затрымання — гэта пацвердзіў ягоны сукамернік.

«Ён быў увесь сінім». Збіванні

Скрыншот з відэа, якое выклаў ГУБАЗіК
Скрыншот з відэа, якое выклаў ГУБАЗіК

Як распавёў «Вясне» сукамернік Старажэнкі, 1 лютага ў карцар да «палітычных» прывялі моцна збітага 28-гадовага былога следчага — гэта быў Мікіта Старажэнка.

«Калі Мікіта прыйшоў у камеру, то быў вельмі напалоханы, таму што яго пужалі тым, што адправяць у камеру да "пеўняў" і дзе яго будуць збіваць. Пужалі, што праз тое, што працаваў следчым, адправяць яго да "мацёрых". Мы калі ўбачылі, што ён збіты, зразумелі, што ён ніякі не падстаўны. Мы разумелі, што адчувае чалавек у такія хвіліны, таму акуратна сябе з ім паводзілі. Яго напужалі 12-гадовым тэрмінам.

Ён быў увесь сінім: ад канца пазваночніка і амаль да пятак. У яго былі нават не сінія, а цёмна-фіялетавыя ногі. На твары і на галаве былі ранкі, сляды ад кайданкоў. Мікіта расказваў, што білі нагамі, дубінкамі, намотвалі анучу на галаву, надзявалі вядро для смецця на галаву і білі па вядры, каб слядоў збіцця не заставалася. Але ўсё адно ў яго было рассячэнне на носе, каля вуха была вялікая ранка. Відаць, па носе яму патрапіла нармальна, таму што ён яшчэ і чырвоны быў. Таксама ў яго былі апухлыя вусны, сіняк на падбародку.

Працаваў ГУБАЗ. Яны наогул любяць больш за ўсё збіваць айцішнікаў і тых, хто "злівае" інфармацыю».

Сукамернік кажа, што потым Мікіта кансультаваў іх з нагоды этапаў следства, дапушчальных доказаў, распавядаў пра сваю практыку. Ён прабыў толькі тры дні ў ІЧУ:

«Мы яго падтрымлівалі, а ён нас потым».

Звольніўся, таму што не хацеў расследаваць справу 16-гадовага збітага сілавікамі хлопца

Сукамернік Старажэнкі таксама стаў сведкам гутаркі Мікіты з начальнікам ІЧУ на Акрэсціна, падчас якой былы следчы распавёў пра прычыны свайго звальнення са следчых органаў. Начальнік сам прыйшоў да карцара з «палітычнымі», дзе ўтрымліваўся Мікіта. Праз дзверы з кратамі ён казаў яму:

«Ты глядзі тут ціха, языком не балбачы асабліва — вушы ёсць нават у сцен».

Як расказвае былы арыштант, начальнік ІЧУ спрабаваў яго напалохаць. Тады Мікіта яму выказаўся ў адказ: 

«Паводле яго слоў, пасля выбараў яго прызначылі расследаваць справу 16-гадовага хлопца».

Даведка. Відаць, гаворка ідзе пра Цімура Міцкевіча, гісторыя якога стала шырока вядомая ў 2020 годзе. Тады яму было 16 гадоў. Яго затрымалі 12 жніўня, збілі, прывезлі з РУУС у лякарню з ЧМТ. Некаторы час Цімур быў у медыкаментознай коме. Калі яго вывелі з комы і перавялі ў звычайную палату, ён знік з лякарні.

24 верасня 2020 года пасля хваробы памерла мама Цімура. У студзені 2021 года стала вядома, што хлопец пакінуў Беларусь.

Калі пачалася вайна, Цімур пайшоў добраахвотнікам у атрад Каліноўскага. Нядаўна пра гэта стала вядома — і ў каментарах пад навіной пра Цімура ў Facеbook адпісаўся і перадаў прывітанне хлопцу лекар, які яго лячыў, — Максім Ачарэтні. Доктар цяпер таксама знаходзіцца ва Украіне і аказвае медыцынскую дапамогу ўкраінцам. 

«Мікіта паехаў да яго ў лякарню і ўбачыў, што на ім няма жывога месца. Пасля гэтага ў следчага "ўсё перавярнулася" і ён звольніўся са следчых органаў».

Як адзначае сукамернік, паводле арт. 130 КК Мікіту ў ІЧУ утрымлівалі толькі трое сутак — пасля гэтага яго перавялі ў СІЗА-1, але яго там першы раз не прынялі праз моцнае збіццё. Сілавікі вазілі Старажэнку ў лякарню. З другога разу яго прынялі ў СІЗА-1, дзе ён знаходзіцца дагэтуль у чаканні суда. Сёння стала вядома, што Мікіту працягнулі тэрмін утрымання да 1 чэрвеня 2022 года. Першага адваката Старажэнкі пазбавілі ліцэнзіі.

Вядома, што праз палітычныя рознагалоссі ў сям'і Мікіту давялося развесціся з жонкай. У іх маленькая дачка.

Никита Стороженко
Мікіта Старажэнка

«Мікіта трымаўся. Ён малайчына», — расказвае ягоны сукамернік з ІЧУ.

Падтрымаць палітвязня лістамі салідарнасці, грашовымі пераводамі і пасылкамі можна па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2,

Мікіта Ігаравіч Старажэнка

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства