Палітвязню Ціхану Осіпаву, асуджанаму да 11 гадоў калоніі, прызначылі яшчэ сем месяцаў зняволення
У будынку магілёўскай калоніі №15 25 сакавіка за некалькі гадзінаў разглядзелі крымінальную справу супраць палітзняволенага Ціхана Осіпава, асуджанага да 11 гадоў зняволення. Яго асудзілі па ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) да сямі месяцаў зняволення і змянілі рэжым з узмоцненага на строгі. Такі прысуд вынесла суддзя Кастрычніцкага раёна Магілёва Наталля Крашкіна. За кратамі палітвязень утрымліваецца больш за паўтара года.
На працэс не змаглі патрапіць ні жонка Ціхана, ні яго бацькі, таму пра падрабязнасці судовага пасяджэння нічога невядома, акрамя яго выніку.
У папраўчую калонію №15 палітвязня перавялі 15 жніўня 2021 года. За сем месяцаў у калоніі, яго ўжо двойчы каралі суткамі ў ШІЗА і два разы змяшчалі ў ПКТ. Апошні раз у памяшканне камернага тыпу яго адправілі на 4 месяцы, дзе ён павінен быў знаходзіцца да 14 красавіка. Акрамя гэтага, яго пазбавілі перадач і спатканняў, а заказныя лісты салідарнасці адміністрацыя калоніі наўпрост знішчае.
Нагадаем, палітзняволенага Ціхана Осіпава ў траўні асудзілі да 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за наезд на пяць вайскоўцаў падчас пратэстаў у жніўні мінулага года, удзел у масавых беспарадках, а таксама за ілжывы данос (пасля ДТЗ хлопец заехаў на машыне ў вадаём, пакінуў яе там і заявіў аб згоне). Пад вартай Ціхан утрымліваецца з 14 жніўня 2020 году.
Падтрымайце Ціхана: ПК №15, 213105, г. Магілёў, п / а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Ціхан Сяргеевіч Осіпаў
ШІЗА, пазбаўленне перадач і спатканняў, знішчэнне лістоў — як ціснуць у калоніі на асуджанага да 11 гадоў палітвязня Ціхана Осіпава