viasna on patreon

#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2022 2022-04-11T15:02:33+0300 2022-04-11T15:06:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/poster2_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны за мінулы тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

На сустрэчы прадстаўнікоў беларускіх праабарончых арганізацый з міністрам замежных спраў Францыі прагучала пытанне зняволеных "вясноўцаў".  Юрыст "Вясны" Павел Сапелка адзначыў, што ўзровень рэпрэсій і катаванняў, якія ўжываюцца ўладамі да мірных грамадзянаў, не змяншаецца, колькасць палітвязняў бесперапынна павялічваецца, а за кратамі дагэтуль застаюцца сем сябраў “Вясны”, у тым ліку кіраўнік арганізацыі Алесь Бяляцкі.

Беларускія праваабаронцы сустрэліся з міністрам замежных спраў Францыі

Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці сустрэліся з міністрам замежных спраў Францыі Жанам-Івам Ле Дрыанам.

25 красавіка пачнецца суд над Марфай Рабковай і Андрэем Чапюком

Судовы працэс над каардынатаркай Валанцёрскай службы "Вясны" Марфай Рабковай, валанцёрам Андрэем Чапюком і яшчэ 8 палітвязнямі пачнецца ў 10.30 гадзін 25 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе. Справу будзе разглядаць суддзя Сяргей Хрыпач

Нагадаем, Марфу Рабкову абвінавачваць па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса, ёй пагражае да 20 год зняволення. Андрэя Чапюка абвінавачваюць па двух артыкулах, яму пагражае да 8 год зняволення. 

Муж Марфы Вадзім Жаромскі распавёў Беларускай службе Польскага радыё, што вядома пра справу, у якім фізічным і эмацыйным стане знаходзіцца праваабаронца.

«Праблем са здароўем у Марфы шмат. Крышацца зубы, піша ў лістах, што стараецца есці максімальна асцярожна, каб цалка не разваліліся зубы, адпаведны і настрой. У яе павялічаныя лімфавузлы, у зняволенні некалькі разоў хварэла на кавід, відавочна ідуць запаленчыя працэсы, ад таго і лімфавузлы. Выявілі вадкасць у малым тазе, гэта таксама сведчыць пра запаленчыя працэсы. Са шчытавіднай залозай праблемы. Шмат праблем у яе са здароўем, але вылечыць гэта ўсё можна будзе толькі на свабодзе.

Адкрытым суд будзе 5-10 хвілін, затым працэс закрыюць, гэта 100%. Настройваем сябе на не вельмі добры вынік, ілюзій не маем».

Вядома, што Марфа Рабкова пачала атрымліваць лячэнне ў СІЗА-1, але часткова. Дзяўчыне зрабілі аналізы на гармоны, а таксама пачалі ўнутрывенна даваць антыбыётыкі.

Тым не менш, не прымаецца мер па даследаванню шчытападобнай залозы Марфы. Таксама ёй не даюць магчымасці прайсці лячэнне ў стаматолага ўжо 9 месяцаў. 

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, сумесны праект Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT) і Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), выступіла з адпаведнай заявай, у якой звярнула ўвагу на стан палітзняволенай Мафры Рабковай і зноў патрабавала ад беларускіх уладаў неадкладнага яе вызвалення. 

Абсерваторыя заклікае да тэрміновых мераў у сувязі з маючым адбыцца судом і пагаршэннем стану здароўя Марфы Рабковай

Абсерваторыя выказвае крайнюю занепакоенасць пагаршэннем стану здароўя Марфы Рабковай у турме і заклікае ўлады Беларусі неадкладна даць ёй доступ да адэкватнага і комплекснага медыцынскага лячэння.

За мінулы тыдзень не было ніякіх навінаў ад валанцёра Андрэя Чапюка

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

За мінулы тыдзень не было навінаў ад старшыні "Вясны" Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча і юрыста Уладзіміра Лабковіча, а таксама ад кіраўніка Гомельскага аддзялення "Вясны" Леаніда Судаленкі і валанцёркі Таццяны Ласіцы.

З пачаткам вайны ва Украіне значна пагоршылася перапіска з усімі палітычнымі вязнямі. Як правіла, лісты зняволеным даходзяць у асноўным ад блізкіх родных і таксама не ўсе. Але гэта не прычына спыняць ліставанне! 

Так, у нядзелю - 10 красавіка - неабыякавыя беларусы ў Вільні сабраліся для падпісання паштовак з віншаваннямі да Вялікдня для палітвязняў-вернікаў розных канфесій. Было падпісана больш за 100 паштовак, у тым ліку і да зняволеных "вясноўцаў". 

freedomletters_11.04.22.jpg

Дасылайце лісты падтрымкі Алесю, Валянціну і Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Падтрымайце Леаніда:

ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Напішыце словы салідарнасці Таццяне:

ПК-4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Таццяне Леанідаўне Ласіцы

Як падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам.

Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства