Па "справе карагодаў" да 1,5 года калоніі асудзілі палітзняволенага экс-следчага
У судзе Маскоўскага раёна Брэста 16 сакавіка суддзя Марына Скалковіч асудзіла яшчэ двух фігурантаў "справы карагодаў". Палітзняволенаму экс-следчаму Аляксандру Антанюку прызначылі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) адзін год і шэсць месяцаў калоніі, а Руслану Гачынскаму — два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову ("хатняй хіміі").
Нагадаем, 13 верасня 2020 года падчас акцыі пратэсту ў Брэсце людзі сабраліся на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава. Пратэстоўцаў разагналі вадамётам. Пасля гэтага была заведзеная крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) КК.
Як піша брэсцкая "Вясна", Аляксандр Антанюк да ліпеня 2020 года працаваў следчым — прычыны яго звальнення невядомыя. 2 лістапада 2021 яго затрымалі і змясцілі ў брэсцкае СІЗА. Да суда мужчына ўсё знаходзіўся пад вартай.
Руслана Гачынскага пачалі судзіць у лістападзе з дзясятай групай "карагоднікаў". Тады яго судзілі разам з жонкай Вольгай Гачынскай, але мужчына захварэў, таму справу супраць мужчыны вынеслі ў асобную вытворчасць. Вольга жа асудзілі да двух гадоў "хатняй хіміі".
Гачынскі на судзе сваю віну прызнаў цалкам. Экс-следчы Антанюк ж віну не прызнаў.
Паводле версіі абвінавачвання, на кадрах мужчына ў акулярах і масцы быў абвінавачаным Антанюком. Пракурорка на судзе прадаставіла заключэнне судова-партрэтную экспертызу кадраў і фота, зробленых 13 верасня 2020 года на акцыі пратэсту. Аднак эксперты прыйшла да высновы, што толькі з верагоднасцю 16.5% можна сцвярджаць, што гэта быў Аляксандр Антанюк.
Таксама пракурорка на судзе далучыла да матэрыялаў справы дадзеныя мабільнага аператара, паводле якіх "13.09.2020 да 15: 30 тэлефон Антанюка рухаўся ў тых жа раёнах, што і калона пратэстоўцаў". А з 15:30 да 18:00 тэлефон Антанюка быў выключаны. Але як заўважылі брэсцкія праваабаронцы, перакрыццё дарогі пратэстоўцамі было ў прамежку з 16:40 да 17:35, а ў 15:30 пратэстоўцы яшчэ толькі збіраліся каля помніка 1000-годдзю.
Дзяржабвінаваўца запрасіла для Антанюка пакаранне — 1 год 6 месяцаў калоніі, а для Гачынскага — два гады "хатняй хіміі". Менавіта такое пакаранне і прызначыла суддзя Марына Скалковіч.
Па "карагоднай справе" ўжо асуджана 116 чалавек. Агулам ім прысудзілі: 97 гадоў "хатняй хіміі", 84,5 года "хіміі", 13 гадоў і 8 месяцаў калоніі. Пракуратура паведамляе, што крымінальная справа яшчэ супраць шасці фігурантаў "справы карагодаў" накіравана ў суд.