У Віцебску чатырох палітвязняў судзяць за “экстрэмісцкія перформансы” Дапоўнена
У судзе Віцебскага раёна 25 красавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы, заведзенай адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу на чатырох мясцовых жыхароў за “экстрэмісцкія перформансы”.
На лаве падсудных палітвязні - Ірына Пярцова, Арцём Латышаў, Кацярына Макарэвіч і Юля Лабунова.
У залежнасці ад ролі кожнага ў здзяйсненні шэрагу злачынстваў іх абвінавачваюць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч.2 арт. 339 (злоснае хуліганства);
- ч.1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
- арт. 341 (псаванне маёмасці ў іншых грамадскіх месцах пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства).
Справу разглядае суддзя Міхаіл Зубеня.
Паводле матэрыялаў следства, група праводзіла лакальныя акцыі, а свае, так званыя "дасягненні", здымалі на відэа. Ролікі яны публікавалі ў адкрытым доступе ў Інтэрнэце для ўсеагульнага агляду з мэтай прыцягнення ўвагі і фарміравання масіва пераймальнікаў. Свае дзеянні каардынавалі з дапамогай групавых чатаў.
Так, у чэрвені 2021 года кампанія з мужчын і жанчын ва ўзросце ад 27 да 34 гадоў, аб'яднаныя агульнай ідэяй падтрымання дэструктыўнай тэмы ў Інтэрнэце і сацыяльных сетках, знялі відэаролік, у якім разбілі бейсбольнай бітай кінескоп тэлевізара з налепленай фатаграфіяй беларускага журналіста. Таксама прадэманстраваць сваю відавочную непавагу да рэспубліканскіх СМІ жыхары Віцебска вырашылі шляхам спальвання на камеру друкаваных выданняў і дэманстрацыяй плакатаў з назвамі дэструктыўных тэлеграм-каналаў і інтэрнэт-рэсурсаў.
У жніўні 2021 года абвінавачаныя арганізавалі акцыю на віцебскіх могілках. Для рэалізацыі сваіх задумак яны выкарыстоўвалі чужую магілу, на якую паставілі партрэт кіраўніка дзяржавы і знялі на мабільны тэлефон пастановачныя пахаванні.
Усе ўдзельнікі здымак выкарыстоўвалі маскі, непрыкметную вопратку і іншыя спосабы канспірацыі, што ўсяляла ўяўную ўпэўненасць у ананімнасці і беспакаранасці, аднак асобы чатырох членаў былі ўстаноўленыя праваахоўнікамі.
У ходзе расследавання крымінальнай справы ўстаноўлена дачыненне фігурантаў да здзяйснення іншых злачынстваў. У іх лік уваходзяць удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і пашкоджанне маёмасці УУС Віцебскага аблвыканкама.
Следчымі дапытаныя абвінавачаныя, сведкі і пацярпелыя. Праведзены вочныя стаўкі і праверкі паказанняў на месцы. Прагледжаны відэазапісы, на якіх зафіксаваныя абставіны здзяйснення злачынства. Канфіскаваная кампутарная тэхніка і мабільныя тэлефоны, па якім праведзены адпаведныя экспертызы.
У чым абвінавачваюць кожнага з чацвёркі?
У першы дзень судовага пасяджэння было зачытанае абвінавачанне, дапытаны пацярпелы па справе і абвінавачаныя.
Ірына Пярцова — выхавальніца ў дзіцячым садзе, затрыманая 20 верасня 2021. Да суда змешчаная ў СІЗА №2 Віцебска. У перыяд часу з вечара 29 па ноч 30 жніўня 2021 года, сумесна з групай асоб, па матывах палітычнай і сацыяльна варажнечы, з выключным цынізмам і знявагай магілы на могілках “Арэхаўскія” ў Віцебску размясцілі партрэт прэзідэнта, адкаркавалі шампанскае і вылілі на магілу. Затым зрабілі відэасюжэт, падпісаўшы яго надпісамі “Са святам, з днём смерці!”, “3%”, “АМОН” і выяваю таракана, размясцілі яго ў інтэрнэце, што падпадае пад дзеянне ч. 2 арт 339 Крымінальнага кодэкса.
Арцём Латышаў — работнік кандытарскай фабрыкі “Віцьба”, затрыманы 8 верасня 2021, да суда змешчаны ў СІЗА №2 Віцебска.
У перыяд з 1 па 21 чэрвеня 2021 года, знаходзячыся каля могілак “Арэхаўскія”, разам з Макарэвіч і Лабуновай, ажыццявілі спаленне асобнікаў дзяржаўных газет “СБ. Беларусь сегодня”, партрэт журналіста Рыгора Азаронка. Таксама неўстаноўленым прадметам, падобным на біту, разбілі тэлевізар. Дзейнічалі з выключным цынізмам, мелі на мэце дэстабілізаваць грамадскую сітуацыю ў Беларусі і пасеяць варажнечу ў дачыненні да прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ. Пазней вырабілі і размясцілі відэаролік са сваімі дзеяннямі.
У перыяд з вечара 29 па ноч 30 жніўня 2021 года правёў разам з іншымі асобамі “перформанс” на магілцы з выявай прэзідэнта, нанёс маральныя пакуты сваяку пахаванай Малашэнка пацярпеламу Андрэю Пыльскаму.
5 верасня 2021 года ў Віцебску, дзейнічаючы з асаблівым цынізмам, з выкарыстаннем чатырох яек, запоўненых фарбаю, сапсаваў рэкламныя банеры з выявамі супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі. Гэтым прычыніў матэрыяльны ўрон на суму 618 рублёў.
Юля Лабунова — працавала рэгістратарам у стаматалагічным цэнтры, затрыманая 20 верасня 2021, да суда змешчаная ў СІЗА №2 Віцебска.
Абвінавачваецца па адным эпізодзе – спаленні дзяржаўных СМІ.
Кацярына Макарэвіч — працавала галоўным бухгалтарам у ТАА, затрыманая 20 верасня 2021 года, да суда змешчаная ў СІЗА №2.
Апроч спалення СМІ, абвінавачваецца па ч.1 арт 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх).
6 верасня 2020 года прыняла актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Віцебску. На вуліцы Праўды не падпарадкоўвалася законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, груба парушала грамадскі парадак, выкрыквала лозунгі, пляскала ў далоні, выкарыстоўвала б-ч-б сімволіку.
У судзе дапытаны пацярпелы, аператар станкоў з ЧПУ Андрэй Пыльскі. Ён паведаміў суду, што на могілках "Арэхаўскія" пахаваная яго бабуля Малашэнка. Менавіта ў гэтым месцы 30 жніўня абвінавачаныя праводзілі перформанс.
Пацярпеламу прыкра і непрыемна за тое што здарылася на месцы пахавання. Бабуля была веруючая, хадзіла ў царкву. На месцы пахавання ён бывае рэдка, нейкіх зменаў не заўважыў. Пра перфоманс ведае толькі з відэа, якое яму прадэманстравалі ў СК.
Праца па выяўленні іншых асоб, якія маюць дачыненне да здзяйснення злачынстваў працягваецца. Матэрыялы выдзелены ў асобную вытворчасць.