Двух адміністратараў тэлеграм-канала «Петрыкаў 97%» асудзілі да трох і пяці гадоў калоніі
У Гомельскім абласным судзе 25 сакавіка разглядзелі крымінальныя справы супраць двух адміністратараў тэлеграм-канала «Петрыкаў 97%». 42-гадовага жыхара Петрыкава Віктара Бедрыя i 25-гадовага майстра з Петрыкава Яўгена Клiмава прызналі вінаватымі ў кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем — тэлеграм-каналам «Петрыкаў 97%» (ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса). Акрамя гэтага, Яўгена прызналі вінаватым у распальванні сацыяльнай варожасці за рэпост паведамлення пра АМАП з тэлеграм-канала «Nexta». Суддзя Руслан Царук асудзіў Віктара і Яўгена да трох і пяці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму адпаведна. У СІЗА да суда Клімаў утрымліваўся тры месяцы, а Бедрыя ўзялі пад варту ў залі суда. Дзяржабвінавачванне падтрымлівала пракурорка Юлія Канапелькіна.
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», Віктар Бедрый 12 жніўня 2020 атрымаў запрашэнне ў тэлеграм-канал "Петрыкаў 97%". У канале абмяркоўваліся пытанні выбараў, месца і час правядзення мірных мітынгаў для нязгодных з вынікамі падліку галасоў на выбарах і іншыя пытанні.
17 жніўня ўладальнік канала размясціў аб'яву аб тым, што патрабуецца адміністратар канала. Віктар, маючы вольны час і жаданне дапамагчы, адгукнуўся. Пазней яму прыйшло апавяшчэнне, што ён — адміністратар і ў яго абавязкі ўваходзіць выдаленне паведамленняў, якія распальваюць канфлікты і варожасць, а таксама, якія ўтрымоўвалі ў сабе нецэнзурную лексіку.
Разам з ім канал адміністрыраваў яшчэ адзін чалавек, які акрамя выдалення паведамленняў, мог выдаляць і ўдзельнікаў чата. Віктар праз пару тыдняў зразумеў, што другі адміністратар спраўляецца з выдаленнем адзін, таму ў чат заходзіў рэдка проста як чытач.
9 чэрвеня 2021 года суд Чыгуначанага раёна Гомеля прызнаў тэлеграм-канал "Петрыкаў 97%" экстрэмісцкім.
У ліпені 2021 года да Віктара дадому прыехалі супрацоўнікі КДБ і міліцыі. У выніку ператрусу ў яго вынялі тэлефон і выклікалі на допыт, паведаміўшы мужчыне, што тэлеграм-канал "Петрыкаў 97%", дзе ён лічыўся адміністратарам, з'яўляецца экстрэмісцкім.
Толькі 9 лістапада 2021 году па рашэнні МУС група грамадзян, аб’яднаная тэлеграм-каналам «Петрыкаў 97%», была прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем. На дадзены момант такога канала не існуе.
У дзень прызнання канала экстрэмісцкім фармаваннем на трое сутк быў затрыманы Яўген Клімаў, але пад варту да суда яго ўзялі 30 снежня.
Віктара Бедрыя затрымлівалі на трое сумак з 22 па 25 снежня 2021 году і адпусцiлi пад паручальніцтва. Яўген і Віктар не былі знаёмыя да затрымання.
Віктар на судзе прызнаў віну часткова. Ён пагадзіўся з тым, што быў мадэратарам канала пасля яго стварэння і калі ён не быў прызнаны экстрэмісцкім. Мужчына не прызнаў кіраўніцтва каналам.
25-гадовага Яўгена Клімава таксама абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці за рэпост паведамлення пра АМАП з тэлеграм-канала «Nexta».
У выніку, судзя Руслан Царук 25 сакавіка прызнаў Віктара Бедрыя вінаватым па ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса ў кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем і асудзіў да трох гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Віктара ўзялі пад варту ў залі суда.
Яўгена Клімава асудзілі па ч. 1 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці) і ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем) да пяці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
«Вясна» збірае інфармацыю з «палітычных» судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS, @spring96info і Email: viasna@spring96.org |