Хроніка палітычнага пераследу 12 красавіка Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 12 красавіка.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітзняволеную Вольгу Залатар этапавалі ў гомельскую калонію
Палітзняволеную маці пецярых дзяцей Вольгу Залатар 10 красавіка перавялі ў гомельскую жаночую калонію №4. У Мінгарсудзе 3 снежня Вользе прысудзілі чатыры гады калоніі. Яе прызналі вінаватай па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання), ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і навучанне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 16 ч. 1 арт. 342 (дапамаганне да арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Вольга не прызнала віну ні па ніводным артыкуле. 11 сакавіка Вярхоўны суд пакінуў прысуд у сіле.
Падтрымайце Вольгу: ПК №4, 246035, Гомель, Антошкіна, 3, Вольга Віктараўна Залатар (на лістах пазначайце «каранцін»)
Палітзняволенага Эдуарда Пальчыса перавялі ў наваполацкую калонію
Палітзняволенага палітычнага блогера Эдуарда Пальчыса перавялі ў наваполацкую ПК №1. У гэтай калоніі свае тэрміны адбываюць 58 палітвязняў.
Нагадаем, Пальчыса абвінавацілі па чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
• арт. 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненыя групай асоб, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў);
• арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
• арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
• арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
Падтрымайце Эдуарда: ПК №1. 211440, Наваполацк, Тэхнічная, 8, Эдуард Аляксандравіч Пальчыс.
У Мінску затрыманы крэатыўны дырэктар архітэктурнага бюро Канстанцін Высочын
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне мінчука Канстанціна Высочына з-за таго, што ён «вырашыў у сацсетках хайпануць па тэме ўкраінскіх падзей».
Пасля даследавання тэлефона мужчыны сілавікі распачалі крымінальную справу па арт. 342 — нібыта Высочын удзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе і перакрываў рух.
Двух сяброў затрымалі за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе
Праўладныя-тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне Івана Глебко і Аляксея Буркова — яны ўдзельнічалі ў адной з жнівеньскіх акцый пратэсту ў 2020 годзе.
Ім інкрымінаваны артыкул 342 КК — арганізацыя альбо актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.
У Маладзечне затрымалі музыку за «абразу ў сацсетках»
12 красавіка ў сябе дома пасля ператрусу быў затрыманы 30-гадовы музыка Аляксандр Казакевіч. Прычына затрымання — «абраза прадстаўніка ўлады ў сацсетках».
Раней Аляксандр граў у гурце «Канфлікт».
Інфармацыя дапаўняецца.