viasna on patreon

Заява беларускіх праваабаронцаў аб прызнанні шасці новых палітвязняў

2022 2022-03-25T18:05:54+0300 2022-03-25T18:15:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kajdanki-kraty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

25 сакавіка 2022 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем павелічэнне ліку следчых і судовых рашэнняў, прынятых па палітычна матываваных крымінальных справах з парушэннем асноўных працэсуальных правоў абвінавачаных, якія пры адсутнасці незалежнага, непрадузятага, аб'ектыўнага судовага разгляду надаюць расследаванню і асуджэнню рысы адвольнага. Меры стрымання і прызначаныя крымінальныя пакаранні паводле гэтых спраў выходзяць за межы тых, што звычайна ўжываюцца пры адсутнасці палітычнага матыву, і з'яўляюцца празмерна строгімі, не адпаведнымі ступені грамадскай небяспекі зробленаму і асобе асуджаных.

Так, 4 жніўня 2020 года быў затрыманы адзін з кіраўнікоў ініцыятывы "Честные люди" Ілля Шапаткоўскі. Паводле звестак, затрыманне было звязанае з расследаваннем справы "Белгазпрамбанка". Аднак, згодна з наяўнай інфармацыяй, цяпер ён утрымліваецца пад вартай і абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага  арт. 357 КК (Змова ці іншыя дзеянні, зробленыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады). Тым часам, І. Шапаткоўскі да затрымання вёў адкрытую актыўную легітымную палітычную дзейнасць: браў актыўны ўдзел у працы выбарчага штаба В. Бабарыкі і ўзначальваў аддзел верыфікацыі подпісаў, а пасля адмовы ў рэгістрацыі В. Бабарыкі ў якасці кандыдата актыўна ўдзельнічаў у працы ініцыятывы "Честные люди", чыёй канчатковай мэтай была падтрымка празрыстых працэдур дэмакратычнага галасавання і падліку галасоў на выбарах.

Крымінальная адказнасць за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судом селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т.п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным. У прыватнасці:

Ігар Краўцоў асуджаны ў закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 130 КК за наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы паводле прыкметы іншай сацыяльнай прыналежнасці, паводле арт. 368 і 369 КК за абразу А. Лукашэнкі і службовай асобы праз публікацыю каментароў у сацыяльнай сетцы, і яму прызначана пакаранне ў выглядзе трох гадоў зняволення ў папраўчай калоніі.

Руслан Садоўнічы асуджаны паводле арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады, паводле ч. 1 арт.130 КК за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і паводле ч. 1 арт. 366 КК за пагрозу ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі — следчага СК, да трох гадоў і 6 месяцаў зняволення ў папраўчай калоніі.

Каментары такога кшталту, як размешчаныя абвінавачанымі, не з'яўляюцца непасрэдным заклікам да здзяйснення гвалтоўных дзеянняў, а з'яўляюцца элементам дыскусіі. У сувязі з гэтым неабходна нагадаць, што любыя дапушчальныя абмежаванні, якія накладаюцца на асноўныя правы і свабоды, павінны быць "неабходныя ў дэмакратычным грамадстве". З гэтай прычыны абмежаванні павінны быць неабходнымі і прапарцыйнымі ва ўмовах грамадства, заснаванага на дэмакратыі, вяршэнстве права, палітычным плюралізме і правах чалавека. Яны павінны таксама найменш абмяжоўваць з ліку тых мер, якія маглі б забяспечыць адпаведную ахоўную функцыю. У іншым разе ўмяшанне дзяржавы, у тым ліку ў форме крымінальнага пераследу за парушэнне нацыянальнага закона, будзе азначаць парушэнне правоў чалавека.

Сяргей Ляхновіч узяты пад варту паводле арт. 350 ч. 2 (мадыфікацыя камп'ютарнай інфармацыі) і арт. 130 ч. 1 КК за дапамогу (прадастаўленне магчымасцяў свайго персанальнага камп'ютара) у ажыццяўленні кібератакі на сайт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ў адказ на рэпрэсіі ў дачыненні да студэнтаў.

Уладзімір Кашко асуджаны і пачаў адбываць пакаранне ў выглядзе трох месяцаў арышту паводле арт. 203-1 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальныя дадзеныя) за перадачу Telegram-каналу персанальных звестак 27 супрацоўнікаў МУС.

Алег Ермакоў узяты пад варту паводле абвінавачвання ў перадачы звестак супрацоўнікаў праваахоўных органаў пратэсным інфармацыйным рэсурсам.

У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў супрацьпраўнасць і сумнеўны характар дзеянняў абвінавачаных былі наступствам адсутнасці магчымасці вольнага выказвання меркавання, былі выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у адносінах да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў спыніць беззаконне.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.

Ужыванне ўнутранага заканадаўства ў пералічаных справах, ацэнка фактаў і доказаў у той ці іншай ступені насілі адвольны характар і склалі відавочныя памылкі, чым суд парушыў свой абавязак у адносінах да незалежнасці і бесстароннасці, а прызначэнне дэманстратыўна суровых пакаранняў істотна пагоршыла становішча абвінавачаных у параўнанні з іншымі асуджанымі ў падобнай сітуацыі без палітычнага матыву.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  1. пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  2. пазбаўленне волі было заснавана на фальсіфікацыі доказаў выстаўленага правапарушэння або пры адсутнасці падзеі або складу правапарушэння альбо яго здзяйснення іншай асобай;
  3. працягласць або ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйна (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім асоба падазраецца, абвінавачваецца альбо было прызнана вінаватай;
  4. асоба пазбаўлена волі выбіральна у параўнанні з іншымі асобам.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што пераслед Іллі Шапаткоўскага, Ігара Краўцова, Руслана Садоўнічага, Сяргея Ляхновіча, Уладзіміра Кашко, Алега Ермакова з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець прынятыя ў дачыненні да іх меры і судовыя рашэнні пры выкананні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства