viasna on patreon

Мінчука асудзілі да двух гадоў калоніі за супраціў участковаму — той яго затрымліваў у дварах за навушнікі з "Пагоняй"

2022 2022-04-19T18:19:15+0300 2022-06-16T17:34:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/minsk_milic.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Савецкага раёна Мінска 4 лютага асудзіў да двух гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў) 50-гадовага мінчука Аляксандра Сакалоўскага. Інцыдэнт адбыўся яшчэ 30 кастрычніка мінулага года — тады ўчастковы ўбачыў увечары ў краме мужчыну ў навушніках з "Пагоняй". Міліцыянт вырашыў, што той незаконна пікетуе, і прыняў рашэнне яго затрымаць, нягледзячы на тое, што быў на выхадным і ў цывільнай форме. Сакалоўскі, калі да яго ў дварах падышоў участковы, падумаў, што на яго нападаюць, — адбылася тузаніна. Мужчыну ўсё ж такі затрымалі і арыштавалі на 15 сутак за незаконны пікет навушнікамі ў краме, а потым супраць яго распачалі крымінальную справу за супраціў участковаму. Справу разглядаў суддзя Сяргей Шаціла.

Ілюстратыўнае фота spring96.org
Ілюстратыўнае фота spring96.org

У чым абвінавацілі мінчука?

Паводле версіі абвінавачвання, Аляксандр Сакалоўскі 30 кастрычніка 2021 года, знаходзячыся ў грамадскім месцы ў Мінску, наўмысна аказаў супраціў, спалучаны з ужываннем гвалту, супрацоўніку органаў унутраных спраў — участковаму інспектару міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска, які выконваў свае службовыя абавязкі па ахове грамадскага парадку, пры наступных акалічнасцях.

Як сказана ў абвінавачванні, 30 кастрычніка 2021 года мужчына, знаходзячыся ў грамадскім месцы ў Мінску, быў заспеты пры здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага арт. 24.23 КаАП Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікам органаў унутраных спраў, выказваючыся грубай нецэнзурнай лаянкай, з мэтай перашкодзіць законнай дзейнасці супрацоўніка органаў унутраных спраў, звязанай са спыненнем правапарушэння і дастаўленнем яго ў аддзел міліцыі УУС адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска за здзяйсненне паказанага правапарушэння, у адказ на законныя патрабаванні ўчастковага спыніць супрацьпраўныя дзеянні і самастойна прайсці ў аддзел міліцыі для разгляду не рэагаваў, і з мэтай пазбегнуць затрымання і прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці за зробленае правапарушэнне спрабаваў уцячы з месца здзяйснення правапарушэння, вырываўся ад утрымання яго рукой супрацоўнікам органаў унутраных спраў, а таксама ўжыў гвалт у дачыненні да апошняга, які выявіўся ў нанясенні не меней за аднаго штуршку рукамі ў раён тулава пацярпелага, абмежаванні свабоды перамяшчэння з дапамогай гвалтоўнага ўтрымання сваімі рукамі за рукі, цела і адзенне пацярпелага, утрыманні і сцісканні сваімі рукамі рук пацярпелага, прыбіранні сваімі рукамі ад сябе рук участковага, у выніку чаго сваімі дзеяннямі наўмысна прычыніў пацярпеламу збіццё, фізічны боль і цялеснае пашкоджанне ў выглядзе ранкі левай кісці, якая адносіцца да катэгорыі цялесных пашкоджанняў, што не пацягнулі за сабой кароткачасовага разладу здароўя ці нязначнай устойлівай страты працаздольнасці, падчас чаго пашкодзіў маёмасць, што належыць пацярпеламу, на агульную суму 45 рублёў: вокладку ад пасведчання коштам 25 рублёў, абароннае шкло экрана мабільнага тэлефона Xiaomi Redmi 9A коштам 20 рублёў.

Сакалоўскі на судзе віну не прызнаў.

15 сутак за пікет навушнікамі

Сакалоўскага пасля затрымання асудзілі на 15 сутак арышту паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП за "пікетаванне шляхам размяшчэння на бесправодных навушніках, што належаць яму, налепкі з гербам "Пагоня" дзеля дэманстрацыі грамадзянам". Суд Савецкага раёна Мінска канфіскаваў навушнікі пасля вынясення адміністрацыйнай пастановы.

14 лістапада 2021 года Аляксандр мусіў выйсці на волю з ЦІП на Акрэсціна пасля 15-сутачнага арышту, але яго перазатрымалі ў межах крымінальнай справы.

"Падумаў, што напалі". Што расказаў абвінавачаны на судзе?

Аляксандр на судзе распавёў, што ўвечары 30 кастрычніка 2021 года пайшоў у краму па прадукты. У той час на ім былі надзетыя бесправодныя навушнікі, па баках якіх былі прылепленыя стыкеры ў выглядзе герба "Пагоня", якія ён набыў каля трох гадоў таму.

Калі ён выйшаў з крамы, то пачуў нецэнзурную лаянку, пасля якой адбыўся ўдар па галаве, ад чаго навушнікі зваліліся на зямлю. Ён павярнуўся і ўбачыў участковага (на той момант ён не ідэнтыфікаваў яго як такога). Аляксандр падумаў, што на яго напалі, таму ад перапуду ён нецэнзурна выказаўся ў адрас мужчыны, які нападаў.

Паводле Аляксандра, участковы яму не прадставіўся супрацоўнікам міліцыі, а калі паказаў сваё службовае пасведчанне, ён не разглядзеў яго, таму што ў двары было цёмна. Затым участковы схапіў Сакалоўскага за вопратку і пачаў цягнуць, у сувязі з чым іх рухі на запісу з камеры відэаназірання выглядаюць як штурханні. Ён тым часам намагаўся прыбраць руку пацярпелага са сваёй вопраткі.

Адчуўшы сябе дрэнна, ён папрасіў участковага прайсці да лаўкі, размешчанай каля пад'езда. Калі ён сядзеў на лаўцы, пацярпелы паказаў яму яшчэ раз сваё службовае пасведчанне, падсвяціўшы ліхтарыкам. Сакалоўскі быў упэўнены, што ён не здзяйсняў адміністрацыйнага правапарушэння, таму паспрабаваў пайсці, аднак участковы працягнуў утрымліваць яго рукой за вопратку ў раёне грудзей, а таксама цягнуць за сабой і штурхаць ад сябе, што на відэазапісах выглядае так, як быццам ён адштурхоўвае ад сябе ўчастковага. Але, як адзначае Сакалоўскі, ён толькі прыбіраў руку пацярпелага.

Аляксандр упэўнены ў тым, што не мог пашкодзіць вокладку службовага пасведчання супрацоўніку міліцыі і нанесці апошняму ранку на руцэ. Акрамя таго, у той час адна ягоная рука была занятая пакетам з прадуктамі. Прычыны, з якіх тэлефон участковага выпаў у таго з рукі, яму невядомыя, ён наўмысна тэлефон не пашкоджваў. Неўзабаве прыбылі супрацоўнікі міліцыі, якія яго разам з участковым даставілі ў РУУС, дзе супраць яго склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэнні паводле арт. 24.23 КаАП.

"Прайшоў за ім з крамы ў двары дамоў". Што казаў пацярпелы ўчастковы на судзе?

Як расказаў участковы УУС адміністрацыі Савецкага раёна Мінска, які працуе ў гэтай пасадзе з лістапада 2014 года, у яго быў выхадны дзень, у сувязі з чым ён быў апрануты ў грамадзянскую форму адзення. Увечары 30 кастрычніка ён таксама пайшоў у краму па пакупкі. Там ён убачыў абвінавачанага, на якім былі надзетыя бесправодныя навушнікі з налепкамі ў выглядзе герба "Пагоня". Ён вырашыў, што Сакалоўскі парушае парадак правядзення масавага мерапрыемства — пікетавання і тым самым здзяйсняе адміністрацыйнае правапарушэнне, прадугледжанае арт. 24.23 КаАП, ён прайшоў за ім з крамы ў двары дамоў, бо не хацеў прыцягваць увагу іншых грамадзян, ажыццяўляючы затрыманне апошняга ў краме.

Свае паводзіны ўчастковы на судзе растлумачыў патрабаваннямі Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў", паводле якога супрацоўнік міліцыі, незалежна ад таго, што ён знаходзіцца на выхадным дні, абавязаны прыняць меры па спыненні правапарушэння.

Згодна са словамі супрацоўніка, ён крычаў Сакалоўскаму: "Мужчына, спыніцеся!" і "Стойце, міліцыя!". Абвінавачаны павярнуўся, аднак ці чуў той ягоныя выкрыкі, ён не ведае, паколькі на ім былі навушнікі. Калі ён падышоў да Сакалоўскага, той зняў навушнікі, тады ён назваў свае прозвішча і званне, прадэманстраваў сваё службовае пасведчанне, дастаўшы яго з сумкі, а таксама паведаміў, што мужчына здзяйсняе правапарушэнне, прадугледжанае арт. 24.23 КаАП.

Паводле версіі ўчастковага, абвінавачаны на гэта адказаў яму нецэнзурнай лаянкай. Пасля гэтага ён запатрабаваў, каб Сакалоўскі прайшоў з ім у аддзел міліцыі. Нягледзячы на гэта, абвінавачаны пачаў сыходзіць, у сувязі з чым ён стаў утрымліваць апошняга рукой за вопратку і суправадзіў да бліжэйшага пад'езда, дзе асвятленне лепшае і ўсталяваныя камеры відэаназірання. Па дарозе ён таксама патэлефанаваў са свайго мабільнага тэлефона ў аператыўна-дзяжурную службу і паведаміў пра тое, што адбылося. Разам з тым, абвінавачаны працягнуў спробы сысці, а таксама прыбраць ягоную руку са сваёй вопраткі, выкручваючы ягоныя пальцы, і штурхнуў рукамі ў раён грудзей, ад чаго ў яго на зямлю ўпаў мабільны тэлефон Xiaomi Redmi 9A і пашкодзілася абароннае шкло экрана.

Калі Сакалоўскі прысеў на лаўку каля пад'езда, пацярпелы падняў свой мабільны тэлефон і, свецячы ліхтарыкам тэлефона, паўторна паказаў сваё службовае пасведчанне. Аднак абвінавачаны не спыняў свае спробы сысці, адштурхоўваў яго, утрымліваў рукамі за рукі, цела і вопратку, сціскаў ягоныя рукі, вырываўся ад утрымання яго рукой за вопратку. Пасля на ягонай левай руцэ, якой ён утрымліваў абвінавачанага за вопратку, утварылася ранка ў раёне вялікага пальца, пасля загойвання якой застаўся шнар, таксама ён адчуваў фізічны боль, калі Сакалоўскі выкручваў ягоныя пальцы. У гэтай жа руцэ ён трымаў сваё службовае пасведчанне, на вокладцы якога ад дзеянняў абвінавачанага ўтварыліся дзве драпіны.

У выніку дзеянняў абвінавачанага была пашкоджаная ягоная маёмасць, а менавіта: абароннае шкло экрана мабільнага тэлефона, кошт якога складае 20 рублёў, а таксама скураная вокладка службовага пасведчання, кошт якой — 25 рублёў.

"Са слоў участковага стала вядома, што Сакалоўскі аказаў непадпарадкаванне". Што казалі сведкі на судзе?

На працэсе ў якасці сведкі дапыталі супрацоўніка Савецкага раёна Мінска, які распавёў, што 30 кастрычніка яму патэлефанаваў участковы і паведаміў пра затрыманне ім абвінавачанага за "дэманстрацыю незарэгістраванай сімволікі і аказанне непадпарадкавання". Пасля тэлефанавання супрацоўнік накіраваў на месца патрульных. Са слоў участковага сведку стала вядома, што Сакалоўскі пры затрыманні аказаў непадпарадкаванне, падчас якога нанёс пацярпеламу пашкоджанне на руцэ. Іншыя акалічнасці яму невядомыя.

Што з пашкоджаннямі?

У матэрыялах справы ёсць даведка Рэспубліканскага шпіталя дэпартамента фінансаў і тылу МУС Рэспублікі Беларусь, паводле якой участковы звяртаўся па медыцынскую дапамогу і была зроблена апрацоўка ранкі.

Экспертыза вызначыла, што ў пацярпелага ўчастковага "выяўлена ранка на левай кісці, якая адносіцца да катэгорыі цялесных пашкоджанняў, што не пацягнулі за сабой кароткачасовага разладу здароўя ці нязначнай устойлівай страты працаздольнасці, нанесеная ў выніку як мінімум аднаго траўмуючага ўздзеяння цвёрдага тупога прадмета, магла паўстаць у тэрмін, паказаны самім пацярпелым і ў пастанове аб прызначэнні экспертызы. Утварэнне такога пашкоджання не выключаецца пры падзенні на плоскасці".

Чым скончылася справа?

"У судовым пасяджэнні дакладна выяўлена, што пацярпелы ажыццяўляў затрыманне абвінавачанага, які здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне. Такім чынам, пацярпелы ажыццяўляў спыненне адміністрацыйнага правапарушэння і забеспячэнне адміністрацыйнага працэсу", — прыйшоў да высновы суддзя Сяргей Шаціла.

Суд Савецкага раёна прызнаў Аляксандра Сакалоўскага вінаватым паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Акрамя гэтага, з яго пастаноўлена спагнаць на карысць участковага маёмасную шкоду ў суме 20 рублёў, а таксама кампенсацыю маральнай шкоды ў суме 1000 рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства