Палітзняволенага студэнта асудзілі да 4 гадоў калоніі за адміністраванне тэлеграм-канала "Белыя халаты"
У Мінскім гарадскім судзе 15 лістапада да чатырох гадоў калоніі агульнага рэжыму асудзілі 21-гадовага палітвязня студэнта 4-га курса Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Уладзіслава Марціновіча, якога амаль год утрымліваюць пад вартай у СІЗА-1. Яго абвінавацілі па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) шляхам адміністравання telegram-канала «Белыя халаты». Справу разглядала суддзя Алена Ананіч, дзяржабвінавачанне падтрымліваў Аляксандр Рамановіч. "Вясна" распавядае пра судовы працэс над студэнтам.
У чым абвінавацілі студэнта?
Паводле версіі абвінавачвання, Уладзіслаў Марціновіч з 9 жніўня да 18 лістапада "стварыў тэлеграм-канал "Белыя халаты"". Студэнт "неаднаразова распаўсюджваў розныя матэрыялы на кіраваным ім Telegram-канале6 выкарыстоўваючы метады, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, штучнае нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, распаўсюджванне ідэалогіі экстрэмізму, а таксама паслабленне ў грамадстве пачуцця патрыятызму".
Згодна з матэрыяламі справы, у Telegram-канале зафіксаваныя неаднаразовыя факты заклікаў да масавага звальнення медработнікаў, няякаснага аказання медыцынскай дапамогі і ўдзелу ў пратэстах і забастоўках. Акрамя гэтага выяўлены публікацыі аб падтрымцы праводзімых незаконных масавых мерапрыемстваў медработнікамі, спосабах процідзеяння дзеючай улады, а таксама паведамленні, якія дыскрэдытуюць супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
"Мэтай рэсурсу з'яўляецца ўздзеянне на свядомасць і волю работнікаў аховы здароўя і медыцыны Рэспублікі Беларусь, а таксама навучэнцаў і выкладчыкаў медыцынскіх установаў адукацыі краіны", – гаворыцца ў абвінавачванні.
Такім чынам, Марціновіч здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса – публічна заклікаў да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем глабальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт.
"Ці з'яўляецца стварэнне і вядзенне канала злачынствам?" За адміністраванне тг-канала "Белыя халаты" судзяць студэнта
Амаль год у СІЗА-1
Студэнта затрымалі 19 лістапада – у той дзень таксама затрымалі журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна, якіх асудзілі ў далейшым за выдаванне медыцынскіх дакументаў забітага жыхара "плошчы пераменаў" Рамана Бандарэнкі. Уладзіслаў Марціновіч амаль год утрымліваецца ў СІЗА-1 у Мінску.
Суд над Марціновічам распачаўся 15 ліпеня, ён тады не прызнаў віну і сказаў на судзе:
"Спачатку гаворыцца аб стварэнні канала, потым аб распаўсюдзе. Хацелася б ведаць, мне ставіцца ўсё гэта ў сукупнасці: і распаўсюджванне, і стварэнне, і публікацыя? Ці з'яўляецца стварэнне і вядзенне канала злачынствам? Ці сапраўды кожны пост змяшчае заклікі і шкоду?"
21 ліпеня на судзе студэнта прызначылі псіхолага-лінгвістычную экспертызу публікацый телеграм-канала "Белыя халаты", якая доўжылася больш за тры месяцы.
На судзе студэнта Марціновіча прызначылі псіхолага-лінгвістычную экспертызу публікацый тг-канала "Белыя халаты"
Хадайніцтва суду аб прызнанні віны з СІЗА
27 кастрычніка суд па справе аднавіўся. На ім Уладзіслаў Марціновіч прызнаў віну. Як стала вядома на судзе, хадайніцтва аб поўным прызнанні віны і раскайванні ён накіраваў у Мінскі гарадскі суд з СІЗА 9 верасня. Паводле гэтага хадайніцтва, на Марціновіча паўплывала тое, што ён прабыў амаль год у СІЗА.
Абвінаваўца спытаў у Марціновіча, раз яго паказанні на судовым пасяджэнні 27 кастрычніка не адрозніваюцца ад мінулых, то чаму ён прызнаў віну. Уладзіслаў на судзе паўтарыў, што ўжо амаль год знаходзіцца ў СІЗА, на дадзены момант пасля правядзення следства адчувае віну і раскайваецца. Пракурор спытаў, добраахвотнае гэта прызнанне або прадыктаванае ў СІЗА. Марціновіч адказаў, што добраахвотнае.
Псіхолага-лінгвістычная экспертыза ўстанавіла ў публікацыях "Белыя халаты" з 16 жніўня па 18 лістапада (на экспертызу адпраўлялі каля 20 штук) наяўнасць у іх пабуджальных выказванняў і канструкцый, а таксама негатыўнай ацэнкі сілавых ведамстваў, МУС, стэрэатыпаў аб групе людзей па іх прафесійнай дзейнасці.
Марціновіч на судзе адмаўляў наяўнасць падахвочвання ў пастах "Белыя халаты" і казаў, што трэба паглядзець на гэта з юрыдычнага пункту гледжання. Суддзя папрасіла пракаментаваць тры публікацыі з заклікамі: дзе студэнты выходзяць 1 верасня і становяцца ў ланцуг салідарнасці, з забастоўкай медыкаў, са звальненнем медыкаў. Марціновіч на судзе казаў, што гэта не заклікі, а інфармаванне.
"Вы наўмысна разбілі тэлефон!". Допыт сведак-сілавікоў
3 лістапада на працэсе заслухалі сведак. У суд выклікалі сведку —начальніка аддзела па барацьбе з злачыннасцю, які займаецца экстрэмісцкімі справамі і справамі, звязанымі са злачынствамі ў інтэрнэце. Ён адзін з тых, хто прысутнічаў пры затрыманні і на першым допыце Марціновіча.
На працэсе сведка сказаў, што Уладзіслаў спачатку прызнаваў, што адміністраваў тэлеграм-канал «Белыя халаты», потым казаў, што быў ім некаторы час. Сведка на судзе сказаў, што Марціновіч пры затрыманні разбіў тэлефон. Ён стаяў недалёка, бачыў, як супрацоўнікі САХРа затрымлівалі Марціновіча без прымянення сілы, а той са ўсёй сілы замахнуўся і разбіў тэлефон. Пры аглядзе тэлефон быў у непрацоўным стане.
Уладзіслаў запытаўся ў сведкі, у чым злачынна стварэнне медыцынскага супольнасці. Але суддзя адказала, што патрэбна юрыдычная ацэнка.
Другім сведкам выступіў оперупаўнаважаны ГУБАЗіКа — адзін з тых, хто затрымліваў студэнта 19 лістапада. Марціновіч спытаў у яго, ці мог супрацоўнік наступіць нагой на тэлефон. На што сведка заявіў: «Вы наўмысна разбілі тэлефон!».
"Лепш бы я з гэтым досведам не сутыкаўся". Судовы спрэчкі і апошняе слова паўтары гадзіны
4 лістапада адбыліся судовыя спрэчкі па справе. Пракурор Аляксандр Рамановіч заявіў, што віна Марціновіча па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса з'яўляецца даказанай і прасіў суд пакараць студэнта чатырма гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
10 лістапада Уладзіслаў Марціновіч выступіў з апошнім словам, якое доўжылася паўтары гадзіны. Вялікую частку часу ён распавядаў пра нестыкоўкі ў справе.
"Пазбаўленне волі з'яўляецца для мяне некаторым перашкодай для навучання і засваення матэрыялу. Безумоўна, гэта дае, вядома, іншы досвед, але, правёўшы год у СІЗА, магу сказаць, што, напэўна, лепш бы я з гэтым досведам не сутыкаўся. Але, тым не менш, ён быў мною атрыманы. Спадзяюся, не занадта адаб'ецца ў далейшым, мае блізкія не будуць мне казаць, што я вельмі моцна змяніўся пасля турмы. Ну, паглядзім".
Падчас апошняга слова палітвязень падзяліўся сваімі планамі на будучыню:
"Скончыць медунівер, нарэшце стаць лекарам і лячыць людзей, працягнуць займацца навукова-даследчай дзейнасцю, развіваць лічбавую медыцыну і электронную ахову здароўя, надаць увагу пытанням тэлемедыцыны, працягнуць працаваць у плане інтэграцыі тых працэсаў, якія дыктуе новы інфармацыйны век".
Я стаўлю сваёй мэтай, і ў выпадку любога рашэння па дадзенай крымінальнай справе я не пазбаўлю сябе шляху да гэтай мэты <...> патрачу ўсе свае сілы і рашучасць на тое, каб наша цывілізацыя паспяхова дасягнула прагрэсу ў маральным, тэхналагічным і інтэлектуальным развіцці".
У выніку, 15 лістапада суддзя Алена Ананіч прызначыла Уладзіславу Марціновічу менавіта такое пакаранне, якое прасіў пракурор: чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.