viasna on patreon

"Ці з'яўляецца стварэнне і вядзенне канала злачынствам?" За адміністраванне тг-канала "Белыя халаты" судзяць студэнта Дапоўнена

2021 2021-07-15T17:20:00+0300 2021-07-15T17:52:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/martinovic_ulad-mini.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе сёння пачаўся суд над 21-гадовым палітзняволеным студэнтам 4-га курса Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Уладзіславам Марціновічам, якога абвінавачваюць у адміністраванні telegram-канала «Белыя халаты». Яму інкрымінуюць ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса – заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, хаця адразу супраць яго ўзбудзілі крымінальну справу па арт. 342 КК. Уладзіслаў на судзе віну не прызнае. Студэнта затрымалі 19 лістапада – у той дзень таксама затрымалі журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна, якіх асудзілі ў далейшым за выдаванне медыцынскіх дакументаў забітага жыхара "Плошчы пераменаў" Рамана Бандарэнкі. Справу разглядае суддзя Алена Ананіч, дзяржабвінавачанне падтрымлівае Аляксандр Рамановіч.

Уладзіслаў Марціновіч. Фота з сацсетак
Уладзіслаў Марціновіч. Фота з сацсетак

"Заклікаў медыкаў да звальнення, няякаснага аказання медыцынскай дапамогі і ўдзелу ў пратэстах і забастоўках". У чым абвінавачваюць палітвязня?

Паводле версіі абвінавачвання, Уладзіслаў Марціновіч з 9 жніўня да 18 лістапада "стварыў тэлеграм-канал "Белыя халаты"". Студэнт "неаднаразова распаўсюджваў розныя матэрыялы на кіраваным ім Telegram-канале6 выкарыстоўваючы метады, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, штучнае нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, распаўсюджванне ідэалогіі экстрэмізму, а таксама паслабленне ў грамадстве пачуцця патрыятызму".

Згодна з матэрыяламі справы, у Telegram-канале зафіксаваныя неаднаразовыя факты заклікаў да масавага звальнення медработнікаў, няякаснага аказання медыцынскай дапамогі і ўдзелу ў пратэстах і забастоўках. Акрамя гэтага выяўлены публікацыі аб падтрымцы праводзімых незаконных масавых мерапрыемстваў медработнікамі, спосабах процідзеяння дзеючай улады, а таксама паведамленні, якія дыскрэдытуюць супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

"Мэтай рэсурсу з'яўляецца ўздзеянне на свядомасць і волю работнікаў аховы здароўя і медыцыны Рэспублікі Беларусь, а таксама навучэнцаў і выкладчыкаў медыцынскіх установаў адукацыі краіны", – гаворыцца ў абвінавачванні.

Такім чынам, Марціновіч здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса – публічна заклікаў да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем глабальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт. Па гэтай норме прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад двух да сямі гадоў.

Палітвязень Уладзіслаў віну не прызнаў. На пытанне, ці зразумела яму абвінавачванне, ён адказаў, што не:

"Спачатку гаворыцца аб стварэнні канала, потым аб распаўсюдзе. Хацелася б ведаць, мне ставіцца ўсё гэта ў сукупнасці: і распаўсюджванне, і стварэнне, і публікацыя? Ці з'яўляецца стварэнне і вядзенне канала злачынствам? Ці сапраўды кожны пост змяшчае заклікі і шкоду?"

Што кажа на судзе палітвязень Уладзіслаў Марціновіч?

Марціновіч адразу заявіў, што "ў сваіх дзеяннях ён не знаходзіць ніводнага парушэння Крымінальнага кодэкса".

Допыт палітвязня, пракурор Рамановіч пачаў з пытанняў, ці прымаў ён удзел у выбарах, ці вядомыя яму вынікі выбараў, ці вядома яму, хто стаў прэзідэнтам і стаўленне яго да гэтага. Марціновіч адказаў, што вядома, хто стаў прэзідэнтам, але пра стаўленне да гэтага сказаў: "Цяжка адказаць".

Затым перайшлі да пытанняў аб тэлеграм-канале "Белыя халаты" і чаце "Медыкі і валанцёры". Уладзіслаў распавёў, што ў канцы жніўня ў адным чаце ён наткнуўся на публікацыю "Белых халатаў":

"Не памятаю публікацыю, прагартаў і падпісаўся. Там публікаваліся навіны па медыцыне, адукацыі, аналітыцы, даследаваннях. Я зацікавіўся і перыядычна чытаў".

Пракурор спытаў, якая публікацыя яго так зацікавіла і ці ўтрымоўваў канал заклікі да нечага.

"Была інфармацыя аб магчымасці рэгістрацыі на вебінары, лекцыі. Прайшоўшы кароткую рэгістрацыю, можна было праслухаць лекцыю.

Заклікаў да звальнення і заклікаў не было, калі я чытаў. Цяпер я разумею, што там нешта прысутнічае, але я не заўважаў".

Пракурор запытаў, адкуль яму вядома пра заклікі, на што студэнт адказаў, што з матэрыялаў справы. Уладзіслаў сказаў, што яму невядома, хто з'яўляўся адміністратарам канала.

У Марціновіча пыталіся пра тэлеграм-чат "Медыкі і валанцёры", у якім ён быў. Па словах Уладзіслава, ён з ім знаёмы з сярэдзіны кастрычніка:

"У 20-х чыслах верасня я атрымаў да яго [чату] доступ. У пачатку верасня ўбачыў публікацыю аб ініцыятыве грамадска-медыцынскага аб'яднання. Унізе быў паказаны акаунт для зваротнай сувязі. Мяне зацікавіла, я напісаў, са мной звязаўся адмін. Мне ўсё растлумачылі, хто пісаў дакладна не ведаю.

Праз некалькі дзён трапіў у чат, каля 30 удзельнікаў. Там абмяркоўвалі аказанне медыцынскай і прававой дапамогі, розныя адукацыйныя магчымасці.

Праз тыдзень дадаваліся новыя ўдзельнікі, канкрэтныя мэты: зрабіць спіс удзельнікаў, падрыхтаваць дакументацыю, статут. Усе задачы былі размеркаваны па ніках. Паўстала неабходнасць запоўніць спіс удзельнікаў з прозвішчамі, інфармацыяй пра сябе і подпісамі. У ходзе абмеркавання гэтая задача была прапанавана мне".

Па словах Марціновіча, планавалася зрабіць грамадскае аб'яднанне, і ён займаўся яго стварэннем: трэба было падрыхтаваць дакументацыю, статут.

Суддзю цікавіла, ці выкарыстоўваў Марціновіч праграмы для шыфравання. На гэта ён адказаў, што, калі былі праблемы з інтэрнэтам.

Таксама Уладзіслаў заявіў на працэсе, што ён нічога не адміністраваў у тэлеграме. Па яго словах, гэта ён казаў і супрацоўнікам міліцыі. Аднак пасля затрымання Марціновіча прэс-служба МУС апублікавала "пакаяльнае відэа", дзе ён прызнаецца, што ён нібыта з'яўляецца адміністратарам телеграм-канала "Белыя халаты". Аднак дакладна відаць, што відэа парэзана і зманціравана з словаў Уладзіслава.

Як затрымалі Уладзіслава?

Уладзіслава затрымалі 19 лістапада. На судзе распавёў, як гэта было:

"Выйшаў з пад'езду свайго дома па шляху да універсітэту. Дзверы тамбура заўсёды затуляюць, дзверы была адкрыта, калі выходзіў. Здзівіўся, але не надаў значэння. Калі выходзіў, бачыў некалькі мужчын. На выхадзе недалёка падышлі, заламалі рукі, не прадставіліся, павезлі. Сказалі " Затыкніся!", называлі не самым лепшым чынам, заштурхалі ў машыну. У адной руцэ быў тэлефон, у іншай – сумка з ноўтбукам".

У навіне прэс-службы МУС аб затрыманні Марціновіча 19 лістапада адзначылі, што "падчас затрымання гаспадар паспрабаваў разбіць свой тэлефон, каб заблакаваць доступ да акаўнта, з якога адміністраваў рэсурсы".

На судзе пракурор спытаў, рабілі ён нейкія дзеянні, каб разбіць тэлефон і ноўтбук. Уладзіслаў адказаў: "Не, я не мог рухаецца".

«Чула ад калег толькі ўхваляльныя і станоўчыя водгукі»

На судзе ў якасці сведкі дапыталі маму Уладзіслава Марціновіча. Пракурор запытваўся ў яе, ці з'яўляўся яе сын адміністратарам тг-канала. На пытанне, ці ведае яна канал "Белыя халаты", яна сказала, што так, бо сама працуе ў бальніцы, але "чула ад ад калегаў толькі ўхваляльныя і станоўчыя водгукі".

Мама Уладзіслава на судзе распавяла, што яе сын любіць рыбалку, вельмі хатні, пісаў навуковыя працы, атрымліваў прызавыя месцы па медыцыне:

"Улад вельмі сумленны і прыстойны і мэтанакіраваны, заўсёды імкнецца да ведаў. Заўсёды хацеў быць лекарам, у 11 класе не было роздумаў і сумневаў.

Гэта дзіця, якое рос у сям'і, дзе ніхто не падвышаў голас, Мы заўсёды праводзілі час разам, нават на машыне ехалі, каб быць разам".

Вывучэнне пісьмовых матэрыялаў справы

У справе студэнта пяць тамоў. У судзе зачытвалі паказанні Марціновіча, дадзеныя ім падчас следства.

На адным з допытаў Уладзіслаў казаў, што "пароль ад ноўтбука выпытвалі фізічна і маральна, а пасля атрымання доступу міліцыянты злаваліся, што пераблыталі і затрымалі не таго, хто ім патрэбны". 

Таксама высветлілася, што пры затрыманні студэнта ў яго выпаў тэлефон з рук і разбіўся.

Падчас працэсу высветлілася, што існаваў агульны телеграм-акаунт, якімі карысталіся некалькі чалавек. Адзін з іх – Уладзіслаў Марціновіч. Суддзя спытала ў яго, як так атрымалася, што апублікаваныя публікацыі і фота ў "Белых халатах" былі першапачаткова захаваны ў "выбраным" на старонцы абвінавачанага. Уладзіслаў сказаў, што ён проста захаваў, а кім і калі яны былі апублікаваныя, яму невядома.

У матэрыялах справы фігуруе памятка для пратэстуючага, скрін з "экстрэмісцкага" тэлеграм-канала, паведамленне аб блакаванні дарог, паведамленне аб запуску фейверка ў будынак. Таксама на судзе зачытвалі матэрыялы з "Белых халатаў": "Цярпенне лопнула і таму мы, медработнікі, аб'яўляем аб масавым звальненні...", пра італьянскую забастоўку для медыкаў, пра калектыўную дамову, пра прафсаюз, пра сяброўства. Многія матэрыялы вырваныя з кантэксту, недачытаныя, гучаць не так, як у арыгінале.

Уладзіслаў звярyнуўся да суддзі з тлумачэннямі, што "па гэтых матэрыялах нельга судзіць дзеянні, у якіх яго абвінавачваюць. Паміж ім і скрыншотамі няма ніякай сувязі". Адвакат звярнуў увагу, што на многіх публікацыях стаіць пазнака "зменена" і папрасіў суд параўноўваць, наколькі гэта праўдзівая і дакладная інфармацыя.

Суд працягнецца заўтра.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства