viasna on patreon

Чарнобыльскі шлях адбудзецца ў Вільні

2022 2022-04-19T17:17:43+0300 2022-04-19T17:23:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chsh_vilnia.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 красавіка, у 36-ю гадавіну аварыі на ЧАЭС, пройдзе Чарнобыльскі шлях у Вільні. Ініцыятарам гэтага традыцыйнага шэсця выступіў Экадом. У гэты ж дзень, толькі праз 10 гадоў, быў заснаваны і Праваабарончы цэнтр "Вясна".

Чарнобыльскі шлях — штогадовае шэсце 26 красавіка, прымеркаванае да гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС (ЧАЭС) у 1986 годзе. Упершыню яно прайшло ў 1989 годзе і неўзабаве, акрамя акцыі памяці ахвяр аварыі, абрасло палітычнымі і экалагічнымі сэнсамі. Сярод іх адмова ад будаўніцтва АЭС у Беларусі, пераход да ўстойлівай энергетыкі, пагрозы, якія працягвае ўтойваць у сабе рэжым без галоснасці і сумленнага інфармавання насельніцтва — як у выпадку з аварыяй на ЧАЭС.

Сёлета актуальнасць Шляху заўважная як ніколі, а экалагічны парадак дня пераплёўся з антываенным. Падчас вайны ва Украіне АЭС упершыню ў гісторыі зрабіліся месцам вядзення ваенных дзеянняў і таксама выкарыстоўваюцца як абароненыя ваенныя плацдармы для расійскага войска. Яно назапашвае там узбраенне і боепрыпасы, вядзе адтуль абстрэлы, а таксама разглядае іх як аб'екты для тэрарыстычнага выкарыстання. Расійскія войскі вывелі з ладу сістэмы радыяцыйнага маніторынгу на захопленых станцыях, некалькі разоў абясточылі ЧАЭС. Салдаты вялі актыўныя перасоўванні ваеннай тэхнікі і баявыя дзеянні каля АЭС, капалі акопы ў зоне адчужэння, уключаючы высока небяспечны руды лес, дзе былі зафіксаваныя пажары. Сістэма апавяшчэння МАГАТЭ аб стане ядзерных матэрыялаў на захопленых АЭС была адключана. Усё гэта стварае ўмовы для радыяцыйнай падзеі, што ў некалькі дзясяткаў разоў пераўзыходзіць паводле сваіх маштабаў Чарнобыль і Фукусіму. І гэта пагроза, з якой мы працягваем жыць.

— Урокі Чарнобыля-86 не вывучаныя, і ўрокі Чарнобыля-22 таксама, — каментуе Ірына Сухій, кіраўніца антыядзернага кірунку Экадома. — Пра гэта кажуць намеры асобных краін узмацніць мясцовую здабычу ўрану, будаваць новыя АЭС, прадстаўляючы іх як кліматычна "зялёнае" рашэнне, а таксама абзаводзіцца ўласнай ядзернай зброяй. Грамадскасць сутыкнулася з тым, што не мае эфектыўных механізмаў уплыву на сітуацыю. Нам застаецца толькі пасіўна назіраць і рабіцца ахвярамі любой з магчымых катастроф-вынікаў рашэнняў іншых людзей. Чарнобыльскі шлях у Вільні — гэта магчымасць прыцягнуць увагу да праблемы АЭС, якія заўсёды былі небяспечнымі аб'ектамі, а ва ўмовах вайны робяцца асабліва ўразлівымі.

Ірына адзначае, што Вільня знаходзіцца ў 50 км ад Астравецкай АЭС, і няма ніякай упэўненасці, што беларускі рэжым зможа забяспечыць радыяцыйную бяспеку гэтага аб'екта.

26 красавіка — гэта не толькі дзень гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, але і дзень заснавання Праваабарончага цэнтра "Вясна".

26 красавіка 1996 года падчас Чарнобыльскага шляху ўладамі быў разагнаны шматтысячны мітынг. Тады было затрымана больш за 200 чалавек, а грамадскія актывісты аб'ядналіся дзеля аказання дапамогі затрыманым і іх сем'ям. Так узнік Праваабарончы цэнтр "Вясна".

26 гадоў праваабаронцы "Вясны" абаранялі і працягваюць абараняць правы грамадзянаў і адстойваюць іх інтарэсы перад дзяржавай на нацыянальным і міжнародным узроўні. Беларускі рэжым усе гэтыя гады аказваў ціск на праваабарончы цэнтр, а цяпер вясноўцаў, як і 1000 іншых палітвязняў, пераследуюць за сваю прынцыповую пазіцыю і нязгоду з дзеяннямі ўладаў. А сямёра праваабаронцаў будуць сустракаць 26-годдзе "Вясны" за кратамі. Гэта старшыня Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова, кіраўнік Гомельскай філіі Леанід Судаленка і валанцёры Таццяна Ласіца і Андрэй Чапюк.

Тым, хто стаяў за правы дзесяткаў тысяч беларусаў, цяпер самім патрэбна падтрымка. Прыходзь і выкажы сваю салідарнасць з палітзняволенымі праваабаронцамі "Вясны"!

Збор і мітынг у 18:00 на Лукішскай плошчы ў Вільні, а з 19:00 адбудзецца шэсце да помніка "Маці Чарнобыля".

«Урокі Чарнобыля не вывучаныя!» 19-26 красавіка адбудзецца Чарнобыльскі тыдзень

19-26 красавіка Экадом ладзіць Чарнобыльскі тыдзень. Гэта серыя мерапрыемстваў, мэта якіх — расказаць пра наступствы аварыі на ЧАЭС, якія нікуды не зніклі, і прапанаваць альтэрнатыву ядзернаму шляху.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства