viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу ад 11 красавіка Дапоўнена

2022 2022-04-11T17:20:00+0300 2022-04-12T08:58:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kuchynski_92.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 11 красавіка.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мастах затрыманы Андрэй Бандарчык. Прычыны затрымання пакуль невядомыя.


Палітзняволенай шматдзетнай маці з Пружанаў хочуць прад’явіць яшчэ некалькі абвінавачванняў

Ігар і Юлія Лаптановічы
Ігар і Юлія Лаптановічы

Палітзняволенай Юліі Лаптановіч, якая ўтрымліваецца пад вартай за «незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных» (ч. 3 арт. 203-1 КК) і «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК), хочуць прад’явіць яшчэ некалькі абвінавачванняў па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса. Брэсцкая «Вясна» называе наступныя артыкулы Крымінальнага кодэкса:

  • арт. 188 (паклёп);
  • арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады);
  • арт. 389 (пагроза ў дачыненні да суддзі);
  • ч. 1 арт. 366 (дзве пагрозы гвалтам у дачыненні да службовай асобы).

Нагадаем, што муж Юліі Ігар таксама палітзняволены. Ён утрымліваецца за кратамі ўжо больш за год, з сакавіка 2021 года. І Юлія, і ейны муж ужо атрымалі прысуды па "справе карагодаў". Але жанчыну будуць судзіць яшчэ раз.


КДБ прызнаў "экстрэмісцкім фарміраваннем" Беларускі незалежны прафсаюз РЭП.


Палітзняволенага журналіста Сяргея Гардзіевіча пазбаўляюць лістоў з волі 

Сяргей Гардзіевіч. Фота: Першы Рэгіён
Сяргей Гардзіевіч. Фота: Першы Рэгіён

Як паведамляе БАЖ, драгічынскі карэспандэнт інтэрнэт-сайта “Першы Рэгіён” Сяргей Гардзіевіч, які цяпер адбывае прысуд у шклоўскай папраўчай калоніі № 17, вымушаны быў напісаць адмову ад атрымання карэспандэнцыі не ад сваякоў.

Жонка журналіста Святлана Гардзіевіч кажа, што лісты да мужа і раней даходзілі нерэгулярна, а зараз увогуле няма сэнсу пісаць. Пра гэта Сяргей Гардзіевіч распавёў, калі атрымаў дазвол паразмаўляць з жонкай па тэлефоне.

“Мы размаўлялі па відэасувязі, таму я бачыла яго стан. Казаў, што некаторы час знаходзіўся ў ШІЗА, яго пазбавілі спаткання, а таксама паменшылі магчымасці дла “атаваркі”: калі раней мог нешта купіць на шэсць базавых велічынь, дык зараз толькі на дзве”, — распавяла Святлана Гардзіевіч.

Паводле яе словаў, гэтыя абмежаванні з’явіліся пасля таго, Гардзіевіча зрабілі парушальнікам рэжыму ва ўмовах зняволення. Дарэчы, у шклоўскай калоніі Сяргей Гардзіевіч працуе па сваёй першай спецыяльнасці — рамантуе рухавікі.

Што да стану здароўя, то жонка журналіста заўважае, што раней ён быў моцна схуднеў, але цяпер вага стабілізавалася, і Сяргей пачаў нават крыху папраўляцца.

“Пачалі знікаць чорыя кругі пад вачыма, і сам ён кажа, што адчувае сябе нармальна”, — дадае спадарыня Святлана.

Яна таксама адзначыла, што мужу пералічылі тэрмін пакарання, паколькі да суда ён некаторы час утрымліваўся пад хатнім арыштам, а пасля ў СІЗА.

“Хатні арышт палічылі за два месяцы зняволення, а знаходжанне ў СІЗА —  дзень за паўтара. У выніку атрымліваецца, што пасля прысуду Сяргей правядзе ў калоніі 1 год і 3 месяцы і мусіць выйсці на волю сёлета 27 кастрычніка”,  — кажа Святлана Гардзіевіч.

