Беларускія праваабаронцы сустрэліся з міністрам замежных спраў Францыі
Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці сустрэліся з міністрам замежных спраў Францыі Жанам-Івам Ле Дрыанам.
У мерапрыемстве бралі ўдзел юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка, старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, прадстаўніца Беларускага Дома правоў чалавека Марыя Ландо і дырэктар праектаў фонда Freedom House Віціс Юрконіс. Яны распавялі французскаму палітыку пра актуальную сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, пра стан грамадства, адносіны да вайны ва Украіне. Падрабязна была абмеркаваная тэма сітуацыі ў незалежнай медыясферы Беларусі і ў праваабарончай сферы.
Павел Сапелка адзначыў, што ўзровень рэпрэсій і катаванняў, якія ўжываюцца ўладамі да мірных грамадзянаў, не змяншаецца, колькасць палітвязняў бесперапынна павялічваецца, а за кратамі дагэтуль застаюцца сем сябраў “Вясны”, у тым ліку кіраўнік арганізацыі Алесь Бяляцкі.
Прадстаўнік "Вясны" таксама звярнуў увагу на неабходнасць усебаковай падтрымкі інструментаў ААН па сітуацыі ў Беларусі і IAPB - міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці, а таксама падкрэсліў, што цяперашняя сустрэча стала важным сігналам для дэмакратычных сіл і праваабарончай супольнасці аб захаванні на высокім узроўні ўвагі да беларускай тэматыкі і тэмы правоў чалавека.
Кіраўнік БАЖ Андрэй Бастунец распавёў, у якіх умовах цяпер працуюць беларускія незалежныя медыя — і тыя, хто застаецца ў Беларусі, і хто быў вымушаны вывезці рэдакцыі з краіны. Агулам пад крымінальны пераслед цягам апошніх двух год трапілі каля 60 журналістаў і супрацоўнікаў медыя.
Андрэй Бастунец, сярод іншых, згадаў і пра праваабаронцу Леаніда Судаленку, які ў 2018 годзе атрымаў прэмію Французскай Рэспублікі “Свабода-Роўнасць-Братэрства” за вялікі ўнёсак у абарону правоў чалавека. Гэта быў першы выпадак уганаравання беларуса за праваабарончую дзейнасць прэстыжнай французкай узнагародай. Беларускімі ўладамі Леанід Судаленка за сваю праваабарончую дзейнасць быў пакараны трыма гадамі пазбаўлення волі.