У Гродне суд над палітзняволенай грамадзянкай Расіі Сафіяй Сапега праходзіць ў закрытым рэжыме Дапоўнена
Гродзенскі абласны суд 28 сакавіка пачынае разгляд крымінальнай справы грамадзянкі Расіі і палітзняволенай Сафіі Сапега, якую абвінавачваюць адразу паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Справу разглядае суддзя Віктар Сенько, прадстаўнік дзяржабвінавачання - пракурор Наталля Сокалава.
Сафія Сапега — студэнтка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, грамадзянка Расійскай Федэрацыі.
23 траўня Сафія вярталася з адпачынку ў Грэцыі разам з блогерам Раманам Пратасевічам. Самалёт авіякампаніі Ryanair, у якім яны ляцелі, прымусілі зрабіць пасадку ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск". Там Сафію і Рамана затрымалі.
Сафію Сапега ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, а 24 чэрвеня перавялі на хатні арышт. У верасні стала вядома, што ёй працягнулі арышт да 25 снежня.
20 снежня 2021 стала вядома, што Сафіі выставілі канчатковае абвінавачванне паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці ў складзе групы асоб); ч. 4 арт. 16 і 364 (арганізацыя гвалту і пагроз у дачыненні да міліцыянтаў); ч. 4 арт. 16 і 365 (пагрозы, паклёп ці распаўсюд звестак пра міліцыянтаў); ч. 4 арт. 16 і 366 (арганізацыя гвалту і пагроз у дачыненні да службовых асоб); ч. 4 арт. 16 і 389 (арганізацыя пагрозы забойствам ці гвалту ў дачыненні да суддзяў); ч. 4 арт. 16 і 198 (перашкода дзейнасці журналістаў з пагрозай ужывання гвалту); ч. 1 і 2 арт. 203-1 (наўмысны збор інфармацыі і персанальных звестак іншай асобы).
У канцы снежня 2021 года справа Сафіі накіраваная ў суд. Расследаванне яе справы праводзілася ў Мінску, але справа перададзеная на разгляд у Гродна, магчыма, таму, што Сапега прапісаная ў горадзе Ліда Гродзенскай вобласці.
Па версіі следства, расіянка "сумесна з іншымі асобамі, у тым ліку замежнымі грамадзянамі", адміністравала неназваныя телеграм-каналы. "Іх дзейнасць была накіраваная на дыскрэдытацыю дзейнай улады Беларусі і яе праваахоўнага блока, распальванне сацыяльнай варожасці, варожасці, а таксама арганізацыю злачынстваў у дачыненні да асобных катэгорый грамадзян", - пазначае ведамства.
Усяго ў тэлеграм-канал размясцілі персанальныя дадзеныя не менш 238 чалавек, сярод якіх сілавікі, пракурорскія работнікі, суддзі і дзяржслужачыя. Як пісала Генпракуратура, пасля публікацыі ў адрас пацярпелых пачалі паступаць пагрозы.
Пракуратура сцвярджала, што Сапега выканала абавязальніцтвы, прадугледжаныя заключанай з ёй дамовай аб супрацоўніцтве, і прыняла меры аб уплаце даходаў, атрыманых злачынным шляхам. Таксама дзяўчына напісала прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.
Соф'ю Сапегу будуць судзіць у закрытым рэжыме, піша РІА "Новости". Карэспандэнтка "Мінскай праўды" Дыяна Шыбкоўская напісала, што Сапега падтрымала хадайніцтва, «бо ў ходзе суда могуць быць агучаныя персанальныя дадзеныя афіцыйных асоб».
Дапаўняецца.