viasna on patreon

«Апошняе слова не будзе сказанае да тых часоў, пакуль усе не будуць вольныя!» — у Мінску вынесены прысуд палітзняволеным анархістам

2022 2022-04-22T09:53:01+0300 2022-04-22T10:42:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/anarch_collage.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

22 красавіка ў Мінскім абласным судзе вынесены прысуд палітзняволеным анархістам Аляксандру Бялову, Яўгену Рубашку, Арцёму Дзмітрыевічу Салаўю і Арцёму Сяргеевічу Салаўю.

Суддзя Алена Міснік прызнала іх вінаватымі паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і ч.3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса і агучыла наступныя выракі: Аляксандру Бялову, Яўгену Рубашку, Арцёму Дзмітрыевічу Салаўю — па пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Арцёму Сяргеевічу Салаўю — 4,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму

Канчатковае пакаранне прызначанае шляхам частковага складання выракаў паводле двух артыкулаў. Паводле ч.1 арт. 342 Аляксандру Бялову, Яўгену Рубашку, Арцёму Дзмітрыевічу Салаўю прызначана па 2,5 гады пазбаўлення волі, Арцёму Сяргеевічу Салаўю — 2 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Паводле ч.3 арт. 361-1 кожнаму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 4 гады.

Пазоў «Мінсктранса» будзе вылучаны ў асобную грамадзянскую вытворчасць.  

Нагадаем, суд над палітзняволенымі распачаўся 29 сакавіка, аднак праз 20 хвілін пасля пачатку працэса пасяджэнне зрабілі закрытым па хадайніцтву пракурора Аляксандра Рамановіча, вядомага па іншых палітычных працэсах: ён падтрымліваў бок дзяржабвінавачання ў пасяджэннях над палітзняволеным студэнтам Уладзіславам Марціновічам, палітзняволеным інжынерам-праграмістам Раманам Канановічам, палітзняволеным антыфашыстам Уладзіславам Зяневічам і іншых.

Ён адзначыў, што дадзеная крымінальная справа выдзеленая з іншай крымінальнай справы, папярэдняе расследаванне па якой вядзецца і дагэтуль — у тым ліку, датычна да іншых меркаваных саўдзельнікаў абвінавачаных. Акрамя таго, матэрыялы справы змяшчаюць інфармацыю, прызнаную экстрэмісцкай. Праз гэта пракурор хадайнічаў аб разглядзе справы ў закрытым рэжыме. Таксама ён адзначыў, што гэта патрэбна дзеля забеспячэння аховы таямніцы следства, якая ахоўваецца законам, а таксама з мэтай выключэння распаўсюджвання інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкай. Усе абвінавачаныя і іх абаронцы выступілі супраць.

Нягледзячы на гэта, Алена Міснік задаволіла хадайніцтва Рамановіча. Яна дадала, што акрамя заяўленых дзяржабвінаваўцам прычын, у матэрыялах справы ўтрымліваюцца дадзеныя пра асобаў, якія не падлягаюць разгалошванню ў судовым пасяджэнні. Справа разглядалася ў закрытым рэжыме, падрабязнасці па ёй невядомыя.

misnik-ramanovich.jpg
Пракурор Аляксандр Рамановіч і суддзя Алена Міснік, якія зрабілі пасяджэнне закрытым

Вядома, што на пасяджэнні таксама прысутнічала прадстаўніца грамадзянскага пазоўніка — КУП «Мінсктранс» — Вольга Емельяненка. Верагодна, яна была ў складзе ўчастковай камісіі па выбарам прэзідэнта ўчастка для галасавання №88 падчас выбараў у 2020 годзе. Яна прадстаўляла Мінскую гарадскую арганізацыю Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі. Згодна з дадзенымі платформы "Голас", вынікі на гэтым участку былі сфальсіфікаваныя. 

Суд над палітзняволенымі анархістамі зрабілі закрытым. Што вядома па справе?

Праз 20 хвілін пасля пачатку працэса пасяджэнне зрабілі закрытым паводле хадайніцтва пракурора Аляксандра Рамановіча, вядомага па іншых палітычных працэсах.

Стала вядома таксама апошняе слова Яўгена Рубашкі, з якім ён выступіў падчас пасяджэння:

«Да зачытання канчатковага абвінавачвання я па дурасці пазначаў сабе нестыкоўкі, моманты для тлумачэння і контраргументы. Пасля прачытання неабходнасць у іх адпала. І справа нават не ў тым, што абсурднае і няслушнае дзяржабвінавачанне, — якое паўтарае бачанне ГУБАЗіКА, — было б бліскуча разбіта падчас спрэчак нашымі абаронцамі ў юрыдычным полі ў рамках КК РБ. А ў тым, што «часам не да закона». Справа ў стылізаваных «А» ў крузе на нашых наўтбуках, гуманістычных кнігах, якія могуць выклікаць небяспечныя думкі, у кардонных гірляндах і катафотах чорна-чырвонага колеру, і нават у пакеце з зямлёй колеру чорнага сцяга. Справа ў думказлачынстве, у прыватнасці, у анархізме.

Мой светапогляд — то, як я думаю, і ў ва што веру, — гэта мая асабістая справа. КК РБ распаўсюджваецца пакуль яшчэ толькі на дзеянні. Але давайце вернемся да анархізму.

Што мае на ўвазе пад ім дзяржабвінаваўца? Звяржэнне дзяржаўнага ладу, распальванне сацыяльнай варожасці, масавыя беспарадкі, экстрэмісцкую дэструктыўную дзейнасць. Што пад ім маю на ўвазе я? Салідарнасць і ўзаемадапамогу, асабістую і калектыўную свабоду і адказнасць, непрыняцце прыгнёту ў ягоных шматлікіх формах.

Як анархіст я 10 гадоў карміў на вуліцах Мінска бясхатніх людзей, а таксама тых, хто мае ў гэтым патрэбу, да якіх «сацыяльнай дзяржаве» няма справы, у адрозненне ад ваенных парадаў. Як анархіст я ўдзельнічаў у розных адукацыйных, сацыяльных і экалагічных праектах. Як анархіст я паспрыяў захаванню сквера Катоўка ў Сельгаспасёлку. Як анархіст я не лічу прымальным забойства і эксплуатацыю жывёл. Як анархіст я гатовы проста дапамагчы чалавеку чым змагу.

Гэта тыя экстрэмісцкія дзеянні, якія я лічу праявамі сваіх анархісцкіх поглядаў. Анархізм ідэалісцкі, пафасны, радыкальны, але стваральны, а не дэструктыўны.

Ніякага экстрэмісцкага фармавання «Прамень» не існуе! «Прамень» — гэта анархісцкі медыя-рэсурс, то бок — СМІ, а заява дзяржабвінаваўцы аб тым, што дадзены рэсурс піша толькі аб сваіх удзельніках, азначала б, што калі «Беларусь Сегодня» піша пра ўраджай, то ўсе калгаснікі маюць дачыненне да рэдакцыі газеты.

Суддзя рабіла мне заўвагі за мой смех над кафкіянскім абсурдам, за мае рэплікі і нават лаянку (калі яе было чуваць), калі мяне перапаўняла абурэнне. Я вінаваты ў тым, што я жывы чалавек з эмоцыямі, і не ўмею з тварам дзяржабвінаваўцы, які нічога не выяўляе, зачытваць «прызнальныя паказанні», аб якіх загадзя вядома, што яны былі напісаныя ў прэс-хаце на Акрэсціна або пасля катаванняў і збіванняў губазікам і сахрам ў будынку Следчага камітэта.

І калі нас сёння судзяць па КК РБ, то не павінна быць таксама тых, хто раўней за іншых. У якасці напаміну аб тым, што закон для ўсіх, я хачу прывесці вытрымкі з пратаколу рашэння трыбунала над нацысцкімі суддзямі.

«Падсудныя і іх калегі скажалі, пераварочвалі і ў рэшце рэшт дасягнулі поўнага знішчэння правасуддзя і закона ў Германіі. Яны зрабілі судовую сістэму складовай часткай дыктатуры. Яны прыбралі ўсякае падабенства судовай незалежнасці. Яны пагражалі тым, хто трапляў у суды, запалохвалі іх, пазбаўлялі фундаментальных правоў. «Судовыя працэсы», якія праводзіліся імі, былі жудаснымі фарсамі, з рудыментарнымі рэшткамі прававой працэдуры, якія былі толькі здзекам над няшчаснымі ахвярамі!»

Мы самі вызначаем свае жыцці ўласнымі асабістымі і калектыўнымі выбарамі. Хтосьці выбірае ўпісаць свае імёны ў гісторыю палітычных рэпрэсій. І калі камусьці датычнаму да іх будзе ікацца, то ведайце, што вашыя імёны ўспамінаюць палітвязні, якія сядзяць, а з імі іх родныя і блізкія, а з імі — і ўся краіна.

І апошняе слова не будзе сказанае да тых часоў, пакуль усе не будуць вольныя!»


Арцём Дзмітрыевіч Салавей быў затрыманы 4 жніўня 2021 года і збіты супрацоўнікамі міліцыі: яго ставілі ў "ластаўку" і пагражалі згвалтаваннем, каб ён сказаў пароль ад свайго тэлефона. 5 жніўня быў асуджаны судом Заводскага раёну на 15 сутак за дробнае хуліганства па арт. 19.1 КаАП (нібыта пры дастаўлення ў РУУС стаў паводзіць сябе агрэсіўна). Пасля адбыцця арышту быў перезатрыманы ў якасці падазраванага па крымінальнай справе. Арцёма Сяргеевіча Салаўя затрымалі таксама 4 жніўня 2021 года, аднак адразу ў межах крымінальнай справы. 

Яўген Рубашка і Аляксандр Бялоў — актывісты анархічнага руху, былі затрыманыя 29 ліпеня 2021 года ў Мінску. У іх кватэрах прайшлі ператрусы, вядома, што пры затрыманні яны былі збітыя. Патрабуючы доступу да тэлефону і камп'ютару, Яўгену Рубашку нацягвалі на галаву пакет. Падчас пераводу ў СІЗА ў Яўгена забралі ўсе кнігі і паставілі на прафілактычны ўлік як схільнага да экстрэмізму, што азначае ўнясенне адзнакі ў асабістую справу, асаблівае стаўленне і дадатковую працу з псіхолагам.

«Сэрца смелае, якое большым стала». Гісторыя палітвязня Яўгена Рубашкі

Ён ночыў у намётах у літоўскім полі і ў рыжскіх парках, бачыў горную рэчку ў Славакіі і 100-кіламетровае возера – у Венгрыі, рабіў прывалы ўздоўж мора ў Харватыі, шпацыраваў па Іерусаліму, Барселоне, Парыжу, Ціране, Дрэздэну, Лісабону і яшчэ дзясяткам гарадоў.

Напярэдадні суда Жэня Рубашка напісаў адкрыты ліст таварышам.

Лісты салідарнасці, грашовыя пераводы і пасылкі можна адправіць па адрасе: 

 СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Яўген Аляксандравіч Рубашка
Аляксандр Андрэевіч Бялоў
Арцём Сяргеевіч Салавей
Арцём Дзмітрыевіч Салавей

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства