«Урокі Чарнобыля не вывучаныя!» 19-26 красавіка адбудзецца Чарнобыльскі тыдзень
19-26 красавіка Экадом ладзіць Чарнобыльскі тыдзень. Гэта серыя мерапрыемстваў, мэта якіх — расказаць пра наступствы аварыі на ЧАЭС, якія нікуды не зніклі, і прапанаваць альтэрнатыву ядзернаму шляху.
У святле апошніх падзей ядзернае пытанне зрабілася як ніколі актуальным. Баявыя дзеянні побач з атамнымі станцыямі ва Украіне, захопы АЭС, адключэнне сістэмы маніторынгу бяспекі на Чарнобыльскай атамнай станцыі, прывядзенне ў рэжым баявога дзяжурства расійскіх ядзерных сіл чарговы раз даказваюць: атам у руках чалавека мірным не бывае.
Мерапрыемствы Чарнобыльскага тыдня прысвечаны асэнсаванню, інфармаванню людзей і абмеркаванню нямірнага атама з самых розных бакоў, а таксама разважанням пра будучыню Беларусі ў кантэксце ўстойлівай энергетыкі. Большасць івэнтаў адбываюцца анлайн, каб даць магчымасць удзельнічаць беларусам (і не толькі), якія былі вымушаны з'ехаць са сваёй краіны.
Якія мерапрыемствы запланаваныя?
- 19 красавіка ў 16.00
Анлайн-дыскусія ў Press Club «І зноў Чарнобыль — новыя радыяцыйныя пагрозы і рызыкі. Што рабіць?»
Дзе: YouTube-канал «Press Club Belarus»
- 20 красавіка ў 19:00
Куратарская экскурсія ад Ксеніі Тырсікавай і адкрыццё анлайн-выставы SUNFLOWER (спасылка будзе дасяжная 20 красавіка, колькасць месцаў на экскурсію — 50).
- 21 красавіка ў 17:00
Анлайн-дыскусія «Чарнобыль-2022: як гэта адбылося і як павінны змяніцца падыходы да ядзернай бяспекі?»
Дзе: YouTube-канал Даследчага цэнтра Офіса Святланы Ціханоўскай (на англійскай мове).
Для прагляду на беларускай мове патрэбная рэгістрацыя ў zoom.
- 25 красавіка
Прэм'ера тэматычнага відэа на YouTube-канале Мікіты Моніча.
Дзе: YouTube-канал «Каля Культуры»
- 26 красавіка ў 13:00-15:00
Эфір на «Маланка Media» на тэму вэпанізацыі АЭС і энергетыкі будучыні ў Беларусі.
Дзе: YouTube-канал «Mаланка Media»
- 26 красавіка ў 18:00-20:30
«Чарнобыльскі шлях»
Чарнобыльскі шлях — штогадовае шэсце 26 красавіка, прымеркаванае да гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС (ЧАЭС) у 1986 годзе. Упершыню яно адбылося ў 1989 годзе і неўзабаве, акрамя акцыі памяці ахвяр аварыі, абрасло палітычнымі і экалагічнымі сэнсамі. Сярод іх адмова ад будаўніцтва АЭС у Беларусі, пераход да ўстойлівай энергетыкі, пагрозы, якія працягвае ўтойваць у сабе рэжым без галоснасці і сумленнага інфармавання насельніцтва — як у выпадку з аварыяй на ЧАЭС.
Дзе: Збор і мітынг на Лукішскай плошчы, Вільня. Фінальны пункт — помнік «Маці Чарнобыля».
- Любы дзень з 19 па 26 красавіка
Спартовая акцыя #шляхбезатама22
Прабяжы 2,6 км у падтрымку антыядзернага і антываеннага руху, апублікуй фота прабежкі ў сябе ў сацыяльных сетках з хэштэгам #шляхбезатама22.
- Што яшчэ могуць зрабіць беларус_кі свету ў падтрымку Чарнобыльскага тыдня?
Ідэі ад Экадома — ecohome.ngo/diaspory.
Далучайся да Чарнобыльскага тыдня-2022!