Адрас для лістоў: ПК №17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8


Новыя «экстрэмісцкія матэрыялы»

У Рэспубліканскі спіс экстрэміскіх матэрыялаў патрапіў акаўнт у Instagram «bel.anark.waw» — «Група беларускіх анархіста_к, якія вымушаныя бегчы ў Варшаву». На дадзены момант там 420 падпісчыкаў.

Таксама ў Спіс патрапілі група «Укантакце» «Ганцевичи». Такое рашэнне прыняў суд Ганцэвіцкага раёна 1 красавіка.

Суд Асіповіцкага раёна 4 красавіка прызнаў экстрэмісцкімі акаўнт у «Аднакласніках» «ОсиповичиОнлайн», групы «Укантакце» «OnLine Осиповичи» і «Байк Фест "Осиповичи"».


Жыхара Маладзечна з апошняй стадыяй рака 2,5 месяцы трымаюць за кратамі за каментары ў інтэрнэце 

Павел Кучынскі
Павел Кучынскі

Праваабаронцам "Вясны" стала вядома, пра затрыманне 26 студзеня Паўла Кучынскага. Ён мае інваліднасць другой групы, у яго чацвёртая стадыя рака. Папярэдне, Паўла абвінавачваюць у абразе двух суддзяў, Лукашэнкі, супрацоўніка РАУС, а таксама ў пагрозе суддзі і Лукашэнку.

Спачатку родным казалі, што Павел затрыманы на трое сутак, а пасля высветлілася, што яго будуць трымаць пад вартай да суда. Родныя ездзілі у Бараўляны за паперамі, што яму неабходна лячэнне, пастаянныя абследаванні і яго нельга трымаць у такіх умовах, пісалі ў пракуратуру і Адміністрацыю Лукашэнкі — але нічога не дапамагло.

Сваякам удалося дабіцца, каб Кучынскага звазілі ў Бараўляны на абследаванні, па выніках якога бачна, што стан здароўя Паўла пагоршыўся, пачаўся запаленчы працэс. Калі маці прывезла вынікі абследавання следачай з просьбай аказаць дапамогу, тая сказала, што ён нібыта не скардзіцца ды што родныя «гэтымі дзеяннямі затрымліваюць працэс».


Паліну Шарэнду-Панасюк перавялі ў СІЗА-3

Паліна Шарэнда-Панасюк

У гомельскай калоніі 7 красавіка асудзілі палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк па ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суд прызначыў ёй у дадатак да двух гадоў зняволення яшчэ адзін год у калоніі.

Андрэй Шарэнда ў фэйсбуку паведаміў, што Паліну перавялі ў гомельскі СІЗА-3 да разгляду апеляцыйнай скаргі, а потым этапуюць у «крытую» турму. Да гэтага часу кожны чалавек можа падтрымаць яе грашовым пераводам, бо пасля этапу ў калонію гэта змогуць рабіць толькі сваякі.

Падтрымайце Паліну: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А


Стала вядома пра пераслед шклоўскага актывіста Станіслава Брыкіна

Яшчэ ў лютым да яго прыйшлі сілавікі і правялі ператрус. На дадзены момант Станіслаў праходзіць па крымінальнай справе, але невядома ў якім статусе.

Брыкін працаваў у «Белтэлекаме», з 14 жніўня 2020 года знаходзіцца ў забастоўцы.


Жыхара Ліды затрымалі за падпіску на «дэструктыўныя Telegram-каналы»

Як паведамляе тэлеграм-канал @nebovkletku, на «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што яго затрымалі за падпіску за «дэструктыўныя Telegram-каналы», дзе ён распаўсюджваў экстрэмісцкую інфармацыю, і спробу «запалохаць міліцыянераў».

Мяркуючы па інфармацыі з праўладных каналаў, яму інкрымінуюць абразу службовай асобы (арт. 369 КК) і абразу прэзідэнта (арт. 368 КК).

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства